— Вы, канечне, чулі мноства гісторый, тысячы няпэўных пагалосак, што апавядаюць пра грошы, закапаныя капітанам Кідам і яго памагатымі на берагах Атлантыкі. Гэтыя гісторыі мусілі ж на чымсьці грунтавацца. I прычына таго, што чуткі існуюць так доўга і даўна, падалося мне, заключалася менавіта ў тым, што закапаны скарб дагэтуль не знойдзены. Калі б Кід толькі часова схаваў свой рабунак, а потым забраў яго назад, наўрад ці пагалоскі дайшлі б да нас у сваім першапачатковым выглядзе. Заўважце, што ўсе гэтыя гісторыі — пра шуканне скарбу, а не яго знаходку. Мне ўявілася, што неяк выпадкова — прыкладам, праз згубу дакумента з апісаннем месцазнаходжання багацця, — капітан быў пазбаўлены магчымасці знайсці яго зноў. Тым часам пра гэтую акалічнасць дазналіся яго паслядоўнікі, якія дагэтуль нават не здагадваліся, што багацце было схавана, і, безвынікова спрабуючы без мапы знайсці яго, спарадзілі, а потым распаўсюдзілі сведчанні, якія мы сустракаем цяпер. Ці даводзілася вам калі-небудзь чуць пра буйныя скарбы, раскапаныя на ўзбярэжжы?
— Не, ніколі.
— Але пра неймаверную каштоўнасць здабычы Кіда вядома ўсім. Я зыходзіў з таго, што яго багацце дагэтуль перабывае ў зямлі, і наўрад ці вы здзівіцеся, калі я скажу, што я адчуў надзею, амаль перакананне, што гэты дзіўным чынам знойдзены пергамент меў непасрэднае дачыненне да страчанага дакумента з пазнакай месцазнаходжання скарбу.
— I што вы рабілі далей?
— Калі агонь мацней разгарэўся, я зноў паднёс да яго пергамент, але нічога не з'явілася. Цяпер у мяне закралася падазрэнне, што, магчыма, мае спробы заканчваюцца няўдачай праз тоўсты слой бруду на паверхні. Таму я асцярожна прамыў пергамент цёплай вадой, а пасля паклаў яго на патэльню чэрапам уніз і паставіў на гарачае вуголле. Праз некалькі хвілінаў, калі патэльня ўжо моцна нагрэлася, я зняў пергамент і вельмі ўзрадаваўся, пабачыўшы ў некалькіх месцах на ім невялікія пляміны, якія, як выявілася, былі шэрагамі знакаў. Я зноў паклаў пергамент на патэльню і патрымаў яго так яшчэ з хвіліну. Калі я зноў яго зняў, ён выглядаў менавіта так, як цяпер.
З гэтымі словамі Легран, які загадзя разагрэў пергамент, працягнуў яго мне. Вышэйзгаданыя знакі былі груба накрэсленыя чырвоным атрамантам на месцы між выявамі чэрапа і кіта:
53 = = + 3 0 5)) 6 *; 4 8 2 6) 4 = §) 4 =); 8 0 6 *; 4 8 + 8 # 6 0))
8 5; 1 = (;: = * 8 + 8 3 (8 8) 5 * +; 4 6 (; 8 8 * 9 6 *?; 8) * = (; 4 8 5);
5* + 2:* = (;4956*2(5*-4)8#8*;406928 5);) 6 + 8) 4 = =;
1 (= 9; 4 8 0 8 1; 8: 8 = 1; 4 8 + 8 5; 4) 4 8 5 + 5 2 8 8 0 6 * 8 1 (= 9;
4 8; (8 8; 4 (=? 3 4; 4 8) 4 =; 1 6 1;: 1 8 8; =?;
— Але, — прамовіў я, вяртаючы яму пергамент, — усё роўна не ведаю, што і думаць. Калі б нават усе багацці Галконды* чакалі мяне, развяжы я гэтую задачку, я зусім не пэўны, што змог бы іх здабыць.
— I ўсё ж разгадка, — працягваў Легран, — зусім не такая заблытаная, як вы сабе ўяўляеце, хуценька прабегшыся поглядам па гэтых пісьмёнах. Можна лёгка здагадацца, што знакі складаюць пэўны шыфр і, такім чынам, маюць нейкі сэнс. Грунтуючыся на агульнавядомых звестках пра Кіда, я меркаваў, што ён не здатны на стварэнне звышскладанага коду, і таму адразу ж вырашыў, што шыфр гэты сам па сабе не цяжкі, а такі, на які здатны прымітыўны розум марака, то бок проста патрабуе ключа.
— I вы напраўду знайшлі яго?
— Лёгка. Я разгадваў шыфры, у дзесяць тысяч разоў больш складаныя, чым гэты. Абставіны і пэўныя разумовыя схільнасці прывялі мяне да зацікаўленасці такімі задачкамі, і я не веру, што чалавечая кемлівасць здольная стварыць такую загадку, якую б іншая чалавечая кемлівасць, пры адпаведных высілках, не змагла б развязаць. Больш за тое, з самага пачатку вызначыўшы дакладную ўзаемасувязь паміж сімваламі, мне стала прасцей раскрыць іх сэнс.
У дадзеным выпадку, і гэта датычыць любога закадаванага тэксту, найперш варта вызначыцца з мовай, на якой напісаны шыфр. Што да спосабаў дэшыфроўкі, галоўным чыннікам будзе выступаць характар самой мовы, і гэта асабліва праўдзіва для простых кодаў. Наогул, не існуе іншага спосабу, як перабіраць розныя мовы, беручы пад увагу ўсе варыянты, пакуль патрэбная мова не будзе знойдзеная. Але ўсе цяжкасці дадзенага шыфру здымаліся подпісам на пергаменце. Гульня словаў «кіт» і «Кід» яскрава сведчыла, што гаворка ішла пра капітана Кіда, які як ангелец натуральна карыстаўся ангельскай мовай. Але перш чым рабіць такія высновы, я ўзяўся за гішпанскую і французскую мовы, на якіх таямніца піратаў Гішпанскага мацерыка* хутчэй за ўсё і магла быць перададзеная. Пасля гэтых спробаў я пераканаўся, што мова шыфру — ангельская.