Тады мы загаварылі пра каштоўнасці і значнасць дэмакратыі і паспрабавалі, хоць і з сур'ёзнымі цяжкасцямі, уразіць графа тымі разумнымі перавагамі, якімі мы карысталіся, галасуючы як душа пажадае і не маючы над сабой караля.
Граф слухаў нас з відавочнай цікавасцю: выглядала, што нашыя словы яго добра павесялілі. Калі мы скончылі, ён зазначыў, што калісьці даўно ў іх адбывалася нешта падобнае да гэтага. Трынаццаць егіпецкіх правінцыяў вырашылі раптам зрабіцца свабоднымі і паказаць прыўкрасны прыклад усяму чалавецтву. Яны склікалі сваіх мудрых мужоў і зляпілі самую выштукаваную канстытуцыю, якая толькі магчымая. Некаторы час яны някепска спраўляліся, вось толькі саманадзейнасць іх была надзвычайнай. Калі гэтыя трынаццаць штатаў аб'ядналіся з астатнімі пятнаццаццю ці дваццаццю, усё скончылася, выліўшыся ў такую гнюсную і невыносную дэспатыю, якая толькі магла існаваць на Зямлі.
Я спытаў, як звалі іх узурпатара.
Наколькі памятаў граф, яго звалі Натоўп.
Не ведаючы, што казаць далей, я ўзвысіў голас і пашкадаваў, што егіпцяне не ведалі пары.
Граф паглядзеў на мяне са здзіўленнем, але прамаўчаў. А маўклівы джэнтльмен з усяе моцы пхнуў мяне локцем у рэбры і прашаптаў, што я ўжо дастаткова паказаў свае здольнасці, здзівіўшыся толькі, як нават такі дурань, як я, можа не ведаць, што сучасны паравы рухавік заснаваны на вынаходніцтве Герона, апісаным Саламонам дэ Ко*.
Параза нашая падавалася непазбежнай, але, на шчасце, доктар Зубдамус, сабраўшыся з думкамі, прыйшоў нам на дапамогу і пацікавіўся, ці могуць егіпцяне скласці нашым сучаснікам сур'ёзную канкурэнцыю ў такім важным пытанні, як адзенне.
Граф зірнуў на штрыпкі сваіх панталонаў, потым узяў адну з фалдаў фрака, паднёс яе да самых вачэй і разглядаў так некалькі хвілінаў. Калі ён урэшце выпусціў яе, яго ўсмешка спакваля распаўзлася ад вуха да вуха, аднак не магу прыгадаць, каб ён штосьці адказаў.
Тут мы павесялелі, і доктар, з вялікай важнасцю падышоўшы да егіпцяніна, пажадаў дазнацца, ці можа даць ён зуб, што яго супляменнікі здолелі калі-небудзь наладзіць вытворчасць «Пігулак Зубдамуса» ці «Таблетак Брандрэта»*.
З глыбокім трымценнем чакалі мы адказу — але марна. Адказу не было. Егіпцянін пачырванеў і апусціў галаву. Ніколі трыюмф не быў такім поўным, ніколі параза не прымалася з такім жалю вартым выглядам. Шчыра кажучы, я не мог нават глядзець на прыгнечаную мумію. А таму ўзяў свой капялюш, суха пакланіўся графу і выйшаў.
Вярнуўшыся дадому, я ўбачыў, што ўжо пятая гадзіна, і тут жа скіраваўся ў ложак. Цяпер дзесяць гадзінаў ранку. Я на нагах з сямі, заняты напісаннем гэтай памятнай нататкі на карысць мае сям'і і ўсяго чалавецтва, якіх я больш ніколі не ўбачу. Мая жонка — змяя. Папраўдзе кажучы, мне дарэшты абрыдла і гэтае жыццё, і гэтае дзевятнаццатае стагоддзе ўвогуле. Я ўпэўнены, што ўсё ідзе кепска. Да таго ж мне страшна цікава, хто будзе прэзідэнтам у 2045-м. А таму як толькі я пагалюся і праглыну кубачак кавы, то адразу ж скіруюся да доктара Зубдамуса і папрашу забальзамаваць мяне на пару стагоддзяў.
Вершы
Тамерлан