Я спусціўся на выступ, і выявілася, што ўладкавацца на ім магчыма толькі ў адной позе. Гэты факт пацвердзіў мае ранейшыя здагадкі. Я ўзяў у рукі падзорную трубу. Натуральна, «сорак адзін градус і трынаццаць хвілінаў» было вышынёй над лініяй далягляду, а гарызантальны кірунак яскрава адлюстроўвалі словы «поўнач-усход-поўнач». Спачатку я лёгка зарыентаваўся з дапамогай кішэннага компаса, а потым, трымаючы трубу пад вуглом, максімальна блізкім да сорак аднаго градусу, бо мераў на вока, я рухаў трубу то ўверх, то ўніз, пакуль маю ўвагу не прыцягнула круглая дзірка ці прагал у лістоце вялізнага дрэва, якое высока сягала па-над іншымі. У самым цэнтры прагалу я заўважыў белую пляму, але спачатку ніяк не мог разгледзець, што гэта. Падладжваючы фокус трубы, я зноў прыгледзеўся і нарэшце зразумеў: гэта быў чалавечы чэрап.
Пасля такога адкрыцця я вельмі ўзрадаваўся, бо лічыў таямніцу ўжо раскрытай: выраз «галоўны сук сёмая галіна ўсходні бок» мог характарызаваць толькі месцазнаходжанне чэрапа на дрэве, а «страляй з левага вока мёртвай галавы» таксама мела адно-адзінае тлумачэнне і датычыла таго месца, дзе схаваны скарб. Я меркаваў, рабіць трэба было наступнае: выпусціць кулю праз левае вока чэрапа, потым правесці простую лінію ад найбліжэйшай часткі дрэва праз «стрэл», то бок тое месца, куды ўпала куля, і, працягнуўшы яе яшчэ на пяцьдзясят футаў, атрымаць пэўны пункт, дзе, як я думаў, прынамсі гіпатэтычна будзе каштоўны скарб.
— Усё гэта, — сказаў я, — даволі ясна і хоць крыху мудрагеліста, але проста й дасціпна. А што было, як вы сышлі з «Біскупавага двара»?
— Ну, уважліва вывучыўшы, дзе месціцца дрэва, я накіраваўся дахаты. Дарэчы, як толькі я злез з «чортавага крэсла», прагал у лістоце знік, і як я пазней ні намагаўся яго заўважыць ізноў, нічога не атрымлівалася. Вось гэта мне і падалося найвялікшай цікавосткай — як я ні спрабаваў пабачыць той прагал у лістоце, прыкметны ён быў толькі з вузкага выступу, «чортавага крэсла», і больш ніадкуль.
Да «Біскупавага двара» мяне праводзіў Юпітэр, які, без сумневу, заўважыў маю збянтэжанасць цягам апошніх тыдняў і, усхваляваны маімі паводзінамі, ні пры якіх абставінах не хацеў пакідаць мяне аднаго. Але наступнага дня, імкнучыся ўнікнуць яго апекі, я прачнуўся вельмі рана і адзін выправіўся ў горы шукаць тое дрэва. Хоць і моцна знясілеўшы, я знайшоў яго. А калі вярнуўся дахаты, мой служка вырашыў даць мне чосу. Пра астатнія прыгоды, мяркую, вы ведаеце не горш за мяне.
— Падаецца, — адказаў я, — першым разам вы памыліліся з месцам праз дурасць Юпітэра, бо той, пераблытаўшы, працягнуў нітку з жуком праз правае вока замест левага?
— Дакладна. У тым месцы, дзе мы пазначылі месца «стрэлу» і ўбілі калок, хібнасць была два з паловай дзюймы. Калі б скарб быў менавіта пад «стрэлам», дык вялікай праблемы не было б, але ж «стрэл» і найбліжэйшае месца ствала ўяўлялі сабой усяго толькі два пункты для пабудовы простай, і хаця спачатку хібнасць была амаль незаўважнай, праз пяцьдзясят футаў яна ўжо значна адводзіла нас убок. I калі б не мая цвёрдая перакананасць, што недзе тут закапаны скарб, нашыя высілкі маглі стацца дарэмнымі.
— Мяркую, ідэю прапусціць кулю праз вока чэрапа Кіду падказала выява на пірацкім сцягу. Ды і самой задуме вярнуць грошы такім злавесным чынам не бракуе паэтычнага густу.
— Магчыма, вы маеце рацыю. Але ж мне падаецца, паэтычнасць тут у большай ступені абавязаная здароваму глузду. Бо каб з «чортавага крэсла» заўважыць невялічкі прадмет, ён мусіць быць менавіта белым, а што найлепшым чынам адпавядае гэтай мэце, як не чалавечы чэрап, які дажджы і непагадзь з часам адбельваюць яшчэ больш?
— А гэтае вашае красамоўства і маханне жуком! Я быў проста ўпэўнены, што вы звар'яцелі! I чаму вы так настойвалі, каб праз вока чэрапа прайшоў менавіта жук, а не куля?
— Ведаеце, папраўдзе кажучы, мяне крыху раззлавала вашая яўная няўпэўненасць у маім душэўным здароўі, і таму я вырашыў вас злёгку, па-свойму, пакараць, разыграўшы невялікую містыфікацыю. Менавіта з гэтай прычыны я размахваў жуком на нітцы і загадаў спусціць яго з дрэва. Вашая ж заўвага пра яго незвычайную вагу і падштурхнула мяне да гэтых хітрыкаў.
— Так, цяпер разумею. Тады ў мяне ўзнікае толькі адно пытанне: што гэта за шкілеты, якія мы знайшлі ў яміне?
— На яго мне гэтаксама цяжка знайсці адказ, як і вам. Але па-мойму, тут ёсць толькі адно магчымае тлумачэнне, у жорсткасць і бесчалавечнасць якога страшна паверыць. Зразумела, што Кід, закопваючы свае скарбы (калі, канечне, гэта быў ён, а ў мяне на гэты конт няма ніякіх сумневаў), рабіў цяжкую справу не адзін. А калі ўсё было зроблена, ён, мабыць, палічыў мэтазгодным прыбраць непажаданых сведкаў сваёй таямніцы. Магчыма, пары ўдараў матыкай, пакуль памагатыя завіхаліся ў яміне, было дастаткова, а можа, спатрэбілася і з дзясятак — хто ведае?
Забойствы на вуліцы Морг