Жаўнеры абступілі паўкругам двух шляхцічаў. Тыя скінулі ўсе паясы, пальчаткі, жупаны ды мундзіры і засталіся ў кашулях. Янка зрабіў тры ўзмахі шабляй у паветры, і Гавел пайшоў на яго. Першы ўдар драгічынец паклаў проста зверху, каб выпрабаваць свайго суперніка. Улан злавіў шаблю на прамую руку, як меч, не спрабуючы адказаць. Другі ўдар быў злева. Янка таксама выпрабоўваў старэйшага шляхціча, бо той мог аказацца добрым фехтавальшчыкам. Але валанцёр з Драгічына біў прама, без складаных прыёмаў. Чацвёрты ўдар, пяты, на шосты ўлан злавіў шаблю праціўніка за спінаю, зрабіў крок наперад, вызваліў сваю зброю і нацэліўся на нагу. Драгічынец адбіў такім жа простым і прамым блокам, як і біў. Раптам нехта схапіў маладога ўлана за каўнер кашулі і тузануў да плота.
– Што, чорт вас забяры, вы мне тут робіце? – уварваўся харунжы Сыракомля, трымаючы відэлец з кавалкам смажанага мяса. – Мне крычаць – бойка, маскалі, а тут вы.
– Вы хто? – Гавел стаяў у баявой стойцы.
Уланы хутка, перабіваючы адзін аднаго, распавялі пра спрэчку наконт заканадаўства і яго выкарыстоўвання пад час вайны. Харунжы даеў мяса і тыкнуў відэльцам у драгічынца.
– Ты, пан, кажаш, што мой чалавек злодзей, але і я там быў. Што, атрымоўваецца, я таксама браканьер? У нас ёсць распараджэнне збіраць правізію ўсюды, дзе толькі можам.
Яна будзе аплачана праз казну. Перапіс гэтых птушак, як і астатняга, будзе дададзены да папер дывізіі, і пасля вайны сам кароль вырашыць, плаціць або не. Ці ты хочаш паспрачацца з генералам, які аддаў загад на адлоў звера?
Генерал-маёр Серакоўскі[3]
насамрэч нічога не ведаў пра паляванне. Але на абед яму падалі добра засмажаную нагу дзіка, якая была сустрэтая вельмі станоўча. Да і наўрад ці хто будзе пісаць паперу пра дзясятак-другі дзічыны там, дзе мядзведзі могуць проста прыйсці ў агарод і заначаваць.– Таму, Янка, прасі прабачэння ў пана, што вызваў яго на двубой. Ты, пан з міліцыі, прасі прабачэння ў майго чалавека за абразу… А, кажаце, першы пачаў служка? Ён шляхціч?
– Не, пане, – збянтэжыўся Яшка. – Габрэй.
– Тады дзесяць бізуноў, – Сыракомля сышоў да сябе.
23 ліпеня 1794 года
Дзверы вазка, упрыгожаныя белай сякерай на чырвоным шчыце, адчыніліся. Мужчына ў цёмным паходным мундзіры накіраваўся да ўвахода ў дом старасты.
– Генерал-маёр прымае? – перадаў паперы мужчына.
Вартавы прачытаў надпіс на лісце, паднёс пячатку да святла і знік за дзвярмі на некалькі хвілін.
– Так, пана чакаюць. Прашу за мной.
Яны прамінулі доўгі калідор з партрэтамі шляхты і ўвайшлі ў кабінет. Па пакоі былі расстаўлены скрыні з дакументамі, кнігамі, мапамі, паперамі і іншымі канцылярскімі прыладамі – штаб дывізіі пераязджаў амаль кожны дзень, і разбіраць усё не паспявалі. Вартавы абвясціў, што прыйшоў генерал-лейтэнант Павел Грабоўскі[4]
, і зачыніў за сабою дзверы.За сталом таўсманы чалавек гадоў сарака чытаў ліст. Кіцель вісеў на крэсле, а шабля стаяла побач. Генерал-маёр Серакоўскі жэстам прапанаваў наведвальніку сядаць.
– Вы спазніліся, – ён адклаў ліст да другіх папер.
– Так, пан, але мы чакалі патрулёў, каб сабраць больш інфармацыі. Спадзяюся, генерал прабачыць мне.
Генерал маёр прагледзеў ліст. Нічога істотнага: «просім прыняць», «размаўляць як са мною» ды «найлепшых пажаданняў». Звычайны рэкамендацыйны ліст, з якім адпраўляюць амбасадара ці прадстаўніка. Пасля хуткага знаёмства Грабоўскі выцягнуў яшчэ два аркушы з-пад мундзіра. Адзін ліст ад генерала Хлявінскага, другі ад пана Карніціча, што загадваў рэкагнасцыроўкай у літоўскай дывізіі. Серакоўскі зламаў пячатку на першым. Хутка прагледзеўшы тэкст, ён працягнуў:
– Добра. У вас ёсць дзе спыніцца ў Шарашове?
– Я меркаваў завітаць у карчму, генерал. – адказаў госць.
– Не трэба, – Серакоўскі патрос званочкам, хутка ўвайшоў сакратар. – Язэп, пакліч пані Мацільду, хай знойдзе пакой для генерал-лейтэнанта. У карчме зараз вы наўрад ці знойдзеце месца. Нас тут, як-ніяк, дывізія… – генерал узяў другі ліст. – Цыцыянаў[5]
сышоў са Слоніма… Дрэнна і добра адначасова. У вас, пан Грабоўскі, ёсць меркаванні, куды ён можа ісці?– Мы ўзялі некалькі палонных ля Дзятлава. Хутчэй за ўсё, расейцы ідуць на Вільню.
– Значыць, хутка ў нас забяруць людзей… – працягнуў чытаць генерал. – Як наогул справы ў дывізіі? У лісце ёсць «вайсковая падрыхтоўка жаўнераў не выклікае пытанняў, мясцовае насельніцтва дапамагае хлебам і віном». Апошняе слова мяне бянтэжыць… Ці ёсць вопыт у войскаў? Колькі маршу вытрымаюць?
– Асноўныя палкі дывізіі раней былі ў баях, прайшлі апошнюю канфедэрацыю, – зацвердзіў Грабоўскі.
– На чыім баку?
– Яны жаўнеры, – адвёў вочы Грабоўскі. – Яны былі і там, і там. Тады… тады ім ніхто не казаў, што ад краіны адкусяць кавалак, як ад хлеба, ды яшчэ і пальцы зачэпяць. Зараз людзі рвуцца ў бой, яны адданыя Рэчы Паспалітай.
– Адданыя… А што пра афіцэраў? – скрыжаваў рукі на грудзях генерал-маёр Серакоўскі.
– Я вас не разумею, генерал. Яны служаць Рэчы…