Неяк дабрыў праз туман да свайго музея, і тут яго чакала неспадзяванка. Каля ганка пераступаў з нагі на нагу Камар:
– Прывітанне, дзядзька Антон! Я вас тут чакаю…
– І табе добрага дня, – Хлюдзінскі пастараўся не выдаваць свайго здзіўлення. – Што цябе цяпер прывяло сюды?
– Папрасіць прабачэння хацеў, – прабубніў хлопец сабе пад нос.
Музейшчык пасміхнуўся:
– Давай на будучыню дамовімся: або працягваем працаваць разам, а не ўтойваем штосьці адзін ад аднаго, або акуратна развітваемся, я аддаю табе сшытак, і ты далей спрабуеш разгрэбціся сам.
Наборшчык шморгнуў носам і кіўнуў:
– Угу.
– А што цябе так рана прынесла? І чаму ты не ў друкарні? – запытаўся Хлюдзінскі, адчыняючы музейныя дзверы.
– А я сёння ўночы працаваў, – узрадаваўся Андрэй перамене тэмы. – Брашуру набіралі, вельмі важную і цікавую. «Пра кулака-міраеда, селяніна-гарапашніка і савецкую ўладу» называецца.
Божа-божа, падумаў Хлюдзінскі, якая каша ў галаве ў гэтага юнака: з аднаго боку, цікаўнасць да таемных таварыстваў з нейкай элітарнасцю і містыкай, з другога – важная брашура пра кулака-міраеда… Цікава, у які ж бок хінецца гэты хлопец, калі светапогляд ягоны крыху ўсталюецца і замацуецца ў нейкіх рамках?
– А-а-а, – прывітаў іх зычліва Андэрс Берг, які быў ужо на працоўным месцы. – А я думаю: што гэта малады чалавек стаіць каля ганку, а не заходзіць… А гэта ён вас чакаў!
Камар адразу заўважыў, што кабінет, дзе працавалі цяпер абодва музейшчыкі, вельмі змяніўся. Пакуль тут быў толькі Хлюдзінскі, пакой нагадваў прытулак нейкага вучонага пацука: паўсюль кнігі, тэчкі, паперы… Цяпер старую мапу, якая раней упрыгожвала сценку, замяніла карціна з Леніным: правадыр сусветнага пралетарыяту выступаў з палымянай прамовай перад чырвонаармейцамі. Яшчэ адной навіной у пакоі стаў тэлефон, прычым стаяў апарат на стале ў Берга, а не Хлюдзінскага.
Юнак не здолеў стрымаць свой подзіў:
– Тут раней было столькі старых кніг, што павярнуцца было страшна, каб не зачапіць якую!..
– Я аднёс іх у сховішча, уніз, – Берг паказаў рукой сабе пад ногі. – Тут варта было навесці парадак, каб было дзе працаваць. Працоўнае месца трэба трымаць у чысціні і парадку, малады чалавек! Запомніце гэта.
– Таварыш Берг лічыць, што музейная атмасфера – гэта для музейных залаў, – патлумачыў Хлюдзінскі, трошку расцягваючы словы, быццам гаварыў з няўцямным дзіцем. – А ў кабінеце, дзе працуюць савецкія спецыялісты, павінен быць савецкі парадак, які паказвае нашу агульную настроенасць на светлую пралетарскую будучыню.
Андрэй адчуў, што ў паветры павісла няёмкая паўза, паміж абодвума старэйшымі мужчынамі яўна вібравала нейкае напружанне. Сам ён не мог выбраць чыйсьці бок: дзядзька Антон быў яму бліжэй знаёмы, але за словамі таварыша Берга была савецкая праўда жыцця… Таму на ўсялякае ўсё хлопец вырашыў прамаўчаць і не браць нічый бок.
Красавік, 2010
/…/ «Ордэн Прамяністых» з ягонымі містычнымі пошукамі яўна не ўпісваўся ў камуністычную мадэль будучыні. У матэрыялістычнай карціне свету ён выглядаў «замшэлым ідэалізмам», які трэба бязлітасна выкараняць – разам з носьбітамі ягонай філасофіі. Чэкістам было цесна ў адной краіне з гэтымі шукальнікамі іншасветнай красы і мудрасці, таму «прамяністых» судзілі.
Акрамя судовых справаў, ад «Ордэна Прамяністых» застаўся хіба што сшытак з іх легендамі ды запісамі, якія прыпісваюць Тамашу Зану – сябру Адама Міцкевіча і стваральніку Таварыстваў філарэтаў ды філаматаў. Польскамоўныя нататкі, прысвечаныя гісторыі, фігуравалі ў «справе Прамяністых» як доказ таго, што яны шпіёнілі для Польшчы.
/…/ Апісваючы гісторыі езуіцкага кляштара ў Оршы, Зан згадвае старонкі, якія звязваюць Беларусь з Вялікай Французскай рэвалюцыяй. У прыватнасці, менавіта ў аршанскім езуіцкім кляштары на пэўны час знайшла прытулак сям’я прынца Канці (націск на апошні склад) – малодшай галіны каралеўскага дома Бурбонаў. Уцякаючы ад рэвалюцыі, французскія арыстакраты трапілі ў Расійскую імперыю. Зан выказвае меркаванне, што аршанскія езуіты атрымалі на захаванне частку скарбаў, якія французскія арыстакраты не рызыкнулі браць у доўгае падарожжа.
Лёс гэтых каштоўнасцяў невядомы. Варыянтаў можа быць некалькі. Першы – самы празаічны: усе скарбы былі з часам вернутыя сям’і прынца Канці. Другі – іранічны: яны дасталіся напалеонаўскаму войску, якое заняло Воршу падчас маскоўскага паходу. Такім чынам, выратаваць ад Напалеона свае каштоўнасці Канці ўсё ж не змаглі. Трэці: скарбы захоўваліся ў кляштары, а калі езуітаў выгналі і іх маёмасць канфіскавалі, то ўсе іх набыткі таксама трапілі ў рукі расійскіх чыноўнікаў. Чацвёрты варыянт – самы рамантычны: скарбы захоўваліся дзесьці ў хованцы доўгія гады, а можа, зберагаюцца там і дагэтуль.
Кожны можа сам выбраць адну з версіяў на свой густ…
/…/ У кожным разе можна смела сцвярджаць, што сшытак з запісамі Тамаша Зана – гэта вельмі каштоўны помнік нашай гісторыі ды культуры. Калі ён захаваўся ў матэрыялах «справы Прамяністых», дык да яго варта даць доступ гісторыкам і архівістам.
Кастрычнік, 1927