Як бачыце, падзел на словы тут адсутнічае. Калі б ён быў, задача б значна спрасцілася. У такіх выпадках варта пачынаць з супастаўлення і аналізу кароткіх словаў, і калі знаходзіцца хоць адно, што складаецца з адзінай літары, напрыклад, «а» ці «і», разгадку, хутчэй за ўсё, можна лічыць справай вырашанай. Але ў дадзеным выпадку, калі падзелу на словы няма, маім першым крокам было вылучыць літары, якія сустракаюцца ў тэксце найчасцей і, адпаведна, тыя, якія сустракаюцца найрадзей. Пасля ўсіх падлікаў у мяне атрымалася наступная табліца:
Знак «8» паўтараецца 33 разы.
«;» — 26 разоў.
«4» — 19 разоў.
«=» і «)» — 16 разоў.
«*» — 13 разоў.
«5» — 12 разоў.
«6» — 11 разоў.
«+» і «1» — 8 разоў
«0» — 6 разоў.
«9» і «2» — 5 разоў.
«:» і «3» — 4 разы.
«?» — 3 разы.
«#» — 2 разы.
«-» і «§» — 1 раз.
Ідзем далей. У ангельскай мове найчасцей ужываецца літара е. За ёй адпаведна — a, o, i, d, h, n, r, s, t, u, y, c, f, g, l, m, w, b, k, p, q, x, z. E сустракаецца так часта, што прыдумаць сказ любой даўжыні, дзе літара е не пераважала б, практычна немагчыма.
Такім чынам, мы ў самым пачатку ствараем падмурак для нечага большага, чым звычайная здагадка. Агульнае прызначэнне дадзенай табліцы цалкам зразумелае, але ў выпадку з нашым шыфрам яе магчымасці мы скарыстаем толькі часткова. Зыходзячы з таго, што найбольш ужываным сімвалам у нас ёсць «8», мы прымем, што гэта і ёсць літара е ангельскага алфавіту. Каб пацвердзіць сваю здагадку, праверым, ці часта сустракаецца падвойны знак «8» бо ў ангельскай мове ўжыванне падвойнага е даволі пашыранае, як, напрыклад, у словах meet, fleet, speed, seen, been, agree і гэтак далей. У дадзеным шыфры мы бачым, што падвойны знак паўтараецца не менш як пяць разоў, хаця сам па сабе тэкст даволі кароткі.
Тады мы прымаем «8» за e. З усяго ангельскага лексікону азначальны артыкль the — самае ўжыванае слова. Такім чынам, давайце праверым, ці не сустракаецца ў нашым шыфры паўтор аднолькавай камбінацыі з трох знакаў, апошнім з якіх быў бы «8». I калі мы напраўду знойдзем паўтор такога спалучэння, то хутчэй за ўсё гэта і будзе слова the. Даследаваўшы шыфр, мы знаходзім не менш чым сем такіх паўтораў, а дадзенае спалучэнне выглядае як «;48». Значыць, мы можам зрабіць выснову, што «;» адпавядае t, «4» адпавядае h, а тое, што «8» ёсць е, ужо не выклікае ніякіх сумневаў. Такім чынам мы зрабілі вялізны крок наперад.
Але, вызначыўшы гэтае адзінае слова, мы атрымалі магчымасць высветліць яшчэ адну важную дэталь — так бы мовіць, пачатак і заканчэнне некаторых іншых словаў. Давайце разгледзім перадапошні выпадак ужывання камбінацыі «;48» амаль у канцы шыфру. Мы ведаем, што «;» ёсць пачаткам слова, і з шасці знакаў, якія ідуць за the, мы разумеем не менш чым пяць. Давайце выпішам іх на паперу, замяняючы сімвалы літарамі-адпаведнікамі і пакідаючы прагалы на месцы пакуль невядомых знакаў. Атрымалася: t eeth.
Цяпер, перабраўшы ўвесь алфавіт у пошуках літары, якая б магла запоўніць гэты прабел, мы прыходзім да высновы, што ў ангельскай мове няма ніводнага слова з такім наборам літар, якое б пры гэтым сканчалася на th, таму мы адразу ж адкідаем дадзенае спалучэнне. Такім чынам, наша слова скарачаецца да
t ee.
I зноў-такі, праштудыяваўшы алфавіт, як і ў папярэднім выпадку, мы знаходзім слова tree («дрэва») як адзіна магчымы варыянт. У нас з'яўляецца яшчэ адна вядомая літара — r, якой у шыфры адпавядае «(», а таксама спалучэнне
the tree.
Прыгледзеўшыся да гэтага радка, мы зноў заўважаем спалучэнне «;48» і прымаем яго як заканчэнне папярэдняга слова. Такім чынам, атрымліваем:
the tree;4(‡?34 the.
I, падставіўшы літары замест сімвалаў, якія мы ўжо расшыфравалі, чытаем:
the tree thr‡?3h the.
Пакінуўшы прабелы ці кропкі на месцы невядомых нам знакаў, маем:
the tree thr... h the.
Слова through адразу кідаецца ў вочы. Больш за тое, гэтае адкрыццё дорыць нам тры новыя літары: o,u i g, якія ў шыфры замяшчаюць «=», «?» і «3» адпаведна.
Цяпер, больш пільна праглядаючы шыфр у пошуках новых вядомых нам сімвалаў, амаль у самым пачатку тэксту мы сустракаем наступнае спалучэнне:
«83(88», ці egree,
якое натуральным чынам ёсць заканчэннем слова degree («градус»), і яно дае нам новую літару d, што ў шыфры ёсць знакам «+».
За чатыры сімвалы да слова degree мы знаходзім камбінацыю «;46(;88».
Замяшчаючы ўжо вядомыя нам знакі і падстаўляючы, як і раней, замест невядомых кропкі, чытаем: th. rtee.. Такое спалучэнне адразу наводзіць на думку пра слова thirteen («трынаццаць») і зноў адорвае нас дзвюма новымі літарамі: i і п, што зашыфраваныя знакамі «6» і «*».
Звяртаючыся, у сваю чаргу, да пачатку шыфру, мы бачым наступную камбінацыю:
«53==+».
Дэшыфруючы яе, як і раней, атрымліваем good («добры»). Гэта пераконвае нас, што першая літара — А (неазначальны артыкль), а першыя два словы — A good («добрае»).
Прыйшоў час упарадкаваць знойдзеныя намі адпаведнікі сімвалам у выглядзе табліцы, каб пазбегнуць непатрэбнай блытаніны. Табліца будзе выглядаць наступным чынам:
«5» адпавядае знаку a
«+» — d
«8» — е
«3» — g
«4» — h
«6» — i
«*» — n
«=» — o
«(» — r
«;» — t