Кінуўся рыцар тапельцу на дапамогу. Падхапіў яго, а той ужо і не дыхае амаль… Толькі на беразе ачомаўся бядак. А тут ужо і людзі аднекуль панабеглі.
Пакінуў ім падарожнік няшчаснага тапельца, а сам – зноў на каня ды ў дарогу: пабрацім чакае, на яго спадзяецца. Зноў конь рыцарскі сваімі падковамі дарогу таўчэ-месіць.
Аднак не лёсіць рыцару без прыгод-перашкод да пабраціма дабрацца. Бачыць ён, што стаіць пасярод дарогі бабуля з кіёчкам ды разгублена ім вакол сябе прытупвае.
Прыпыніўся рыцар, запытаўся ветліва, што ў старой здарылася. А тая яму і адказвае:
– Сляпая я, хаджу па людзях. Чым добрыя людзі пачастуюць, тое і маю… На бяду, не ўсе людзі добрыя. Вось нейкія ліхадзеі напалі ды параскідвалі ўсе мае транты па дарозе. Небагата ў мяне рэчаў, ды сабраць іх – бяда для мяне: і сляпая я, і ногі мае так не гнуцца, каб па зямлі поўзаць збіраць…
Дапамог старой – сабраў усе яе рэчы ў клунак, а потым, не даслухаўшы падзякі, зноў да сябра паімчаў.
Зноў мільгаюць вакол яго лясы і палі, гарады і мястэчкі…
Але і трэці раз мусіў прыпыніцца рыцар – гэтым разам у цёмным лесе. Бо на сцежцы стаяў маленькі хлопчык і плакаў, размазваючы слёзы па шчоках. Патлумачыў ён рыцару, што пайшоў гуляць і заблукаў, згубіўся ў лесе.
Не мог рыцар кінуць дзіця без дапамогі, вывез яго з лесу, а там і родную вёску здолеў адшукаць. Радаваліся бацькі, да якіх сын вярнуўся, якога яны ўжо амаль лічылі страчаным. Радаваліся і прапаноўвалі рыцару чым-небудзь аддзячыць.
Не стаў, аднак, рыцар падзякі іхняй прымаць – да сябра спяшаўся. Пагатоў і ехаць ужо заставалася недалёка.
Вось яшчэ крыху – і за паваротам будзе відзён замак пабраціма рыцарскага. Прыспешыў падарожнік каня свайго хутканогага, але відовішча пасля павароту яму адкрылася жудаснае – палаў замак сябра ягонага.
Не дачакаўся пабрацім дапамогі ад рыцара: захапілі замак яго нападнікі, самога гаспадара ў бойцы забілі, а воінаў, якія ў сечы выжылі, у палон усіх пабралі…
І заплакаў рыцар:
– Чаму ж я не спяшаўся ляцець, як страла? Што ж я на тым свеце пабраціму свайму скажу пра слова недатрыманае?..
…А вы, рыцары прамяністыя, што пра гэта думаеце? Мусіў рыцар спыняцца на дапамогу іншым альбо толькі спяшацца на покліч пабраціма?
…Калі Хлюдзінскі адарваўся ад сшытка, было ўжо далёка за поўнач. Нататкі пакінулі ў яго душы дваістыя пачуцці. Польскамоўныя запісы, зробленыя Занам, вабілі: там адчуваўся аналітычны розум даследчыка, якому цікава ўсё навокал. Ад запісаў Пашкоўскага (напэўна, гэта ўсё ж такі быў Пашкоўскі, вырашыў музейшчык) патыхала бяздарнай графаманіяй. Магчыма, гэтыя тэксты маглі зацікавіць адэптаў як духоўнае практыкаванне. Але да літаратуры ўсе гэтыя псеўдарыцарскія легенды мелі такое ж дачыненне, як Аляксандр Македонскі да Воршы.
«Як жа лёгка было задурыць галаву наіўнаму Андрэю Камару, калі ён пабачыў у гэтых легендах штосьці вартае і цікавае», – са шкадаваннем падумаў мужчына.
Сакавік, 2010
У кавярні было ціха, хаця месцілася яна ў самым цэнтры сталіцы, на вуліцы Карла Маркса. Колькасць рэстаранаў і кавярняў на квадратны метр тут была настолькі шчыльнай, што ў іншым раёне горада іх бы хапіла на некалькі кварталаў. Большасць з іх імкнулася завабіць наведніка кідкімі шыльдамі і выстаўленымі на вуліцу рэкламамі. Аднак гэтая кавярня, здавалася, ціха хавалася ад выпадковых людзей: уваход быў з тарца будынка, ніякіх крыклівых вывесак, ніякіх кідкіх запрашэнняў. Бронзавая шыльда «Саюз архітэктараў», побач – яшчэ адна з назвай кавярні.
Кміціч гэтае месца бачыў і раней, аднак заходзіць сюды не надарылася: да архітэктараў па сваіх журналісцкіх справах не звяртаўся, а хадзіць па багемных установах ён быў не вялікі аматар.
Мяккія сядушкі запрашалі выгодна раскінуцца, а ціхі джаз, уключаны барменам, не перашкаджаў наведнікам размаўляць. Аматар джаза пазнаў бы па хрыплаватым голасе, што гэта спявае Сафі Мільман, але журналіст не быў аматарам слыннай «музыкі тоўстых» – Кміціч, як і большасць прадстаўнікоў ягонага пакалення, аддаваў перавагу рэзкім рокавым рыфам, а не джазавым сінкопам.
Нягледзячы на такую ўтульную абстаноўку, расслабіцца Павел не мог – у кавярню яго запрасіў прыйсці Аляксей Пятровіч. Выглядаў кадэбіст горш, чым у папярэднія разы: твар быў нібыта пакамечаны чыёйсьці ўладарнай рукой, пад вачыма наплылі нездаровыя чырванаватыя мяшкі, і ўся ягоная пастава нібыта ссохлася, стала меншай.