Што за песню спявалі сірэны,
якім імем назваўся Ахіл, калі
хаваўся сярод жанчын? Хоць
гэта і загадкавыя пытанні, але і
яны не застануцца без адказу.
Адметныя асаблівасці розуму, якія адносяцца да аналітычных, самі па сабе амаль не паддаюцца аналізу. Мы мяркуем аб іх толькі па рэальных выніках. Прынамсі, мы ведаем, што для тых, хто валодае аналітычнымі здольнасцямі, асабліва калі чалавек надзелены гэтымі якасцямі шчодра, яны заўсёды ёсць крыніцай самай шчырай радасці.
Гэтак жа, як дужы чалавек цешыцца сваімі фізічнымі здольнасцямі, з захапленнем выконваючы практыкаванні, у час якіх дзейнічаюць мышцы яго цела, аналітык ганарыцца сваёй інтэлектуальнай дзейнасцю, якая дазваляе штосьці разгадваць і разблытваць. Крыніцай асалоды для яго могуць быць самыя банальныя заняткі, праз якія выяўляецца ягоны талент. Такі чалавек захапляецца загадкамі, рэбусамі і крыптаграмамі, дэманструючы ў знойдзеных рашэннях адпаведную ступень праніклівасці, якая для звычайнага ўсведамлення здаецца звышнатуральнай. Вынікі, народжаныя самой душой і сутнасцю метаду, насамрэч здаюцца суцэльным патокам інтуіцыі.
Здольнасці да разгадак, відаць, у значнай ступені спрыяюць матэматычныя даследаванні, і асабліва той іх напрамак, які беспадстаўна і толькі дзякуючы яго функцыям рэгрэсіўнага кірунку назвалі аналізам, як бы аналізам par excellence [37].
Між тым разлік — гэта яшчэ не аналіз. Шахматыст, напрыклад, займаецца першым, не прыкладаючы ніякіх намаганняў да другога. Адсюль вынікае, што ўяўленне пра шахматы з гледзішча іх уплыву на разумовыя здольнасці чалавека вельмі памылковае. Я зараз прапаную вашай увазе не трактат, а толькі выпадковыя назіранні ў якасці ўступу да аднаго ў нейкай ступені незвычайнага апавядання. У сувязі з гэтым я карыстаюся выпадкам, каб зазначыць, што найвышэйшыя здольнасці аналітычнага розуму могуць быць ужытыя з большай карысцю і мэтазгоднасцю ў сціплай гульні — шашках, чым у шахматах, гульні вытанчанай, але павярхоўнай. У шахматах, з іх разнастайнымі фігурамі і мудрагелістымі хадамі, рознымі і пераменнымі велічынямі, складанасць памылкова (і гэтая памылка — даволі распаўсюджаная) успрымаецца як глыбіня. Але тут патрэбная найперш увага. Паслабіш яе — і атрымаецца недагляд, а з ім пралік ці нават пройгрыш. А з прычыны, што шахматныя хады не толькі разнастайныя, але і шматзначныя, шанцы недагляду вялікія, і ў дзевяці выпадках з дзесяці перамагае не больш здольны, а больш уважлівы гулец. У шашках, наадварот, дазваляецца адзін від хадоў з лічанымі варыянтамі, таму і шанцы недагляду нязначныя, уважлівасць сама па сабе амаль не адыгрывае такой ролі, і перавага таго ці іншага боку залежыць ад кемлівасці. Каб быць больш канкрэтным, возьмем партыю шашак, у якой на дошцы засталіся ўсяго чатыры дамкі, і таму пра нейкі недагляд і гаворкі не можа быць. Відавочна, перамога залежыць (калі гульцы роўныя ва ўсіх адносінах) толькі ад удала вышуканага ходу і актыўных разумовых высілкаў. Пазбаўлены звычайных сродкаў, аналітык пранікае ў душу праціўніка, ставіць сябе на яго месца і нярэдка з першага погляду знаходзіць такім чынам той адзіны спосаб (часам да абсурду просты), дзякуючы якому ён можа скіраваць праціўніка на памылковы шлях або прыспешыць, садзейнічаючы тым самым праліку.
Віст здаўна вядомы як добрая школа для развіцця здольнасці, якая завецца разлікам, і вядома, што людзі найвышэйшага ўзроўню інтэлекту знаходзілі ў гэтай гульні невытлумачальную асалоду, грэбуючы шахматамі як нікчэмным заняткам. Несумненна, ніякая іншая гульня нават блізка не патрабуе такіх аналітычных здольнасцяў. Найлепшы ў хрысціянскім свеце шахматыст можа аказацца ўсяго толькі найлепшым гульцом у шахматы, калі ж гаворка ідзе пра высокі клас гульні ў віст, то маецца на ўвазе наяўнасць здольнасцяў да поспеху і ў кожнай іншай сур'ёзнай дзейнасці, звязанай са спаборніцтвам інтэлектаў. Гаворачы пра «высокі клас», я маю на ўвазе тую дасканаласць у гульні, якая ўключае ў сябе веданне ўсіх шляхоў, што вядуць да сумленнай перамогі. Шляхі гэтыя не толькі шматлікія, але і разнастайныя, і часта схаваныя ў патаемных кутках, сярод думак, зусім не дасягальных звычайнаму разуменню. Уменне назіраць — гэта здольнасць дакладна запамінаць, і таму шахматыст, які гуляе засяроджана, будзе мець поспех і ў вісце, бо правілы Хойла* (заснаваныя на простай механіцы гульні) дастаткова зразумелыя ўсім.