Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

Холмс на хвілю сумеўся, інспектар здзіўлена падняў бровы, а Алек Канінгем пырснуў смехам. Стары ж джэнтльмен выправіў памылку і вярнуў паперку Холмсу.

– Надрукуйце як мага хутчэй, – сказаў ён. – Ідэя цудоўная.

– Холмс асцярожна паклаў аркуш у свой нататнік.

– А цяпер, – сказаў ён, – было б добра разам прайсціся па доме і паглядзець, ці не знёс усё ж такі чаго гэты арыгінал.

Перад тым як увайсці, Холмс старанна агледзеў узламаныя дзверы. Было відавочна, што папрацавалі стамескай альбо моцным нажом, якім адвялі назад зашчапку замка. На дрэве мы ўбачылі сляды ў тым месцы, дзе прайшліся вострым.

– А вы на засаўку не замыкаеце? – спытаў Холмс.

– Мы ніколі не лічылі гэта патрэбным.

– Сабакі няма?

– Ёсць, але ён навязаны на ланцуг з іншага боку дома.

– Калі кладзецца спаць прыслуга?

– Каля дзесяці.

– Як я разумею, Ўільям зазвычай таксама клаўся ў гэты час.

– Так.

– Дзіўна, што менавіта ў гэтую ноч ён быў на нагах. А цяпер я буду вельмі ўдзячны, калі вы зробіце ласку паказаць нам дом, містэр Канінгем.

З выкладзенага каменнымі плітамі калідора, праз які можна было прайсці да кухняў, на другі паверх вяла драўляная лесвіца. Яна выходзіла на пляцоўку насупраць больш пышнай лесвіцы, якая вяла з хола*. З пляцоўкі ж была бачная гасцёўня, а таксама некалькі спальняў, у тым ліку абодвух Канінгемаў. Холмс ішоў павольна, робячы праніклівыя заўвагі наконт архітэктуры будынка. Па яго твары я зразумеў, што ён узяў след, але не меў ніякага ўяўлення, у якім кірунку вядуць яго ягоныя высновы.

– Паважаны сэр, – крыху нецярпліва прамовіў містэр Канінгем, – гэта сапраўды залішне. Мой пакой у канцы лесвіцы, пакой майго сына наступны. Мяркуйце самі, ці мог злодзей падняцца сюды, не патрывожыўшы нас.

– Лепш абыдзіце вакол і пашукайце свежых слядоў, – сказаў ягоны сын з даволі злоснай усмешкай.

– Усё ж вымушаны прасіць яшчэ крыху паспагадаць мне. Напрыклад, я б хацеў паглядзець, які агляд даюць вокны спальняў. Вось гэта, я так разумею, пакой вашага сына, – Холмс расчыніў дзверы, – а гэта, мабыць, гардэробны пакой, дзе ён курыў, калі ўсчаўся перапалох. Куды выходзіць акно гэтага пакоя? – ён прайшоў праз спальню, пхнуў дзверы і бегла агледзеў суседні пакой.

– Спадзяюся, вы ўрэшце задаволеныя? – з’едліва спытаў містэр Канінгем.

– Дзякую, здаецца, я ўбачыў усё, што хацеў.

– Калі гэта сапраўды неабходна, можам прайсці ў мой пакой.

– Калі гэта не моцна вас абцяжарыць…

Міравы суддзя паціснуў плячыма і правёў нас у сваю спальню, цалкам звычайна абстаўленую. Калі мы скіраваліся да акна, Холмс запаволіў крок, і мы з ім аказаліся апошнімі ў нашай невялікай групе. Ля ложка на стале стаялі спод з апельсінамі і графін з вадою. Праходзячы міма, Холмс, да майго неймавернага здзіўлення, нахіліўся і наўмысна перавярнуў усё гэта проста перада мной. Графін разбіўся на тысячу аскепкаў, апельсіны разляцеліся па ўсім пакоі.

– Што вы нарабілі, Ўотсан, – бессаромна сказаў Холмс. – На дыване цяпер чорт ведае што творыцца.

Збянтэжаны, я спыніўся і пачаў падбіраць фрукты, зразумеўшы, што мой кампаньён чамусьці хоча, каб я ўзяў віну на сябе. Астатнія паспяшаліся мне дапамагчы і паставілі стол на ножкі.

– Гэй! – усклікнуў інспектар. – Куды ён падзеўся? Холмса ў пакоі не было.

– Пачакайце тут хвіліну, – сказаў Алек Канінгем, – мне здаецца, хлопец з’ехаў з глузду. Хадзем, тата, паглядзім, дзе ён прапаў.

Яны выбеглі з пакоя, пакінуўшы нас з інспектарам і палкоўнікам ашалела пазіраць адзін на аднаго.

– Шчыра кажучы, я амаль згодны з містэрам Алекам, – прамовіў Форэстэр. – Магчыма, гэта праз хваробу, але мне здаецца, што… І тут яго перарваў раптоўны крык: «Дапамажыце! Забіваюць». Я з жахам пазнаў голас майго сябра і на злом галавы пабег на пляцоўку. Крык, які ўжо змяніўся неразборлівым хрыпеннем, ішоў з пакоя, які мы агледзелі першым. Я кінуўся туды і ўварваўся ў гардэроб. Абодва Канінгемы схіліліся над распасцёртым на падлозе целам Шэрлака Холмса. Малодшы душыў яго абедзвюма рукамі, а старэйшы выкручваў яму запясці. Праз імгненне мы ўтраіх адарвалі іх ад дэтэктыва, і Холмс, хістаючыся, падняўся на ногі, вельмі бледны і відавочна вельмі ўзрушаны.

– Арыштуйце гэтых людзей, інспектар, – задыхаючыся, сказаў ён.

– А падстава?

– Па абвінавачанні ў забойстве іхнага фурмана Ўільяма Кірвена.

Інспектар разгублена ўтаропіўся ў яго.

– Вы ж не маеце на ўвазе, што…

– Ды чорт бяры, вы зірніце на іх! – рэзка ўскрыкнуў Холмс.

Ніколі раней я не бачыў на чалавечых тварах такога відавочнага прызнання віны. Бацька здранцвеў і знямеў, а яго суровы твар застыў панурай маскаю. Сын жа, наадварот, скінуў усю сваю жвавасць і зухаватасць, і ягоныя цёмныя вочы загарэліся лютасцю дзікага небяспечнага звера, якая сказіла прыгожыя рысы. Інспектар нічога не сказаў і, адступіўшы да дзвярэй, падзьмуў у свісток. У пакой зайшлі два канстэблі.

– У мяне няма выбару, містэр Канінгем, – сказаў ён. – Веру, што гэта выявіцца недарэчнай памылкаю, але ж вы самі разумееце… Ах, вось вы як?! А ну кіньце! – ён зрабіў выпад, і рэвальвер з узведзеным курком, які трымаў малады Канінгем, з грукатам зваліўся на падлогу.

Перейти на страницу:

Похожие книги