— Згодна з вашымі тлумачэннямі, зусім не выключана, — сказаў ён, — што ў катакомбах ля Ніла могуць ляжаць і іншыя жывыя муміі сямейства Скарабея?
— Без усялякіх сумневаў, — адказаў граф. — Усе Скарабеі, выпадкова забальзамаваныя жывымі, застаюцца жывымі дагэтуль. I нават забальзамаваныя жывымі спецыяльна маглі быць забытыя сваімі павернікамі і дагэтуль ляжаць у трунах.
— А ці не маглі б вы патлумачыць, — папрасіў я, — што вы маеце на ўвазе пад словамі «забальзамаваныя жывымі спецыяльна»?
— З вялікім задавальненнем, — адказаў егіпцянін, няспешна агледзеўшы мяне праз манокль, бо гэта быў першы раз, калі я насмеліўся звярнуцца да яго з пытаннем.
— З вялікім задавальненнем, — паўтарыў ён. — У мае часы сярэдняя працягласць чалавечага жыцця складала прыкладна восемсот гадоў. Людзі рэдка паміралі, не дажыўшы да шасцісот, — хіба толькі ад няшчаснага выпадку, і рэдка жылі даўжэй за дзесяць стагоддзяў. Восемсот гадоў лічыліся сярэднім тэрмінам. Пасля таго як быў вынайдзены той прынцып бальзамавання, пра які я ўжо расказаў нашым філосафам прыйшло ў галаву задаволіць вартую павагі цікаўнасць, а да таго ж пасудзейнічаць развіццю навукі, пражываючы гэты тэрмін па частках. Для гісторыі, напрыклад, такі досвед проста неабходны. Уявім сабе гісторыка, які дасягнуў пяцісотгадовага ўзросту, напісаў кнігу, уклаўшы ў яе шмат намаганняў, і пасля быў старанна забальзамаваны, пакінуўшы сваім павернікам указанні праз некаторы час ажывіць яго — ну, скажам, гадоў праз пяцьсот ці шэсцьсот. Вярнуўшыся да жыцця па сканчэнні гэтага тэрміну, ён абавязкова ўбачыць, што яго вялікую працу ператварылі ў набор маргіналіяў, так бы мовіць, у літаратурную арэну для супярэчлівых гіпотэзаў, загадак і прыватных спрэчак усёй хеўры раздражнёных каментатараў. Ён убачыць, што гэтыя гіпотэзы, распаўсюджаныя ў выглядзе анатацыяў ці выпраўленняў, да такой ступені зацямнілі, сказілі і знішчылі першапачатковы тэкст, што аўтару даводзіцца шукаць яго днём з агнём. Робіцца зразумелым, што не варта было даваць сабе клопату з гэтым даследаваннем. Пасля таго як кніга цалкам перапісаная, гісторыку ставіцца ў абавязак неадкладна выправіць з пазіцый уласнага досведу і ведаў паданні сённяшняга дня пра эпоху, у якую ён жыў. Дзякуючы такому перапісванню і самавыпраўленню, за якое час ад часу бяруцца асобныя мудрацы, нашая гісторыя яшчэ не ператварылася ў чыстую казку.
— Прашу мне прабачыць, — сказаў тут доктар Зубдамус, мякка паклаўшы сваю руку на руку егіпцяніна, — прашу мне прабачыць, але ці магу я на хвілінку вас перапыніць?
— Канечне, сэр, — адказаў граф і замаўчаў.
— Мне толькі хацелася задаць вам адно пытанне, — сказаў доктар. — Вы казалі пра тое, што гісторык сам выпраўляе памылкі ў паданнях пра яго эпоху. Тады скажыце, прашу вас, колькі праўды звычайна заставалася ва ўсёй гэтай кабалістыцы?
— Уся гэтая, як вы правільна заўважылі, кабалістыка звычайна выяўляецца настолькі ж праўдзівай, як і факты ў кнігах, якія самі гісторыкі потым не перапісвалі: невядома ніводнае дэталі, якая так ці іначай не была б цалкам і дарэшты памылковай.
— Калі мы з вамі высветлілі, — працягнуў доктар, — што з часу вашага пахавання прайшло не менш за пяць тысяч гадоў, я ўпэўнены, што вашыя тагачасныя гістарычныя працы, а можа, нават паданні ўтрымлівалі шмат падрабязнай інфармацыі на тэму, цікавую для усіх, — тэму стварэння свету, якое адбылося, як вы, мабыць, ведаеце, усяго за тысячу гадоў да вашага нараджэння.
— Прашу прабачэння, сэр?.. — не зразумеў граф Хібанахібіё.
Доктар паўтарыў сваю думку, але яму давялося шмат дадаткова тлумачыць, перш чым чужаземец змог яго зразумець. Урэшце апошні няўпэўнена сказаў:
— Згаданыя вамі ідэі, шчыра прызнаюся, для мяне зусім новыя. У мае часы я не ведаў нікога, хто б трымаўся незвычайнай фантазіі, нібыта сусвет (ці гэты свет, калі вам будзе заўгодна) увогуле калісьці меў пачатак. Помніцца, як аднойчы і толькі аднойчы я чуў ад аднаго мысляра штосьці аддалена да гэтага падобнае, звязанае з паходжаннем чалавечае расы. Дарэчы, гэты чалавек ужываў імя Адам, ці Гліна, пра якое вы гаварылі. Аднак ужываў ён яго ў шырокім сэнсе, кажучы пра адвольнае зараджэнне з урадлівай глебы (як зарадзіліся тысячы ніжэйшых відаў), адвольнае зараджэнне, паўтаруся, пяці вялізных чалавечых плямёнаў, што адначасова з'явіліся ў пяці асобных, але амаль роўных частках свету.
Тут мы ўсе паціснулі плячыма, а нехта з нас нават са шматзначным выглядам пастукаў сябе па ілбе. Містэр Сілк Бэкінгем, слізгануўшы поглядам спачатку па патыліцы, а потым па макаўцы Хібанахібіё, зазначыў:
— Такая працягласць чалавечага жыцця ў вашыя часы, а таксама адзінкавыя выпадкі пражывання яго, як вы казалі, па частках, мусілі напраўду моцна паўплываць на агульнае развіццё і назапашванне ведаў. А таму я мяркую, што мы можам вытлумачыць відавочнае адставанне ўсіх дасягненняў старажытнаегіпецкай навукі ад сучасных, асабліва ад дасягненняў янкі, надзвычайнай цвёрдасцю егіпецкіх чарапоў.
— Мушу прызнацца, — пачціва сказаў граф, — што я згубіў вашую думку. Скажыце, калі ласка, якія дасягненні навукі вы маеце на ўвазе?