Да кароткай біяграфіі Карава аўтар нататак дадаў і ягоны партрэт з подпісам «Копія з гравюры». Хлюдзінскі ўгледзеўся: на яго пазіраў сыты твар немаладога мужчыны з учэпістым разумным позіркам. Адзіным грахом, які зведаў гэты чалавек, была прыхільнасць да тлустай курачкі, фаршыраванай блінчыкамі з грыбамі. Тонкія вусны езуіта скрывіліся ў нейкім нямым пытанні, на якое музейшчык не ведаў адказу, таму працягнуў чытаць сшытак Зана.
…У часы Карава ў Аршанскім калегіуме працаваў выкладчыкам яшчэ адзін будучы генерал езуітаў – Тадэвуш Бжазоўскі. Ён узначаліў Таварыства Ісуса ў 1805 годзе – на той час яму было 56 гадоў. Менавіта пры ім ордэн быў цалкам адноўлены ў сваіх правах і прывілеях – Папа Пій VII выдаў адмысловую булу ў 1814 годзе. Бжазоўскі ачоліў езуітаў не толькі ў Расіі, але і па ўсім свеце, стаўшы афіцыйным дзевятнаццатым генералам ордэна.
Праўда, ужо напрыканцы 1815-га расійскі імператар Аляксандр І высылае Бжазоўскага з Санкт-Пецярбурга, дзе той жыў ужо дзесяць гадоў. Разам з генералам са сталіцы былі высланыя і ўсе астатнія чальцы Таварыства Ісуса.
Кіраўнік ордэна пераязджае ў Полацк, выязджаць за межы Расіі яму забаронена тым жа самым указам імператара. Чатыры гады да сваёй смерці, якая наступіла ў лютым 1820-га, Бжазоўскі жыве ў Полацку. Адтуль ён назірае, як на Таварыства Ісуса няўмольна вядзецца наступ.
З партрэта Бжазоўскага, якім Зан аздобіў і гэтую частку запісаў, на чытача глядзеў твар, нібыта склеены з дзвюх палоў. Ніжняя азызлая частка выдавала аматара добрага пачастунку, але над ёй фанатычна блішчэлі чорныя вочы… Напэўна, толькі фанатык сваёй справы мог дамагчыся, каб Полацкі калегіум стаў акадэміяй (з правамі ўніверсітэта). Напэўна, толькі такі адданы свайму пакліканню чалавек мог заснаваць яшчэ місіі ў Маздоку, Іркуцку і Томску, маючы на ўсю велізарную Расійскую імперыю на момант свайго абрання толькі трыста трыццаць тры чальцы Таварыства Ісуса.
Развязка наступае неўзабаве пасля смерці дзевятнаццатага генерала ордэна – езуітаў высылаюць з Расіі, іх калегіумы і акадэміі зачыняюць, а маёмасць канфіскоўваюць на карысць дзяржавы. Аршанскі касцёл спярша перайшоў ордэну дамініканцаў, потым праваслаўнай царкве, а яшчэ пазней там атайбавалася турма. Яна заставалася ў езуіцкіх мурах і цяпер, у ХХ стагоддзі, калі з часу выгнання самога Таварыства Ісуса прамінула больш за сто гадоў.
Здавалася б, старонку з гісторыяй аршанскіх езуітаў можна лічыць закрытай. Але…
Але насамрэч была яшчэ адна персона, якую Тамаш Зан палічыў неабходным згадаць.
Ян Ротан, дваццаць першы генерал ордэна, нарадзіўся ў Амстэрдаме ў 1785 годзе ў сям’і, якая перайшлі ў каталіцтва з кальвінізму. 19-гадовы нідэрландскі юнак апынаецца ў беларускім Дзвінску (ён жа Дынабург), дзе вучыцца ў езуіцкім навіцыяце, а праз два гады становіцца адным з чальцоў Таварыства Ісуса. Тры гады Ротан выкладае тут у езуіцкай гімназіі, а потым адпраўляецца ў Полацк – вывучаць у тамтэйшых езуітаў філасофію і тэалогію. Акрамя роднай галандскай мовы малады езуіт свабодна валодае польскай і французскай, а таксама чытае па-грэчаску, на латыні ды старагабрэйскай.
З 1816-га па 1820-ы (то-бок да выгнання ордэна з тэрыторыі Расійскай імперыі) Ротан выкладае ў аршанскім калегіуме, а таксама вядзе місіянерскую працу ў мясцовай парафіі.
Пасля ад’езду з беларускіх зямель Ротан апынаецца ў Швейцарыі, адтуль перабіраецца ў Італію. І там у 44-гадовым узросце становіцца чарговым генералам Таварыства Ісуса.
Трэці генерал ордэна, звязаны з Воршай.
З партрэта Ротана на Хлюдзінскага глядзеў стомлены працай твар. Такія простыя твары, быццам вычасаныя долатам з дубу, бываюць у тутэйшых сялян – тых, што зведалі за сваё жыццё ўсё. І таму яны радуюцца і духмянаму акрайчыку хлеба, і роснай раніцы, і спякотнаму поўдню.
З ЗАПІСАЎ ГРАЦЫЯНА ПАШКОЎСКАГА
Хай будзе цвёрдым слова тваё, як сталь, і прамым, як меч! А парушальніку няхай слова вастрыём сваім працінае да нутра…
Даўным-даўно, у пракаветныя часы, жыў на свеце рыцар, які меў пабраціма ў суседняй краіне. І пакляліся яны адзін аднаму, што па першым жа поклічы адзін аднаго прыйдуць на дапамогу, не зважаючы на ўсе перашкоды. Клятву сваю рыцары змацавалі кроўю: разрэзалі адным стылетам сабе правыя далоні і паціснулі адзін аднаму рукі, змяшаўшы сваю кроў…
А праз нейкі час прыскакаў да рыцара пасланец ад пабраціма: дужа прасіў спяшацца на дапамогу яму.
Не стаў рыцар дарма губляць час: павесіў на пояс меч з дамаскай сталі, за спіну – лук, сеў на хутканогага каня ды паскакаў выручаць сябра.
Скача рыцар, спяшаецца: вёрсты пад нагамі каня мільгаюць, як шалёныя. Гарады і вёскі, палі і лясы, рэкі і азёры праносяцца так хутка, што не паспяваюць нават у вачах адлюстравацца, не тое каб у памяці адбіцца.
Раптам, праязджаючы мост над ракой, чуе рыцар:
– Ратуйце! На дапамогу…
Кінуў ён позірк убок: чалавек у рацэ тоне, рукамі па вадзе б’е. Прыпыніўся рыцар, агледзеўся навокал – больш нікога паблізу і нямашака. Няма на каго спадзявацца чалавеку ў рацэ, адзін ён толькі і можа дапамагчы.