Маім снам жахліва перашкаджаў Анёл Надзвычайнасцяў. Мне здавалася, што ён стаіць ля ложка, рассоўвае занавескі і найагіднейшым замагільным голасам бочкі для рому пагражае мне самай страшнай помстай за маё кепскае да яго стаўленне. Пасля доўгага рассусольвання ён зняў лейку, засунуў яе мне ў горла і так паіў мяне цэлым акіянам Kirschenwasser, які ліўся бясконцым струмянём з бутэлькі з доўгім рыльцам, што замяняла яму руку. Урэшце мая агонія стала невыноснай, і я прачнуўся акурат у час, каб заўважыць, што пацук сцягнуў запаленую свечку, але запозна, каб перашкодзіць яму збегчы са сваёй здабычай у дзірку. Вельмі хутка мой нос адчуў задушлівы пах, і я зразумеў, што дом гарыць. Праз некалькі хвілінаў полымя ўжо распаўсюджвалася са страшэннай сілай, і хутка ўвесь будынак быў ахоплены агнём. Усе выхады з майго пакоя, акрамя акна, былі адрэзаныя. Аднак неўзабаве сабраўся натоўп, і мне прынеслі доўгую лесвіцу. Спускаючыся па ёй, я ўжо быў паверыў у сваё выратаванне, калі вялізная свіння, чыё круглае пуза, і пыса, і ўвесь выгляд чымсьці нагадалі мне Анёла Надзвычайнасцяў, — свіння, якая да гэтага спакойна спала ў брудзе, раптам вырашыла, што трэба пачухаць левы бок, і не знайшла для гэтага нічога лепшага за маю лесвіцу. Праз імгненне я грымнуўся і, на сваё няшчасце, зламаў руку.
Гэты выпадак, разам са стратай страхоўкі і стратай больш сур'ёзнай — валасоў, якія гарам згарэлі ў полымі, настроіў мяне на сур'ёзны лад, і я вырашыў ажаніцца. Побач жыла адна багатая ўдава, якая пахавала сёмага мужа, і яе параненаму сэрцу я прапанаваў бальзам шлюбнай клятвы. Яна сарамліва паддалася маім благанням. Удзячны і захоплены, я ўкленчыў ля яе ног з пачуццём падзякі і захаплення. Яна пачырванела, і яе шыкоўныя валасы спляліся з маімі, часова пазычанымі ў Гранжана. Я так і не зразумеў, як здарыўся гэты канфуз. Я падняўся без парыка, свецячы лысінай, а ахопленую гневам і пагардай удаву напалову схавалі чужыя валасы. Так непрадказальны выпадак, які, аднак, быў вынікам цалкам звычайнага збегу абставінаў, загубіў мае надзеі на ўдаву.
Але я не паддаўся адчаю і пачаў аблогу менш непахіснага сэрца. Мне зноў некаторы час шанцавала, але потым чарговым разам умяшаўся звычайны выпадак. Сустрэўшы сваю каханую сярод гарадской élite [81
], я паспяшаўся павітацца з ёю сваім найлепшым паклонам, калі нейкае чужароднае цела трапіла мне ў вока, на момант цалкам асляпіўшы мяне. Калі да мяне вярнуўся зрок, я ўбачыў, што дама майго сэрца знікла, неймаверна абражаная наўмыснай, як ёй падалося, грубасцю з майго боку, якая выявілася ў тым, што я прайшоў міма не павітаўшыся. Пакуль я стаяў, здзіўлены неспадзяванкай (якая, аднак, магла здарыцца з любым чалавекам), нічога не бачачы, са мной павітаўся Анёл Надзвычайнасцяў, які прапанаваў мне дапамогу з ветлівасцю, на якую я не разлічваў. Ён умела і акуратна агледзеў маё вока і сказаў, што там нейкая драбяза і (чым бы яна ні была) дастаў яе, і мне стала лепей.Я вырашыў, што час мне памерці, бо лёс апантана пераследаваў мяне, і пайшоў да найбліжэйшай рэчкі. Там, раздзеўшыся (а чаму мы не можам памерці ў чым маці нарадзіла?), я кінуўся ў ваду. Адзінай сведкай майго ўчынку была самотная варона, якая акурат дзяўбла прапітанае брэндзі зерне, адстаўшы ад сваіх сябровак. Як толькі я апынуўся ў вадзе, птушцы раптам заманулася зляцець, прыхапіўшы самую неабходную дэталь майго гардэробу. Адклаўшы на некаторы час самагубства, я засунуў ногі ў рукавы паліто і пабег даганяць злачынку са спрытам, якога вымагала сітуацыя і наколькі дазвалялі абставіны. Але кон не пакідаў мяне. У той час, калі я бег як ветрам гнаны, утаропіўшыся ў неба і спрабуючы ўгледзець выкрадальніцу сваёй маёмасці, я раптам адчуў, што ногі больш не кранаюцца terra firma [82
]. Аказваецца, я паляцеў з абрыву і непазбежна разбіўся б, калі б, на шчасце, не схапіўся за канец вяроўкі, што звісала з паветранага шару, які пралятаў побач.Калі да мяне вярнулася здольнасць асэнсоўваць рэчаіснасць, я напружыў лёгкія і закрычаў да аэранаўта, каб звярнуць на сябе ўвагу. Але доўгі час мае высілкі не мелі плёну. Ці то ён, дурань, не мог, ці то, мярзотнік, не хацеў заўважаць мяне. Шар падымаўся ўсё вышэй, а сілы мае заканчваліся ўсё хутчэй. Я ўжо хацеў падпарадкавацца лёсу і пакорліва зваліцца ў мора, калі мой дух акрыяў ад гуку замагільнага голасу зверху, які ціхамірна напяваў, здаецца, нейкую арыю з оперы. Зірнуўшы ўверх, я ўбачыў Анёла Надзвычайнасцяў. Ён перагнуўся цераз край гандолы, склаўшы рукі на грудзях і няспешна зацягваючыся піпкай, цалкам задаволены сабой і сусветам. Я быў настолькі зняможаны, што нават не мог гаварыць, і толькі жаласна глядзеў на яго. Некалькі хвілінаў ён разглядаў мяне, нічога не кажучы. Нарэшце асцярожна перасунуў піпку справа налева і паблажліва сказаў:
— Хто фы такі і якога шорта там робіце?
На гэтае жорсткае і нахабнае пазёрства я змог выціснуць толькі: «Ратуйце!»
— Ратафаць? — адазваўся нягоднік. — Не-а. Фось фам бутэлька, частуйцеся і ідзіце к шорту!