Містэр Глідан выказаў думку, што, мяркуючы па чырвоным колеры эпідэрмісу, цела бальзамавалася выключна асфальтавай смалой, аднак калі са скуры саскрэблі крыху парашкападобнага рэчыва і кінулі яго ў агонь, усе выразна адчулі водар камфоры і духмяных смолаў.
Мы вельмі старанна агледзелі цела, шукаючы адтуліны, праз якія звычайна дастаюцца вантробы, але, на сваё здзіўленне, нічога такога не знайшлі. У той час ніхто з нас не ведаў, што цэлыя і няўскрытыя муміі сустракаюцца не так ужо і рэдка. Мозг часцей за ўсё вымаўся праз нос, кішкі — праз надрэзы ў баку, пасля чаго цела галілі, абмывалі і апускалі ў саляны раствор, і толькі праз некалькі тыдняў пачыналася ўласна бальзамаванне.
Ніякіх надрэзаў мы так і не знайшлі, і доктар Зубдамус пачаў рыхтаваць інструменты для ўскрыцця, але тут я заўважыў, што мінула ўжо другая гадзіна ночы. Мы вырашылі адкласці ўнутранае даследаванне да наступнага вечара і сабраліся ўжо разыходзіцца, калі хтосьці сказаў: «А ці не правесці нам дослед-другі з гальванічнай батарэяй?»
Ідэя ўздзейнічаць на мумію ўзростам як найменш тры ці чатыры тысячы гадоў была калі і не зусім геніяльнай, то абсалютна свежай, і мы ўсе адразу ж яе падхапілі — на дзевяць дзясятых жартам і на адну дзясятую ўсур'ез. Мы ўсталявалі ў кабінеце доктара батарэю і перанеслі туды егіпцяніна.
Толькі пасля доўгіх намаганняў мы здолелі крыху агаліць скроневыя цягліцы, якія выявіліся не такімі скамянелымі, як астатнія часткі цела, аднак (як мы і чакалі) натуральным чынам не паказалі пасля судакранання з дротам ніякай гальванічнай адчувальнасці. Вынікі гэтай першай спробы падаліся пераканаўчымі, і мы, у душы смеючыся з уласнай дурасці, ужо вырашылі пажадаць адзін аднаму добрае ночы, калі мой погляд выпадкова ўпаў на мумію і адразу ж на ёй спыніўся. Але напраўду хапіла б і аднаго беглага позірку, каб упэўніцца ў тым, што вочы муміі, зробленыя, як мы меркавалі, са шкла і адзначаныя намі за рашучы выраз, былі цяпер прыкрытыя павекамі так, што бачнымі заставаліся толькі тонкія палоскі бялкоў.
Сваім ускрыкам я звярнуў увагу на гэтую акалічнасць, і праз імгненне пра яе ўжо ведалі ўсе.
Не магу сказаць, што з'ява гэтая мяне ўстрывожыла, бо трывога ў маім выпадку — не самае дакладнае слова. Цалкам мажліва, што калі б не чорны портар, я быў бы крыху ўсхваляваны. Што да рэшты нашае кампаніі, ніхто нават не спрабаваў схаваць жах, які яго апанаваў. На доктара Зубдамуса нават зірнуць без шкадавання было нельга. Містэр Глідан так спалохаўся, што нейкім адмысловым чынам увогуле зрабіўся нябачным. А ў містэра Сілка Бэкінгема, думаю, наўрад ці хопіць мужнасці адмаўляць, што ён кінуўся пад стол з усіх чатырох канцавінаў.
Аднак калі прайшло першае ўзрушэнне, мы, натуральна, тут жа вырашылі працягнуць эксперымент. Цяпер усе нашыя высілкі былі скіраваныя на вялікі палец правай нагі. Мы зрабілі надрэз з боку os sesamoideum pollicis pedis [99], агаліўшы корань адводнае цягліцы. Прыладзіўшы батарэю, мы скіравалі ток на рассечаны нерв, і тут мумія, рухаючыся зусім як жывая, спачатку сагнула правую нагу, амаль прыціснуўшы калена да жывата, а пасля з неверагоднай сілай выпрастала канцавіну, узнагародзіўшы доктара Зубдамуса штурхалём, які меў досыць сур'ёзны вынік: гэты джэнтльмен вылецеў праз акно на вуліцу нераўнуючы камень з катапульты.
Мы ўсе разам кінуліся вонкі, каб прынесці разбітыя рэшткі ахвяры, аднак мелі шчасце спаткаць Зубдамуса на лесвіцы — ён на ўсёй магчымай хуткасці імчаў назад, прасякнуты філасафічнай жарсцю і больш чым калі-небудзь яшчэ ўпэўнены ў неабходнасці з усёй сілай і ўсім запалам працягнуць наш дослед.
Згодна з яго парадай мы тут жа зрабілі глыбокі надрэз на кончыку носа аб'екта нашага эксперымента, і доктар, схапіўшы гэты самы нос нецярплівымі рукамі, рэзкім штуршком падцягнуў мумію да дроту.
Атмасфера наэлектрызавалася — як у фізічным, так і ў метафізічным, як у наўпростым, так і ў пераносным сэнсе. Па-першае, труп адкрыў вочы і некалькі хвілінаў вельмі хутка міргаў, акурат як містэр Барнс у пантаміме*, па-другое, ён чхнуў, па-трэцяе, сеў, па-чацвертае, патрос кулаком перад тварам доктара Зубдамуса і па-пятае, павярнуўшыся да высакародных Глідана і Бэкінгема, на дасканалай егіпецкай звярнуўся да іх з наступнымі словамі: