З гэтымі словамі ён кінуў цяжкую бутэльку кіршэнвасэру, якая трапіла мне ў галаву і, здаецца, выбіла адтуль усе мазгі. Засмучаны гэтай стратай, я ўжо быў гатовы выпусціць вяроўку і прыгожа памерці, але мяне спыніў крык Анёла:
— Трымайсеся! — прамовіў ён. — Не спяшайсеся. Хошасе яшчэ бутэльку, ці фы ўшо цфяросы і прыйшлі ў сябе?
Я хуценька двойчы пахітаў галавой: першы раз адмоўна, паказваючы, што яшчэ адной бутэлькі мне не трэба, другі — станоўча, дэманструючы, што я ўжо цвярозы і цалкам прыйшоў у сябе. Анёл памякчэў.
— Ну, фы нарэшце паферылі? — спытаў ён. — Паферылі ў машліфасць надсфычайнага?
Я яшчэ раз кіўнуў.
— I фы ферыце ў мяне, Анёла Натсфычайнасцяў?
Я кіўнуў.
— I фы расумееце, што фы п'яніса і турань?
Я кіўнуў.
— Тады пакладзіце правую руку ў левую кішэню штаноў на знак поўнага патпараткафання Анёлу Натсфычайнасцяў.
З пэўных прычынаў мне падалося гэта немажлівым. Па-першае, левую руку я зламаў, зваліўшыся з лесвіцы, і таму, калі б я выпусціў вяроўку з правай рукі, левая не змагла б мне дапамагчы. Па-другое, мае штаны скрала варона. Таму я пачаў адмоўна хітаць галавой, каб паказаць, што выканаць цалкам разумнае патрабаванне Анёла я цяпер не магу. Але я не паспеў зрабіць нават гэтага.
— Ідзі к шорту тады! — пракрычаўАнёл Надзвычайнасцяў.
З гэтымі словамі ён дастаў востры нож і перарэзаў вяроўку, за якую я трымаўся. Так выйшла, што мы праляталі акурат над маім домам (які падчас маіх падарожжаў быў цудоўненька адбудаваны). Я ўпаў галавой уніз у комін і ляснуўся ў камін у сталовай.
Ачуняўшы пасля такога аглушальнага падзення, я зразумеў, што цяпер недзе чатыры гадзіны раніцы. Я ляжаў у тым самым месцы, куды зваліўся з шару. Мая галава была сярод попелу, а ногі — на аскепках століка сярод рэшткаў дэсерту, змяшаных з газетамі, разбітым шклом, перакуленымі бутэлькамі і пустым гарлачыкам з-пад кіршэнвасэру. Так мне адпомсціў Анёл Надзвычайнасцяў.
Сістэма доктара Смола і прафесара Пер'е
Увосень 18** года, падчас падарожжа па самым поўдні Францыі, я апынуўся за некалькі міляў ад аднае maison de santé [83
], альбо прыватнай вар'ятні, пра якую шмат чуў у Парыжы ад маіх калегаў-медыкаў. Я ніколі не быў у такім месцы, таму палічыў, што магчымасць надарылася занадта добрая, каб яе не скарыстаць, і прапанаваў свайму спадарожніку — джэнтльмену, з якім выпадкова пазнаёміўся некалькі дзён таму, — крыху збочыць (што заняло б у нас гадзіну ці каля таго) і агледзець гэтую ўстанову. Ён, што праўда, адмовіўся, спаслаўшыся, па-першае, на спешку, а па-другое, на звычайны страх перад вар'ятамі, аднак папрасіў мяне не зважаць на яго з ветлівасці, якая магла б перашкодзіць задавальненню мае цікаўнасці, і сказаў, што ён паедзе далей павольней, каб я здолеў дагнаць яго цягам гэтага ці хаця б наступнага дня. Калі ён пачаў са мною развітвацца, я раптам падумаў, што мяне могуць туды не пусціць, і падзяліўся з ім сваімі сумневамі. Ён пагадзіўся, сказаўшы, што без асабістага знаёмства з дырэктарам гэтае ўстановы мсьё Маярам альбо рэкамендацыйных лістоў я сапраўды магу сутыкнуцца з цяжкасцямі, бо правілы ў гэтых прыватных вар'ятнях нашмат больш строгія, чым у звычайных лякарнях. Ён дадаў таксама, што некалькі гадоў таму яму давялося пазнаёміцца з Маярам, і ўсё, што ён можа для мяне зрабіць, — гэта праводзіць да дзвярэй і прадставіць мяне, таму што пачуцці, якія выклікае ў яго вар'яцтва, не дазволяць яму зайсці ў дом.Я падзякаваў. Мы збочылі на зарослую травою сцяжыну, якая ішла ўздоўж падножжа гары і праз паўгадзіны стала ледзь бачная сярод густога лесу. Мы праехалі праз цёмны, панылы гушчар каля дзвюх міляў, калі ўбачылі перад сабою maison de santé. Гэта быў дзівосны замак, у некаторых месцах напаўразбураны, які быў такі стары й занядбаны, што яго наўрад ці можна было здаваць у арэнду. Убачыўшы будынак, я мімаволі скалануўся і, спыняючы каня, ледзьве не павярнуў назад. Аднак адразу ж засаромеўся свае слабасці і рушыў далей.
Калі мы пад'ехалі да брамы, я заўважыў, што яна крыху прачыненая, а праз шчыліну вызірае нейкі чалавек. Праз імгненне ён выйшаў наперад, звярнуўся да майго спадарожніка па імені, сардэчна паціснуў яму руку і запрасіў увайсці. Гэта быў сам мсьё Маяр — мажны, прыемнага выгляду джэнтльмен старое закваскі з вытанчанымі манерамі, паважнасць і годнасць якога моцна ўражвалі.
Мой таварыш, прадставіўшы мяне, згадаў пра маё жаданне агледзець лякарню, выслухаў запэўніванні мсьё Маяра пра тое, што ўся ўвага будзе належаць мне, развітаўся, і больш я яго не бачыў.