Мы выпілі. Уся кампанія зрабіла тое ж, ні ў чым сябе не абмяжоўваючы. Яны весела размаўлялі, жартавалі, смяяліся, рабілі тысячу глупстваў, вішчалі скрыпкі, грукатаў барабан, трамбоны раўлі, як медныя быкі Фаларыда*, і сцэна, па меры таго як віно затуманьвала галовы, рабілася ўсё больш агіднай, ператварыўшыся нарэшце ў нейкую оргію in petto [98
]. Тым часам мы з мсьё Маярам, пасля некалькіх бутэлек вужо і сатэрну, працягвалі нашую размову, крычучы на ўвесь голас. Слова, сказанае звычайным тонам, мела такія ж шанцы быць пачутым, як голас рыбіны з дна Ніягарскага вадаспаду.— Сэр, — крыкнуў я яму ў вуха, — вы перад абедам нешта казалі пра небяспеку, якою пагражала старая сістэма палёгкі. Што вы мелі на ўвазе?
— О так, — адказаў ён, — часам становішча сапраўды рабілася вельмі небяспечным. Усе фантазіі вар'ятаў прадбачыць немагчыма, і, на маю думку, гэтак жа як і на думку доктара Смола і прафесара Пер'е, іх ніколі нельга пакідаць зусім без нагляду. Вар'яту часамі можна, так бы мовіць, патураць, але ўсё ж ён вельмі схільны да буйства. Да таго ж іхная незвычайная хітрасць зрабілася прыказкай. Калі ён штосьці задумаў, ён хавае гэта незвычайна вынаходліва, а спрыт, з якім ён удае душэўнае здароўе, ставіць перад філосафамі адну з найскладанейшых праблемаў у вывучэнні чалавечага розуму. Дарэчы, калі вар'ят выглядае цалкам здаровым, самы час надзець на яго ўтаймавальную кашулю.
— Але тая небяспека, дарагі сэр, пра якую вы згадвалі... ці спазналі вы яе на сабе тут, кіруючы гэтай установай? Ці маеце вы фактычныя падставы лічыць свабоду вар'ятаў небяспечнаю?
— Тут? На сабе? Ну, можна сказаць, так. Напрыклад, не так даўно ў гэтым самым доме адбылося выключнае здарэнне. Дзейнічала, як вы ведаеце, сістэма палёгкі, і пацыенты карысталіся поўнаю свабодай. Яны паводзілі сябе проста цудоўна, і нават больш за тое. Любы чалавек у сваім розуме зразумеў бы, што спее д'ябальская змова, ужо з аднаго таго, як надзвычайна добра паводзіліся гэтыя суб'екты. I, безумоўна, у адзін цудоўны дзень наглядчыкі ўбачылі, што вар'яты прысвоілі іхныя абавязкі, звязалі іх па руках і нагах, кінулі ў ізалятары і цяпер наглядаюць за імі, быццам вар'яты — яны.
— Не можа быць! Я ў жыцці не чуў нічога больш неверагоднага!
— Бясспрэчна. Усё адбылося праз аднаго дурня — ну, вар'ята, — які чамусьці ўбіў сабе ў галаву, што ён вынайшаў найлепшую сістэму кіравання, якая калі-небудзь увогуле існавала, — я маю на ўвазе сістэму кіравання вар'ятняй. Мяркую, ён вырашыў выпрабаваць сваё вынаходніцтва і падбухторыў астатніх пацыентаў да змовы з мэтаю зрынуць існае кіраўніцтва.
— I ён дабіўся свайго?
— Несумненна. Наглядчыкі й нагляданыя ў хуткім часе памяняліся месцамі. Нават больш за тое, бо вар'яты па-ранейшаму карысталіся свабодаю, а наглядчыкаў пасадзілі ў ізалятары і, з жалем мушу зазначыць, абыходзіліся з імі вельмі бесцырымонна.
— Аднак, мяркую, неўзабаве адбылася рэстаўрацыя ўлады? Не магло ж такое становішча трываць доўга. Сяляне, што жывуць побач, наведнікі, што прыходзяць агледзець дом, паднялі б трывогу.
— Вось тут вы памыляецеся. Галоўны бунтаўнік быў занадта хітры, каб такое дапусціць. Ён увогуле не пускаў наведнікаў, за нядаўнім выняткам аднаго вельмі недалёкага з выгляду маладога чалавека, баяцца якога ён не бачыў прычынаў. Ён прыняў яго і паказаў дом — для забавы, каб з яго пасмяяцца. Дастаткова павадзіўшы яго за нос, ён адпусціў яго і адправіў дахаты.
— I як доўга тут верхаводзіў вар'ят?
— О, даволі доўга... не менш за месяц, а дакладней не скажу. Для вар'ятаў гэта быў вясёлы час, можаце быць упэўнены. Яны скінулі свае лахманы і напоўніцу скарысталіся вопраткай і ўпрыгожаннямі, якія тут былі. Вінныя склепы замка былі поўныя запасаў, а вар'яты ж наконт выпіць сапраўдныя чэрці. Цудоўныя для іх былі дзянькі, можаце мне паверыць.
— Ну а лекаванне? Якія асаблівыя метады лекавання ўвёў галава бунтаўнікоў?
— О, што да гэтага, то, як я ўжо казаў, вар'ят — не абавязкова дурань, і, на маю сціплую думку, ягонае лекаванне нашмат пераўзыходзіла ранейшае, якое ён скасаваў. Гэта была сапраўды выдатная сістэма — ясная, простая, яна не прыносіла ніякіх складанасцяў, нават самых дробных...
Тут майго гаспадара перарваў выбух скавытанняў, такіх жа, як тыя, што нядаўна парушылі наш спакой. Але гэтым разам яны, здаецца, хутка набліжаліся.
— Божа літасцівы! — ускрыкнуў я. — Вар'яты вырваліся на волю!
— Баюся, што так, — адгукнуўся мсьё Маяр, страшэнна збялеўшы.
I ледзь ён дагаварыў, ад вокнаў пачуліся гучныя крыкі й праклёны, і мы ўбачылі, што некалькі чалавек спрабуюць прарвацца ў пакой. У дзверы чымсьці білі, відаць, кувалдаю, а аканіцы хтосьці трос і зрываў з неўтаймоўнай ярасцю.
А потым запанаваў поўны хаос. Мсьё Маяр, страшэнна мяне здзівіўшы, кінуўся хавацца за буфет. Я чакаў ад яго большай рашучасці. Музыкі, якія апошнюю чвэрць гадзіны здаваліся занадта п'янымі, каб рабіць сваю справу, у адзін моманту скочылі, пахапалі свае інструменты, і, узлезшы на стол, зладжана зайгралі «Янкі Дудл»*, выканаўшы яго, пры ўсім гэтым гаме, можа, і не зусім дакладна, але з нечалавечым натхненнем.