Ён прывёз іх дадому, на вуліцу Пакутнікаў, і яны самотна падняліся да сябе. Для яе ўсё было скончана. А ён думаў пра тое, што а дзесятай гадзіне яму трэба быць у міністэрстве.
Яна падышла да люстра і зняла паўкажушок, каб яшчэ раз убачыць сябе ва ўсім харастве. Але раптам ускрыкнула. Караляў на шыі не было!
Муж, ужо паўраздзеты, спытаўся:
— Што там у цябе?
Вельмі разгубленая, у роспачы, яна павярнулася да яго:
— У мяне... я... я згубіла каралі пані Фарэсцье.
Ён збянтэжана падскочыў:
— Што!.. Як?.. Гэтага не можа быць!
Яны кінуліся шукаць у складках сукенкі, у складках паўкажушка, у кішэнях, паўсюль. Але нічога не знайшлі.
Ён запытаўся:
— Ты ўпэўнена, што, калі адыходзіла з балю, яны ў цябе яшчэ былі?
— Але, я іх кратала ў вестыбюлі міністэрства.
— Але каб ты іх згубіла на вуліцы, мы б пачулі, як яны ўпалі. Мусіць, яны засталіся ў фіякры.
— Хутчэй за ўсё. Ты запомніў нумар?
— Не. А ты? Таксама не паглядзела?
— Не.
Яны ўзіраліся адно ў аднаго, прыгнечаныя сваім горам. Тады Люазэль пачаў зноў адзявацца.
— Пайду, — сказаў ён, — прайдуся, дзе мы ішлі пешкі, пагляджу, можа, яшчэ пашанцуе знайсці.
І ён выйшаў. А яна так і засталася сядзець у вячэрнім убранні, не могучы ні пайсці спаць, ні падняцца з крэсла, каб запаліць агонь, не могучы ні пра што думаць.
Муж вярнуўся пад сёмую гадзіну. Ён нічога не знайшоў.
Зранку ён пабег у паліцэйскую прэфектуру, хадзіў па рэдакцыях газет, даваў аб'явы, абяцаючы ўзнагароду, завітаў у вазоўні да рамізнікаў — хадзіў паўсюль, куды толькі яго штурхала надзея.
Яна чакала ўвесь дзень, у такім самым здранцвенні, прыбітая жахлівай бядою, што іх напаткала.
Люазэль вярнуўся ўвечары, змарнелы, са збялелым тварам; даведацца ён нічога не здолеў.
— Трэба напісаць тваёй сяброўцы, — сказаў ён, — што на каралях зламаўся замочак, і ты іх аддала адрамантаваць. Гэта нам дасць яшчэ крыху часу, а тады, можа, выкруцімся.
Яна напісала ліст пад яго дыктоўку.
Праз тыдзень яны страцілі ўсе надзеі. І Люазэль, які выглядаў пастарэлым на пяць гадоў, заявіў:
— Трэба пастарацца іх неяк замяніць.
Назаўтра яны ўзялі футарал, у якім некалі ляжалі каралі, і пайшлі да ювеліра, імя якога было пазначана на накрыўцы. Той прагартаў свае кнігі:
— Гэтыя каралі, пані, куплены не ў мяне. Мусіць, я прадаў толькі футарал.
Тады яны пачалі хадзіць ад ювеліра да ювеліра, спадзеючыся знайсці дакладна такую ж аздобу, капаліся ў памяці, прыгадваючы, як выглядала згубленая, ужо ледзь дыхалі, змардаваныя абодва праз скруху і гора.
Нарэшце ў адной з крамаў Пале-Руаяля яны знайшлі дыяментавыя пацеркі, якія здаліся ім акурат такімі, як яны шукалі. Каштавалі яны сорак тысяч франкаў. Ім саступалі за трыццаць шэсць тысяч.
Яны папрасілі ювеліра тры дні іх нікому не прадаваць і дамовіліся, што гэтыя каралі ў іх прымуць назад за трыццаць чатыры тысячы франкаў, калі першыя будуць знойдзены да канца лютага.
У Люазэля было васемнаццаць тысяч франкаў, якія пакінуў яму бацька. Рэшту ён меўся пазычыць.
І ён пачаў пазычаць, выпрошваў тысячу франкаў у аднаго, пяцьсот у другога, сто франкаў тут, шэсцьдзесят франкаў там. Ён падпісваў вэксалі, згаджаўся на самыя вялікія працэнты, звязаўся з ліхвярамі, з самымі рознымі пазыччыкамі. Ён укрыў даўгамі ўсё сваё жыццё да самых апошніх дзён, даваў распіскі, не ведаючы нават, ці здолее іх калі аплаціць, і, прыгнечаны страхам перад пакутліваю будучыняй, перад непрагляднаю нэндзай, якая насоўвалася на яго, і перад сумнаю перспектывай матэрыяльных нястач і маральных нягод, ён паехаў па новыя каралі і вылажыў перад гандляром трыццаць шэсць тысяч франкаў.
Калі пані Люазэль прынесла аздобу пані Фарэсцье, тая сказала незадаволеным голасам:
— Магла б прынесці мне іх і раней, бо мне яны таксама маглі спатрэбіцца.
Яна нават не раскрыла футарала, чаго так баялася яе сяброўка. Што б яна магла падумаць, каб заўважыла падмену? Што б яна сказала? Можа, яна палічыла б яе за зладзейку?
Пані Люазэль спазнала жахлівае жабрацкае жыццё. Зрэшты, яна адразу і гераічна скарылася перад сваім лёсам. Трэба было плаціць гэты пачварны доўг. І яна плаціла. Яны развіталіся з пакаёўкай, з'ехалі з кватэры, знялі ўбогі катух на паддашку.
Яна спазнала цяжкую хатнюю працу, агіднае корпанне каля кухоннай пліты. Яна мыла посуд, заломваючы свае выпешчаныя ружовыя пазногці аб тлустыя гаршкі і закураныя рондалі. Прала брудную бялізну, мыла кашулі, церла мылам анучы і пасля развешвала ўсё гэта сушыцца на дроце; кожную раніцу яна выносіла на двор смецце і цягнула наверх ваду, спыняючыся перадыхнуць на кожным паверсе. І адзетая, як звычайная, простая кабета, з кашом у руцэ, яна хадзіла купіць чаго-небудзь спажыўнага, садавіны ці хлеба, і заўсёды спрачалася з крамнікамі, сварылася, бараніла кожнае су з сваіх мізэрных грошай.
Кожны месяц трэба было плаціць па вэксалях і, каб выйграць час, падпісваць новыя.
Муж не шкадаваў сябе, увечары ён перапісваў начыста рахункі гандлярам, а ўночы часам рабіў копіі з рукапісаў па пяць су за старонку.
І гэтак яны жылі дзесяць гадоў.
Праз дзесяць гадоў усё было выплачана — усё, разам з незлічонымі ліхвярскімі надбаўкамі і шматлікімі складанымі працэнтамі.
Герман Гессе , Елена Михайловна Шерман , Иван Васильевич Зорин , Людмила Петрушевская , Людмила Стефановна Петрушевская , Ясуси Иноуэ
Любовные романы / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Самиздат, сетевая литература / Проза прочее / Прочие любовные романы / Романы / Проза