— Быў тут яшчэ дурнаваты, — сказаў ён, — што ўважаў сябе за жабу. Дарэчы, да жабы ён быў абсалютна не падобны. Шкада, што вам не давялося з ім сустрэцца, сэр, — звярнуўся ён да мяне, — вы б атрымалі сапраўдную асалоду, убачыўшы, як натуральна ў яго атрымлівалася. Сэр, калі ён не быў жабаю, мне застаецца пра гэта толькі пашкадаваць. Ягонае кумканне, гэтае «ква-ак, ква-ак» было найцудоўнейшым гукам у свеце, чыста сібемоль! I калі ён пасля аднаго-двух келіхаў віна ставіў локці на стол — вось так! — шырока раскрываў рот — вось так! — вылупліваў вочы — вось так! — і шалёна хутка пачынаў імі лыпаць — вось так, — о, дазволю сабе наўпрост сказаць вам, сэр: вы б звар'яцелі ад захаплення такой геніяльнасцю.
— Не сумняюся, — адказаў я.
— А яшчэ, — сказаў хтосьці, — быў тут адзін мілы свавольнік, упэўнены, што ён дробка табакі, які бязмежна расстройваўся, бо не мог узяць сябе вялікім і ўказальным пальцамі.
— А яшчэ тут быў Жуль Дэзульер, сапраўдны, выключны геній, скажу я вам, які зрухнуўся на думцы, што ён гарбуз. Ён даймаў кухара, каб той запёк яго ў пірог, а кухар абурана адмаўляўся. Што да мяне, то я зусім не ўпэўнены, што гарбузовы пірог а-ля Дэзульер быў бы такім ужо нясмачным.
— Надзвычайна! — сказаў я, запытальна гледзячы на мсьё Маяра.
— Ха-ха-ха! — сказаў гаспадар. — Хе-хе-хе! Хі-хі-хі! Хо-хо-хо! Гы-гы-гы! Цудоўна! Не здзіўляйцеся так, mon ami. Наш сябар жартаўнік, drôle [96
], не варта разумець яго літаральна.— А яшчэ, — сказаў нейкі іншы госць, — было тут адно пудзіла гарохавае, таксама свайго роду выбітны суб'ект. Ён з'ехаў з глузду ад кахання і ўявіў, што ў яго дзве галавы, адна — Цыцэронава, а другая — ад ілба да рота Дэмасфенава і з падбароддзем лорда Брума*. Магчыма, ён і памыляўся, але ўпэўніць вас у сваёй рацыі мог як ніхто, бо быў выключным аратарам. Ім валодала неўтаймоўная жарсць прамаўляць, ён проста не мог утрымацца ад публічных выступаў. Бывала, заскочыць на стол — вось так — і як пачне...
Тут адзін з суседзяў прамоўцы паклаў яму на плячо руку і прашаптаў на вуха некалькі словаў, пасля чаго той неахвотна змоўк і паныла сеў назад на крэсла.
— А яшчэ, — пачаў той самы сусед, — быў тут Булар-ваўчок. Я называю яго ваўчком, бо ён, па сутнасці, быў апанаваны дзівацтвам, не такім ужо, зрэшты, абсурдным... фантазіяй, што яго ператварылі ў ваўчок. Вы б памерлі ад рогату, калі б яго пабачылі. Ён мог цэлую гадзіну круціцца на адным абцасе, прыкладна вось так...
Тут ягоны таварыш, якога ён кагадзе спыніў шэптам, зрабіў тое самае з ім.
— А ўсё-ткі, — закрычала на ўвесь голас нейкая старая дама, — ваш мсьё Булар быў вар'ят, і да таго ж найдурнейшы вар'ят. Хто, скажыце вы мне, хто хоць калі-небудзь чуў пра чалавека-ваўчка? Гэта ж бязглуздзіца нейкая. Вось мадам Жуаёз мела нашмат больш цвярозы розум, як вы ведаеце. У яе таксама была фантазія, але фантазія, поўная здаровага сэнсу і прыемная ўсім, хто меў гонар ведаць мадам. Па сталым роздуме яна прыйшла да высновы, што нейкім чынам ператварылася ў маладога пеўніка, і пачала паводзіцца адпаведна. Яна проста дзівосна лопала крыламі — вось так, вось так, вось так! А яе кукарэканне... яно проста зачароўвала! Кукарэку! Кукарэку! Кукарэку-ку-ку-ку-у-у-у!..
— Мадам Жуаёз, я прашу вас паводзіць сябе прыстойна! — спыніў яе наш гаспадар, вельмі раззлаваны. Альбо вы будзеце паводзіць сябе як належыць лэдзі, альбо зараз жа пакінеце стол. Выбірайце!
Дама (я быў шалёна здзіўлены тым, што яе назвалі мадам Жуаёз, пасля апісання мадам Жуаёз, якое мы толькі што ад яе пачулі), пачырванеўшы да вушэй, выглядала вельмі прысаромленай гэтай заўвагаю. Яна апусціла галаву і не прамовіла ні слова, але размову падхапіла іншая дама, маладзейшая. Гэта была мая знаёмая — прыгожая дзяўчына з маленькае гасцёўні.
— О, мадам Жуаёз была ідыёткай! — усклікнула яна. — А вось у меркаваннях Эжэні Сальсафет сапраўды адчуваўся здаровы розум. Гэта была вельмі прыгожая і хваравіта сціплая маладая лэдзі, якая лічыла звычайны спосаб апранацца непрыстойным і хацела быць не ўнутры свайго адзення, а звонку. Зрэшты, гэта вельмі лёгка. Трэба толькі зрабіць так, потым вось так, вось так і нарэшце...
— Mon Dieu! [97
] Мадэмуазэль Сальсафет! — раздалося адначасова каля дзясятка галасоў. — Што вы задумалі?! Хопіць! Дастаткова! Мы ўжо зразумелі, як гэта робіцца! Усё! Усё! — некалькі чалавек паўскоквалі з месцаў, каб перашкодзіць мадэмуазэль Сальсафет паказацца нам на вочы ў вобразе Венеры Медыцэйскай, калі раптам, ставячы кропку ў эфектнай сцэне, гучны крык, я б нават сказаў, лямант, данёсся аднекуль з цэнтральнай часткі замка.