Читаем Маска чырвонае смерці полностью

Калі ён паехаў, дырэктар правёў мяне ў маленькую, вельмі акуратную гасцёўню, у якой разам з іншымі праявамі вытанчанага густу я ўбачыў шмат кніг, малюнкаў, вазаў з кветкамі і музычных інструментаў. Яркі агонь весела палаў у каміне. За фартэп'яна сядзела маладая і вельмі прыгожая жанчына, якая спявала арыю Беліні, але змоўкла, калі я ўвайшоў, прывітаўшы мяне з ветлівай далікатнасцю. У яе быў ціхі голас, а ў паводзінах я заўважыў нейкую прыгнечанасць. Мне здалося таксама, што цень смутку ляжаў на яе твары, празмерна бледным, але ад гэтага не менш прывабным, як на мой густ. Яе жалобны строй абудзіў ува мне змяшанае пачуццё павагі, цікаўнасці і захаплення.

У Парыжы мне даводзілася чуць, што ва ўстанове мсьё Маяра дзейнічае так званая «сістэма палёгкі», што ўсе пакаранні скасаваныя, абмежаванні ўжываюцца вельмі рэдка, а пацыенты, за якімі таемна назіраюць, карыстаюцца ўяўнай свабодаю: многія з іх могуць гуляць па доме і садзе, апранутыя ў звычайнае адзенне, быццам ніякія не вар'яты.

Маючы ўсё гэта на ўвазе, я быў асцярожны, размаўляючы з маладою лэдзі, бо не быў упэўнены, што яна здаровая, да таго ж нейкі трывожны бляск у яе вачах амаль упэўніў мяне ў адваротным. Я ўважліва сачыў за сваімі словамі, гаворачы толькі на агульныя тэмы, якія не маглі раздражніць ці ўсхваляваць нават вар'ята. На ўсё, што я гаварыў, яна адказвала выключна разумна, і нават яе незвычайныя назіранні сведчылі пра непахісна здаровы сэнс; але доўгае знаёмства з метафізікаю шаленства навучыла мяне не даваць веры такім доказам нармальнай псіхікі, і я па-ранейшаму прытрымліваўся ў размове той абачлівасці, якую абраў з самага пачатку.

Праз некаторы час спрытны служка ў ліўрэі прынёс садавіны, віна і іншых пачастункаў, якія я пакаштаваў; неўзабаве маладая лэдзі выйшла з пакоя, і я запытальна паглядзеў на гаспадара.

— О не, — сказаў ён, — не, што вы, гэта ж мая сваячка — пляменніца, вельмі паважаная жанчына.

— Вельмі выбачаюся за такое падазрэнне, — адказаў я, — але ж у мяне ёсць апраўданне. Вашая незвычайная сістэма кіравання добра вядомая ў Парыжы, таму я палічыў магчымым, што... што...

— Так-так, можаце больш нічога не казаць, мне нават варта падзякаваць вам за вашую ўхвальную асцярожнасць. Такую разважлівасць нячаста сустрэнеш у маладых людзях. У нас здараліся праблемы, выкліканыя легкадумнасцю некаторых нашых наведнікаў. Калі дзейнічала мая старая сістэма і пацыентам было дазволена гуляць туды-сюды як заманецца, іх часта ўводзілі ў небяспечны шал неразважныя асобы, якія прыходзілі агледзець дом. Гэта змусіла мяне ўвесці строгую сістэму абмежаванняў, і цяпер доступ сюды атрымлівае толькі той, у чыёй абачлівасці я магу быць упэўнены.

— Калі дзейнічала вашая старая сістэма... — паўтарыў я ягоныя словы. — Ці правільна я разумею, што «сістэма палёгкі», пра якую я так шмат чуў, скасаваная?

— Вось ужо некалькі тыдняў, як мы пастанавілі адмовіцца ад яе назаўсёды, — адказаў ён.

— Няўжо праўда?! Вы шалёна мяне здзівілі!

— Сэр, — сказаў ён уздыхнуўшы, — мы палічылі абсалютна неабходным вярнуць ранейшыя парадкі. Патуранні ва ўсе часы пагражалі страшэннай небяспекай, а іх карысць значна перабольшвалася. Я лічу, сэр, што для гэтай установы такая сістэма сталася значна большым выпрабаваннем, чым для любой іншай. Мы заўсёды дзейнічалі ў межах разумнае гуманнасці. Шкада, што вы не наведалі нас раней, каб мець магчымасць пра ўсё меркаваць самастойна. Але вы, здаецца, добра знаёмы з сістэмай палёгкі.

— Не зусім. Я атрымаў звесткі з трэціх ці чацвертых рук.

— Тады я ў агульных рысах вам пра яе раскажу. Значыцца, пацыенты былі такімі сабе ménagés [84], іх песцілі і ўлагоджвалі. Мы не пярэчылі ніводнай з фантазіяў, што прыходзілі ў галовы вар'ятаў. Наадварот, мы іх нават падтрымлівалі і многіх канчаткова вылекавалі менавіта так. Нішто так не ўплывае на кволы розум вар'ята, як reductio ad absurdum [85]. Напрыклад, у нас былі людзі, што ўяўлялі сябе куранятамі. Лячэнне палягала ў тым, што мы настойвалі на гэтым як на ісціне: называлі пацыента ідыётам, калі ён недастаткова ўсведамляў гэтую ісціну, і цэлы тыдзень адмаўлялі яму ў любой ежы, апроч той, якую ядуць кураняты. У такіх выпадках крыху зярнятаў і каменьчыкаў рабілі сапраўдныя цуды.

— I гэта ўсё, што вы рабілі?

— Безумоўна, не. Мы аддавалі шмат увагі простым забавам: у асноўным музыка, танцы, гімнастыка, карты, некаторыя кнігі і так далей. Мы рабілі выгляд, што лекуем кожнага ад найзвычайнейшай цялеснай хваробы. Слова «вар'яцтва» ніколі не прамаўлялася. Важна было прымусіць кожнага назіраць за тым, што робяць астатнія. Упэўні вар'ята ў тым, што ты верыш у ягоныя розум ды разважлівасць, — і ён твой душою й целам. Дзякуючы гэтаму мы маглі абыходзіцца без штату наглядчыкаў, даволі дарагога, дарэчы.

— I вы не ўжывалі ніякіх пакаранняў?

— Ніякіх.

— I ніколі не замыкалі пацыентаў?

Перейти на страницу:

Похожие книги

Книга Песен
Книга Песен

Борис Гребенщиков – легенда российской рок-музыки, поэт, музыкант, художник; полстраны выросло на песнях Б. Гребенщикова, полстраны с трепетом относится к его творчеству, будоражащему и всегда радующему, пробуждающему самые светлые стороны и качества в душе любого читателя и слушателя. Они заставляют «двигаться дальше», несут духовное перерождение чуткому слушателю и читателю. Как бы это ни было сложно – благодаря песням и стихам Б. Гребенщикова становится возможным! Истинные тексты песен, опубликованные в этой книге, по разным естественно-ненаучным причинам иногда отличаются от тех, что исполнялись на концертах и даже записаны на альбомах.В книге отсутствуют тексты песен, которые еще не закончены, и песен, которые автор считает частной шуткой, не подлежащей печати.

Борис Борисович Гребенщиков , Борис Гребенщиков

Песенная поэзия / Поэзия