– Большай… Мабыць, прыйдзецца адмовіцца ад паслуг Драгічына. Сачы за сваімі ўланамі, Станіслаў. Нешта яны моцна ў бой цягнуцца – назаўтра пойдзеце ў авангардзе.
31 ліпеня 1794 года
Ля воза, што стаяў папярок дарогі, неслі варту кіеўскія егеры. Гадзіну таму ў бок Азярніцы выйшаў невялікі раз’езд з дзесяці чалавек, і іх чакалі ў бліжэйшы час. Жаўнеры гучна гулялі ў косткі, пакінуўшы чалавека сачыць за дарогай. На жаль, аднаму з гульцоў не шэнціла – калі ён прайграе яшчэ раз, то зменіць таго, што зараз стаіць на варце. З-за павароту дарогі паказаўся вершнік у блакітна-жоўтым мундзіры.
– Гэй, хлопцы, нехта едзе!
– Вандроўнік, мабыць, разбярыся сам, – падкінуў косткі жаўнер.
За вершнікам выехаў другі, такая ж блакітна-жоўтая пляма. З’явіўся трэці. Хутка пляма пашырылася, пастроілася ў шэраг і рушыла ў нагу да заставы. Коні білі роўны сінхронны крок.
– Хлопцы, іх зашмат…
– У намёт! – грымнуў загад з боку блакітна-жоўтага натоўпу.
Першых ворагаў дывізія сустрэла на паўдарозе да Слоніма. Невялікі атрад нешта дапытваўся ў гаспадара дворышча. Той нічога не ведаў ці не хацеў казаць, і расейцы трымалі шаблі з мушкетамі напагатове. На жаль, літоўскія стральцы, што ішлі ў пачатку авангарду, не бегаюць, як маланка…
Расейцаў перастралялі хутка, не даючы зрабіць другі залп. Кёнінг абвясціў кароткі прывал, каб дачакацца ўсіх частак авангарду і перагрупаваць войскі. Удава гаспадара дабівала віламі параненых… Палонных для допыту ўзяць не атрымалася.
Уланы, як найбольш рухомы атрад, крочылі наперадзе.
– Маскалі яшчэ не ведаюць, што мы падыходзім, – радаваўся харунжы Сыракомля. – Памятайце, што я вам казаў – з кожнага па пяць двухгаловых арлоў.
Янка пераправерыў зброю, зарадзіў і павесіў да сядла пістолю. Яны з Базылём чакалі гэтага часу яшчэ з калегіума, калі біліся дубінкамі пад пільным позіркам езуіта. З тых часоў, калі пачалі калоць шабляй саламяную ляльку, калі запісваліся ў полк, калі гадзінамі маршыравалі ды цэліліся з карабінаў. Здавалася, вось ён – пераломны момант. Першыя злыдні забітыя, наперадзе іх больш – хопіць усім.
Уланы крочылі роўным шэрагам, адбіваючы рытм.
Прагучаў загад, і чатыры сотні вершнікаў рушылі. Першая бойка, першая атака. Коні неслі наперад, падымаючы пыл.
Не чакаючы ворага, першы залп расейцаў выбухнуў нястройна, мала, ціха. Некалькі коней спатыкнуліся. Расейцы пачалі перазараджаць мушкеты, але ім адказалі з другога боку. Адначасовы грук дваццаці пістоляў збіў сена з воза, за якім хаваліся вартавыя. Уланы выхапілі шаблі.
Янка накіраваў свайго каня на воз. У юнацтве, бывала, ён збягаў да сяброў цераз метровы плот, што выходзіў з двара на лес, і конь яго амаль ніколі не падводзіў. Дваццаць крокаў да воза. Карабін, стрэл. Дзесяць крокаў. Пяць. Конь адрываецца ад зямлі і ляціць, як Пегас у байках старой Тэклі.
Уланы абцякалі воз з абодвух бакоў і працавалі шаблямі.
Янкаў конь прызямліўся капытамі на няўдалага гульца ў косткі і прабіў яму чэрап. Удар за ўдарам, укол за ўколам. Многія з расейцаў не паспелі выхапіць клінкі ці прыкруціць штыкі да стрэльбаў. Бакі коней афарбоўваліся ў чырвоны. Кожны імкнуўся здабыць свайго першага забітага.
Жаўнеры на заставе завагаліся. З дзясятак чалавек кінуліся наўцёкі ў бок Слоніма. Частка ўланаў накіравала коней у пагоню.
– Куды! Стаяць! – дарэмна крычаў Сыракомля. – Дурні!
За дзесяць хвілін першая застава была цалкам знішчана. З боку ўланаў былі забіты некалькі коней і паранены з пяць чалавек, адзін цяжка. У расейцаў на зямлі ляжала каля трыццаці жаўнераў, некалькі яшчэ дыхалі, але гэта было ненадоўга. Уланы з пагоні вярталіся назад.
Рэзкі свіст з боку горада прымусіў жаўнераў азірнуцца. Ля ўланаў выбухнуў фантан зямлі. Коні, што яшчэ мала ведалі пра порах, бойкі ды жалеза, спужаліся і панеслі.
– Да лесу! Сыдзіце з дарогі! – загадваў харунжы.
– А можа, дастанем іх? – Янка махнуў шабляй у бок гарматы.
– Куды, Ліпініч! Там не толькі гармата. Пайшоў пад дрэвы і чакаць падыходу пехатуры!
Кожную хвіліну на шляху да Слоніма з’яўлялася новая яма. Ядры не дабівалі да былой заставы, але прымушалі коней фыркаць і нервавацца. Галоўнае – каб маскалі не падкацілі зброю бліжэй… Дзе гэтыя літоўскія стральцы з гарматамі?
За дзве гадзіны расейцаў выбілі з горада. Калі афіцэры заехалі на ратушную плошчу, увесь гарадскі савет сустракаў літоўска-польскую дывізію са слязамі на вачах. Бургамістр кінуўся ў ногі да генерала і бласлаўляў Святую Тройцу, Маці Божую ды ўсіх святых, якіх толькі мог узгадаць.
Расейскі сцяг скінулі ў бруд рынкавай плошчы.
1 жніўня 433 года
Вогнішча крычала ля дрэва чырвоным.
– О вялікі Дальжвальд, заклікаю цябе. Прыйдзі да сыноў тваіх, што сабраліся пад старым Дрэвам Цёмнай Ночы.
Людзі ў скурах паўколам абступілі вогнішча. У сярэдзіне, амаль кранаючы полымя, на каленях стаў жрэц. Ён ускідваў рукі ўгору і моцным голасам нібы спрабаваў суцішыць гарачыню. У збан, што стаяў напалову ў вогнішчы, паляцелі мухаморы, сцёблы палыну і чырвоныя ягады.