Далей неабходна разгледзець умовы сустрэчы закаханага і крумкача, і перш за ўсё — месца дзеяння. У гэтай якасці найбольш натуральна выглядаў бы лес ці поле, аднак мне заўсёды здавалася: каб стварыць уражанне адасобленага эпізоду, абсалютна неабходная замкнёная прастора — як рама для карціны. Такія межы маюць бясспрэчную ўнутраную сілу прыцягваць увагу і падтрымліваць яе сканцэнтраванай, і іх, безумоўна, не варта блытаць з адзінствам месца.
Так я вырашыў, што закаханы будзе ў пакоі — пакоі, святым для яго ў памяць пра тую, што калісьці часта яго наведвала. Пакой багата абстаўлены — выключна дзеля ўвасаблення ідэі, пра якую я ўжо казаў, — ідэі Прыгожага як адзінай сапраўднай тэмы паэзіі.
Вызначыўшы такім чынам месца дзеяння, я павінен увесці і птушку, прычым абсалютна неабходна ўвесці яе праз акно. Ідэя прымусіць закаханага спачатку падумаць, нібыта лопанне крылаў птушкі аб аканіцу — гэта груканне ў дзверы, перарасла ў жаданне ўзмацніць цікаўнасць чытача, падоўжыўшы чаканне, і дадаць яшчэ адно ўражанне, паказаўшы, як закаханы кідаецца адчыняць дзверы, знаходзіць за імі адно цемрадзь і ў выніку пачынае цьмяна ўяўляць, нібыта ў дзверы пагрукаў прывід яго каханай.
Я выявіў у вершы начную непагадзь, па-першае, каб патлумачыць, чаму крумкач шукае прытулку, а па-другое — каб стварыць кантраст з вонкавай ціхамірнасцю пакоя.
Я пасадзіў птушку на бюст Палады таксама дзеля кантрасту паміж мармурам і пер'ем — безумоўна, бюст з'явіўся ў вершы толькі пад уплывам птушкі, — а бюст менавіта Палады быў выбраны, па-першае, як найбольш адпаведны адукаванасці закаханага, а па-другое, праз гучнасць самога слова «Палада».
Прыкладна на сярэдзіне верша я выкарыстаў таксама сілу кантрасту, каб паглыбіць канчатковае ўражанне. Напрыклад, зяўленне крумкача ў нечым фантастычнае і амаль набліжаецца, калі толькі гэта магчыма, да недарэчнага. Ён уваходзіць «паважным крокам», «як прывід дзён сівых»:
У дзвюх наступных строфах гэтае ўражанне яшчэ больш узмацняецца:
Калі развязка такім чынам была забяспечаная, я адразу адкінуў усё фантастычнае і перайшоў да інтанацыі найглыбейшай сур'ёзнасці, пачынаючы ад страфы, якая ідзе пасля працытаванай вышэй:
З гэтага моманту закаханы болей не жартуе і не бачыць у абліччы крумкача нічога фантастычнага. Ён называе яго «злавесны, змрочны дух начных пячор», адчувае сябе «пад крумкачыным позіркам, што пёк і жэр». Такая рэзкая змена думак альбо фантазіяў закаханага мела на мэце гэткім жа чынам змяніць думкі чытача, прывесці яго ў неабходны стан для развязкі, якая цяпер мусіць адбыцца як найхутчэй.