Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

– Пра гэта варта падумаць. А, вось яшчэ: запіску прынеслі Ўільяму, але гэта быў не той, хто яе напісаў, бо іначай ён бы паведаміў усё вусна. Тады хто яе прынёс? Ці яна прыйшла па пошце?

– Я даведаўся, – сказаў інспектар. – Ўільям атрымаў ліст з вечаровай поштай. Канверт ён знішчыў.

– Бліскуча! – усклікнуў Холмс, пляснуўшы яго па плячы. – Вы ўжо сустрэліся з паштальёнам. Працаваць з вамі – адно задавальненне. А вось і вартоўня, палкоўнік, зараз я пакажу вам месца злачынства.

Мы прамінулі прыгожы дамок, дзе жыў забіты, і пайшлі дубовай алеяй да цудоўнага старога будынка ў стылі каралевы Анны з высечанай датай бітвы пры Мальплаке над перамычкай*. Холмс з інспектарам абагнулі дом, падвёўшы нас да бакавой брамы, якую сад аддзяляў ад жывой агароджы, што выцягнулася ўздоўж дарогі. Ля дзвярэй кухні стаяў паліцэйскі.

– Расчыніце дзверы, канстэбль, – сказаў Холмс. – Значыць, так: вось лесвіца, з якой малады містэр Канінгем назіраў бойку двух мужчынаў, акурат з гэтага месца. Стары містэр Канінгем стаяў вунь ля таго акна – другога злева – і бачыў, як забойца ўцёк праз тыя кусты. Затым містэр Алек збег уніз і схіліўся над параненым. Зямля вельмі цвёрдая, як бачыце, і слядоў, якія мы маглі б прасачыць, няма ўвогуле.

Пакуль ён гаварыў, з-за рогу выйшлі двое мужчын і па садовай сцежцы скіраваліся да нас. Першы – пажылы, са строгім тварам, спярэшчаным глыбокімі зморшчынамі, і цяжкім позіркам. Другі – зухаваты малады хлопец, чыя прыязная ўсмешка і яркі касцюм дзіўна кантраставалі з абставінамі, што прывялі сюды нас.

– Што, ніякіх зрухаў? – спытаў ён у Холмса. – А я думаў, вы, лонданцы, ніколі не прамахваецеся. Вы ўвогуле не выглядаеце надта спрытным.

– О, дайце нам крыху часу, – дабрадушна адказаў Холмс.

– Ён вам спатрэбіцца, – кінуў Алек Канінгем. – Не бачу ў гэтай справе ніякіх зачэпак.

– Адна ёсць, – заўважыў інспектар. – Мяркую, калі мы знойдзем… Божа мой, містэр Холмс, што з вамі?!

Твар майго беднага сябра раптам набыў страшны выраз. Вочы вырачыліся, рысы сказіла пакута, і з прыдушаным стогнам Холмс паваліўся на зямлю. У жаху ад такога раптоўнага і цяжкога прыпадку мы аднеслі яго ў кухню, дзе ён некалькі хвілінаў цяжка дыхаў, паўлежачы на вялікім крэсле, пасля чаго падняўся на ногі і сарамліва перапрасіў за сваю слабасць.

– Ўотсан пацвердзіць, што я толькі-толькі ачуняў ад цяжкой хваробы, – растлумачыў ён. – Са мною здараюцца раптоўныя нервовыя прыпадкі.

– Можа, адправіць вас дамоў на маёй двухколцы? – запытаў стары Канінгем.

– Пакуль я тут… ёсць адно пытанне, якое я хачу ўдакладніць. Мы вельмі лёгка спраўдзім яго.

– Што за яно?

– Мне падаецца цалкам магчымым тое, што няшчасны Ўільям зайшоў у дом не да, а пасля з’яўлення там забойцы. Вы, здаецца, адназначна ўпэўненыя, што рабаўніка ўнутры не было, хаця дзверы і ўзламаныя.

– Я лічу, што гэта відавочна, – сур’ёзна сказаў містэр Канінгем. – Мой сын Алек яшчэ не клаўся спаць, і ён абавязкова пачуў бы, калі б там нехта быў.

– Дзе ён сядзеў?

– Я курыў у гардэробным пакоі.

– Гэта якое акно?

– Першае злева, побач з бацькавым.

– Вы запалілі абедзве вашыя лямпы, мяркую?

– Безумоўна.

– Тут ёсць некалькі вартых увагі момантаў, – з усмешкай сказаў Холмс. – Вам не падаецца непраўдападобным, што ўзломшчык, які ўжо меў досвед такіх злачынстваў, свядома ўварваўся ў дом, калі па запаленых лямпах было бачна, што вы абодва яшчэ не спіце?

– Відаць, у яго жалезная вытрымка.

– Калі б справа не была заблытанай, мы б не звярнуліся да вас па яе тлумачэнне, – заўважыў малады містэр Алек. – Але вашая ідэя пра тое, што забойца паспеў абрабаваць дом да таго, як яго заспеў Ўільям, падаецца мне абсурднай. Няўжо б мы не ўбачылі беспарадку і не заўважылі, што нешта скралі?

– Гледзячы што скралі, – адказаў Холмс. – Варта памятаць, што мы маем дачыненне з даволі эксцэнтрычным рабаўніком, які працуе па ўласнай схеме. Вось, напрыклад, рэчы, скрадзеныя ў Эктана – што там? Скрутак шпагату, прэс-пап’е і яшчэ нейкі хлам.

– Што ж, аддаемся ў вашыя рукі, містэр Холмс, – сказаў стары Канінгем. – Мы выканаем усё, што прапануеце вы з інспектарам.

– Перш за ўсё, – пачаў Холмс, – я прапаную вам прызначыць узнагароду ад свайго імені, бо пакуль у паліцыі дамовяцца пра суму, міне час, а ў такіх справах варта спяшацца. Я тут накідаў тэкст, і калі вы не маеце пярэчанняў, будзьце ласкавыя яго падпісаць. Думаю, пяцідзесяці фунтаў будзе дастаткова.

– Я ахвотна даў бы і пяць сотняў, – сказаў міравы суддзя, беручы пададзеныя яму Холмсам аркуш і аловак і бегла праглядаючы тэкст. – Але тут не ўсё слушна, дарэчы.

– Я крыху спяшаўся.

– Зірніце на пачатак. «Паколькі ў ноч на аўторак, а палове дванаццатай, была здзейсненая спроба…» і гэтак далей. Вядома ж, што ўсё здарылася без чвэрці дванаццаць.

Мяне засмуціла Холмсава памылка: я добра ведаў, як блізка да сэрца ён бярэ любую сваю прамашку. Ён заўсёды славіўся дакладнасцю ў тым, што датычыла фактаў, але хвароба падкасіла яго, і гэты дробны выпадак паказаў мне, наколькі мой сябар яшчэ не падобны да сябе ранейшага.

Перейти на страницу:

Похожие книги