На мае нервы гэты лямант паўплываў вельмі гнятліва, але да астатніх я адчуў сапраўды шчымлівае шкадаванне; ніколі ў сваім жыцці я не бачыў нармальных людзей такімі спалоханымі. Яны збляднелі, быццам мерцвякі, скурчыліся на крэслах і, прыслухоўваючыся да крыкаў, дрыжалі і ляскалі зубамі ад жаху. Крыкі паўтарыліся, гучней і, як мне падалося, бліжэй, потым яшчэ раз, вельмі гучна, і яшчэ раз, з нашмат меншай сілаю. Калі стала відавочна, што шум сціхае, настрой гасцей падняўся, усе ажывіліся, і зноў пасыпаліся жарты. Тут я наважыўся спытацца пра прычыны такога хвалявання.
— Чыстая дробязь, — сказаў мсьё Маяр. — Мы ўжо да гэтага прывыклі і насамрэч амаль не хвалюемся. Часам вар'яты ўсе разам усчынаюць выццё; адзін падхоплівае за другім, як гэта бывае уначы у сабачых зграях. Здараецца, праўда, што такія канцэрты скавытанняў суправаджаюцца спробамі вызваліцца; тады, канечне, пэўная небяспека існуе.
— А колькі хворых тут у вас пад апекаю?
— Цяпер не больш за дзесяць.
— У асноўным жанчыны, як я разумею?
— О не, усе мужчыны. Моцныя хлопцы, скажу я вам.
— Няўжо? Я заўсёды думаў, што большасць вар'ятаў належаць да слабога полу.
— Найчасцей так, але не заўсёды. Не так даўно тут было дваццаць сем пацыентаў, і з іх не менш за васямнаццаць жанчынаў, але потым, як бачыце, усё моцна змянілася.
— Так, усё, як бачыце, моцна змянілася, — перарваў нас джэнтльмен, які ледзь не пераламаў ногі мадэмуазэль Лаплас.
— Усё, як бачыце, моцна змянілася, — рэхам паўтарылі ўсе госці разам.
— Ану прытрымайце языкі, вы ўсе! — раз'ятрана сказаў гаспадар, пасля чаго недзе на хвіліну запанавала мёртвая цішыня. Адна лэдзі выканала патрабаванне мсьё Маяра дакладна — высунула вонкі язык, які выявіўся незвычайна доўгім, і асцярожна трымала яго абедзвюма рукамі да канца прыёму.
— А тая шляхетная дама, — шэптам спытаў я ў гаспадара, нахіліўшыся да яго, — якая нядаўна тут кукарэкала, — яна ж бяскрыўдная, зусім бяскрыўдная, так?
— Бяскрыўдная? — усклікнуў ён з непадробным здзіўленнем. — У сэнсе?.. Ды што вы маеце на ўвазе?
— Толькі крыху... таго? — спытаў я, пакруціўшы пальцам ля скроні. — Здаецца ж, яна не зусім звар'яцела, не так, каб быць небяспечнай?
— Mon Dieu! Што вы там сабе надумалі?! Гэтая лэдзі — мая старая добрая сяброўка мадам Жуаёз — такая ж абсалютна здаровая, як я сам! Ну так, яна крыху эксцэнтрычная, але, каб вы ведалі, усе старыя дамы больш-менш эксцэнтрычныя!
— Безумоўна, — сказаў я, — безумоўна. А астатнія лэдзі й джэнтльмены...
— Мае сябры і таварышы, — перарваў мсьё Маяр, фанабэрліва выпростваючыся, — мае адданыя сябры і памочнікі.
— Як? Усе? — здзівіўся я. — I дамы, і астатнія?
— Канечне, — адказаў ён. — Мы ж не можам працаваць зусім без жанчынаў Яны лепш за ўсіх даглядаюць за вар'ятамі. У іх свае метады, як вы ведаеце; іхныя прамяністыя пагляды цудоўна дзейнічаюць, гэта як чары змяі ў пэўным сэнсе.
— Безумоўна, — сказаў я, — безумоўна. Яны крыху незвычайна паводзяцца, праўда? Ну... дзіўнавата крыху, як вы лічыце?
— Незвычайна? Дзіўнавата?! Вы што, сапраўды так думаеце? Безумоўна, мы тут, на поўдні, не асабліва абмяжоўваем сябе ўмоўнасцямі, паводзімся як нам падабаецца, радуемся жыццю і ўсё такое, разумееце?..
— Безумоўна, — сказаў я, — безумоўна.
— Магчыма, кло-дэ-вужо было занадта моцнае, яно магло крыху... затуманіць... разумееце, пра што я?
— Безумоўна, — сказаў я, — безумоўна. Дарэчы, мсьё, ці правільна я зразумеў, што сістэма, уведзеная вамі замест славутай сістэмы палёгкі, вылучаецца скрайняй строгасцю й суворасцю?
— Ні ў якім разе. Нашыя абмежаванні сапраўды даволі строгія, але ж гэта неабходна. Затое такога дагляду — медычнага дагляду, я маю на ўвазе, — пацыент больш нідзе не атрымае.
— А гэтая сістэма — вашае вынаходніцтва?
— Не ва ўсім. Некаторыя яе элементы распрацаваныя прафесарам Смолам, пра якога вы, без сумневаў, чулі. А пэўнымі зменамі, унесенымі мною, я — з радасцю пра гэта абвяшчаю — абавязаны знакамітаму Пер'е, з якім вы, калі не памыляюся, блізка знаёмы.
— Мне вельмі сорамна прызнацца, — адказаў я, — але я ніколі не чуў імёнаў гэтых джэнтльменаў.
— Божа мой! — усклікнуў гаспадар, рэзка адсунуўшы крэсла і ўздымаючы рукі. — Я, пэўна, вас недачуў. Вы ж не хацелі сказаць, што ніколі не чулі ні пра найадукаванейшага доктара Смола, ні пра славутага прафесара Пер'е!
— Мушу прызнаць сваю недасведчанасць, — сказаў я, — але праўда вышэйшая за ўсё. Аднак я ўсё адно адчуваю сябе проста-такі зрынутым у прах, бо не знаёмы з працамі гэтых, без сумневаў, выдатных навукоўцаў. Я абавязкова адшукаю іхныя працы і вывучу іх з усёю пільнасцю. Мсьё Маяр, пасля вашых словаў мне сапраўды — мушу гэта прызнаць, — сапраўды вельмі сорамна за сябе.
Так і было.
— Не будзем больш пра гэта, мой дарагі малады сябра, — ласкава сказаў ён, паціскаючы мне руку. — Выпіце са мною келіх сатэрну.