Читаем Маска чырвонае смерці полностью

Карацей, я не мог пазбавіцца думкі, што ва ўсім бачаным мною было шмат незвычайнага... але ж у свеце сустракаюцца самыя розныя людзі, з самым розным складам думак і самымі рознымі звычкамі й меркаваннямі. Да таго ж я дастаткова паездзіў па свеце, каб стаць прыхільнікам прынцыпу nil admirari [90], таму спакойна сеў па правую руку ад гаспадара і з уласцівым мне цудоўным апетытам аддаў належнае найсмачнейшым стравам, што стаялі перада мною.

Агульная размова тым часам ажывілася. Дамы, як заўжды, гаварылі шмат. Хутка мне стала зразумела, што ўсё таварыства амаль цалкам складалася з людзей адукаваных, а гаспадар быў проста невычарпальнай крыніцай смешных гісторыяў. Ён, відаць, вельмі любіў пагаварыць пра свае абавязкі дырэктара maison de santé, ды і ўсім прысутным, на маё вялікае здзіўленне, найбольш падабалася абмяркоўваць вар'яцтва. Асноўная частка забаўных гісторыяў, расказаных тады, была менавіта пра дзівацтвы пацыентаў.

— Быў тут у нас адзін тыпус, — сказаў нізенькі тоўсты джэнтльмен, што сядзеў справа ад мяне, — адзін тыпус, якому здавалася, што ён чайнік. Дарэчы, проста ўражвае, наколькі часта менавіта гэтая вар'яцкая ідэя заходзіць псіхам у галаву. У Францыі наўрад ці знойдзецца прытулак для вар'ятаў, які не мог бы пахваліцца чалавекам-чайнікам. Наш джэнтльмен быў чайнікам брытанскае вытворчасці і штораніцы сумленна начышчаў сябе аленевай замшай і крэйдай.

— А яшчэ, — загаварыў высокі мужчына насупраць, — у нас быў не так даўно, суб'ект, які ўбіў сабе ў галаву, што ён асёл; кажучы метафарычна, гэта чыстая праўда. Гэта быў цяжкі пацыент, і мы займелі шмат складанасцяў, спрабуючы трымаць яго ў рамках. Доўгі час ён не еў нічога, апроч чартапалоху, але ад гэтага мы яго хутка вылекавалі, настойваючы, каб ён еў толькі яго. Дык ён увесь час брыкаўся, вось так, вось так...

— Мсьё дэ Кок, я была б вам вельмі ўдзячная, калі б вы паводзілі сябе прыстойна, — перарвала прамоўцу старая дама, што сядзела побач з ім. — Прашу вас, трымайце свае ногі пры сабе! Вы сапсавалі мне парчовую сукенку. Няўжо неабходна ілюстраваць сваю думку так наглядна? Наш сябар, несумненна, і так вас зразумее. Шчыра кажучы, вы амаль такі самы асёл, якім уяўляў сябе той няшчасны. У вас усё так натуральна атрымліваецца, далібог.

— Mille pardons [91], мамзэль! — усклікнуў мсьё дэ Кок. — Сто разоў выбачаюся, не хацеў нікога пакрыўдзіць! Мамзэль Лаплас, мсьё дэ Кок мае гонар піць за вашае здароўе!

Тут мсьё дэ Кок нізка пакланіўся, вельмі цырымонна пацалаваў сабе руку і чокнуўся з мадэмуазэль Лаплас.

— Дазвольце мне, mon ami [92], — сказаў мсьё Маяр, звяртаючыся да мяне, — прапанаваць вам крышку ялавічыны а-ля Sainte-Ménehould, яна проста выдатная, вось убачыце.

У гэты момант трое дужых служкаў пасля некаторых высілкаў урэшце паставілі на стол велізарны паднос, на якім ляжала тое, што падалося мне monstrum, horrendum, informe, ingens, cui lumen ademptum [93]. Але, уважліва разгледзеўшы яго зблізку, я зразумеў, што гэта ўсяго толькі маленькае цяля: яно было запечанае цалкам і стаяла на каленях з яблыкам у роце — у Англіі такім чынам гатуюць зайцоў.

— Не, дзякую, — адмовіўся я. — Шчыра кажучы, я не асабліва люблю ялавічыну а-ля святога... чаго?.. сумняюся, што яна мне добра пойдзе. Я лепей памяняю талерку і паспрабую трусяціны.

На стале стаяла некалькі талерак з тым, што мусіла быць звычайнай трусяцінай па-французску. Найсмачнейшы morceau [94], хачу я вам сказаць.

— П'ер, — паклікаў гаспадар, — памяняйце нашаму госцю талерку і пакладзіце яму порцыю гэтай трусяціны au chat [95].

— Як-як вы сказалі? — спытаў я.

— Гэтай трусяціны au chat.

— Дзякуй, мабыць, не варта, — сказаў я, крыху падумаўшы. — Я сабе вяндліны пакладу.

Ніколі не ведаеш, чым цябе накормяць гэтыя правінцыялы, думаў я. Не трэба мне ні іхных трусоў пад ката, ні, калі ўжо на тое пайшло, катоў пад труса таксама.

— А яшчэ, — загаварыў з далёкага кута, падхопліваючы абарваную размову, наступны госць, бледны, нібы мярцвяк, — сярод іншых дзівакоў быў у нас пацыент, які ўпарта настойваў, што ён кордаўскі сыр, і хадзіў за ўсімі з нажом, упрошваючы адрэзаць і паспрабаваць хаця б скрылёчак з ягонай нагі.

— Без сумневаў, ён быў поўны дурань, — уставіў хтосьці, — але ён не можа параўнацца з індывідуюмам, якога ведаем мы ўсе, апроч гэтага незнаёмага джэнтльмена. Я маю на ўвазе гэтага, які лічыў сябе бутэлькай шампанскага і ўвесь час адкаркоўваўся з бабахам і шыпеннем, вось так!

З гэтымі словамі прамоўца (як на мяне, гэта была страшэнная нявыхаванасць) засунуў вялікі палец правае рукі за левую шчаку, рэзка выцягнуў яго з гукам, падобным да хлопання корка, і, пераймаючы шампанскае, што пеніцца, выдаў працяглы свіст і шыпенне, спрытна прыціскаючы язык да зубоў. Такія паводзіны відавочна прыйшліся не зусім даспадобы мсьё Маяру, але ён нічога не сказаў, і размову падхапіў вельмі худы чалавечак у пышным парыку.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Книга Песен
Книга Песен

Борис Гребенщиков – легенда российской рок-музыки, поэт, музыкант, художник; полстраны выросло на песнях Б. Гребенщикова, полстраны с трепетом относится к его творчеству, будоражащему и всегда радующему, пробуждающему самые светлые стороны и качества в душе любого читателя и слушателя. Они заставляют «двигаться дальше», несут духовное перерождение чуткому слушателю и читателю. Как бы это ни было сложно – благодаря песням и стихам Б. Гребенщикова становится возможным! Истинные тексты песен, опубликованные в этой книге, по разным естественно-ненаучным причинам иногда отличаются от тех, что исполнялись на концертах и даже записаны на альбомах.В книге отсутствуют тексты песен, которые еще не закончены, и песен, которые автор считает частной шуткой, не подлежащей печати.

Борис Борисович Гребенщиков , Борис Гребенщиков

Песенная поэзия / Поэзия