Мала каму, мабыць, вядомыя гэтыя радкі, хаця іх аўтар — такі буйны паэт, як Шэлі. Цеплыню іх вобразаў, далікатных і вытанчаных, здольны ацаніць кожны, і глыбей за ўсіх той, хто сам узлятаў у салодкіх крозах пра каханую, каб патануць у духмяным паветры паўднёвай летняй ночы.
Адзін з найлепшых вершаў Ўіліса* — па-мойму, найлепшы з усяго, што ён напісаў, — менавіта праз гэты недахоп — празмерную сцісласць — не здолеў заняць належнае месца ў суджэннях як крытыкаў, так і чытачоў.
Складана пазнаць у гэтым творы Ўіліса, які напісаў столькі нязначных салонных вершаў. Радкі не толькі багатыя і бездакорныя, але і поўныя энергіі, аднак пры гэтым дыхаюць відавочнай і сур'езнай шчырасцю пачуцця, якія б мы марна шукалі ў іншых творах Уіліса.
Пакуль эпічная манія, пакуль ідэя пра тое, што без шматслоўнасці ў паэзіі пашаны не заслужыць, цягам апошніх гадоў, выключна праз сваю бязглуздасць, паступова памірае ў меркаваннях публікі, мы бачым, як наўзамен ёй ідзе ерась занадта відавочная і ілжывая, каб яе можна было доўга цярпець, але якая за кароткі час свайго існавання прынесла нашай паэзіі больш шкоды, чым усе астатнія яе ворагі, разам узятыя. Я маю на ўвазе ерась, якую называюць дыдактызмам. Прынята лічыць, моўчкі і ўголас, наўпрост і ўскосна, што асноўная мэта любой паэзіі — ісціна. Лічыцца, што кожны верш мусіць несці мараль, і па гэтай маралі трэба ацэньваць вартасць твора. Мы, амерыканцы, з асаблівым імпэтам падтрымліваем гэтую ідэю, больш за тое — мы, бостанцы, надзвычай ахвотна развілі яе напоўніцу. Мы забралі сабе ў галаву, што напісаць верш проста дзеля верша ды яшчэ і прызнацца ў гэтым — значыць прадэманстраваць адсутнасць сапраўднай паэтычнай велічы і сілы; аднак калі б мы насамрэч дазволілі сабе зазірнуць у глыбіню свае душы, мы б адразу зразумелі, што няма пад сонцам і ніколі не існавала — дый не можа існаваць — твора, больш велічнага, больш высакароднага, чым гэты самы верш, верш pers se [112], верш, які ёсць толькі вершам і больш нічым, верш, напісаны выключна дзеля самога верша.