– Хлопчыкі, дапамажыце, калі ласка. Ратуйце небараку! Харунжы ўзняў левую руку са сціснутым кулаком і раўнуў: «Стой». Жаўнеры спыніліся ля дзеда.
– Чаго табе? Бандыты? – Сыракомля вывучаў левае вока старога.
– Ой, жаўнерыкі, родныя, дапамажыце. Ваўкі сцягнулі апошняга майго сябра ў лес. Дый на мяне напалі, але я збег… Дапамажыце, хай толькі цела адбіць у гэтых людажэраў, не пакіньце старога на смерць. Вось ты, хлопча, – стары працягнуў руку да Янкі, – я нават адным вокам бачу, што ты добры чалавек. Не пакінь старога, тут недалёка, можа… можа, яны яшчэ не з’елі сябра майго…
Конь зафыркаў і зрабіў крок назад.
– Дзед, ты адкуль? – спытаў харунжы.
– Дай мясцовы я, пане, вясковы. Вечарам гулялі тут, і ваўкі напалі на нас… Трэба спяшацца, пане…
– Гэй, езуітаў выхаванец, – камандуючы павярнуўся да Янкі, – што думаеш?
– Цёмна ўжо, пане харунжы, мы ні слядоў, ані шляху не знойдзем… Да і згрызлі яго хутчэй за ўсё, – адказаў улан.
– Не пакіньце дзеда… апошні сябар… – працягваў лямантаваць стары.
– Ціха ты, – кінуў харунжы. – Мне таксама не падабаецца ноччу па пушчы блукаць… Слухай, дзед, давай мы цябе да бліжэйшай вёскі праводзім? Зараз нічога не зробіш, а раніцой возьмеш папа ды замовіш адпяванне. З якой вёскі ты прыйшоў, кажаш? Мы, здаецца, апошняе паселішча з паўгадзіны таму мінулі…
Злева, з боку пушчы, пачуўся гучны ваўчыны вой, ад якога коні заржалі ды паўставалі на дыбы. Адразу ж з усіх бакоў атрад абступілі шэрыя ваўкі, сотні бліскучых вачэй глядзелі на чужынцаў у лясным каралеўстве. Шлях па дарозе быў адрэзаны.
– Я ж казаў, пане, трэба спяшацца, – дзед ступіў крок назад.
Харунжы імгненна выцягнуў шаблю і пістолю. Левай рукой ён пацэліў у жывёлу, што стаяла побач са старым, вялікім пальцам узвёў крэмень і націснуў на курок. Воблака белага дыму выплюнулася з дула, і куля, маленькая кропля мёртвага свінцу, сустрэлася з нагой маладога ваўка. Вершнік адкінуў скарыстаную зброю ўбок.
– Да зброі! У кола, карабіны да бою, сабачыя сыны! – крычаў пан Сыракомля.
Коні біліся, іржалі і злосна фыркалі. Перапалоханыя вершнікі заганялі шпоры ў скуру, хапалі разам з лейцамі грывы, круцілі коней і збіваліся адзін да аднаго. Ваўкі кінуліся на людзей з рыкам, абганяючы, нібы гэта спаборніцтва.
– Стрэль!
Дзякуй харунжаму, карабіны ў жаўнераў былі ў руках, пістолі падрыхтаваныя, а шаблі пасунутыя бліжэй да пераду. Першы і адзіны гучны залп грымнуў, калі ваўкі былі ў пяці кроках ад коней. Ніхто не цэліўся, але з такой адлегласці гэта і не патрэбна. З дзясятак драпежнікаў перакруціліся ў скоку і ўпалі на зямлю пад капыты. Астатнія накінуліся на людзей. Дзіды, шаблі, пістолі, дзяржальні, капыты з жалезнымі падковамі, пажаўцелыя іклы, кіпцюры, магутныя лапы – усё захліснулася ў бойцы. Чалавек моцны, чалавек разумны, у чалавека ёсць кулі, але ён нічога не можа зрабіць супраць пашчы, якая грызе яго руку ці шыю.
На Янку накінуліся два ваўкі: чорны, з абпаленым бокам, і шэра-карычневы. Конь спрабаваў прыбіць трэцяга капытамі, устаў на дыбы і скінуў свайго гаспадара. Абпалены схапіў левую руку хлопца, і Янка з усёй моцы ўдарыў дзяржальняй пістолі. Драпежнік паслабіў хватку. Гэтага хапіла, каб засунуць у пастку дула і стрэльнуць. Воўк пераўтварыўся ў цмока, што плюецца дымам і крывёй. Боль. Полымя. Пах абпаленага мяса. Гарачая сталёвая труба апякла руку хлопца. Ён адкінуў мёртвую жывёлу ўбок, але сябар забітага не кідаў сваёй справы.
Янку пацягнулі ў лес. Ён біўся нагамі, чапляўся за карані. Другі, трэці, чацвёрты воўк – яны жадалі яго смерці. Раптам на яго скокнуў белы воўк. Ён глядзеў на хлопца з нянавісцю сваім адзіным вокам, што гарэла сінім полымем. Янка ўдарыў у пысу, проста, як у вясковай бойцы. Заімшэлы камень на драўляным пярсцёнку трапіў па носе ваўка. Ад болю ўлан зажмурыўся: правую руку закалола халоднымі іголкамі, сляды ад укусаў гарэлі, а пальцы скруціла. Калі ён расплюшчыў вочы, белы воўк ляжаў у дзесяці кроках ля дрэва. На спіне яго праступалі чырвоныя кроплі, а астатнія ваўкі замерлі і ашалела глядзелі на пярсцёнак.
Зямля дрыжэла. Трэсліся дрэвы і хмызы. Янка павярнуў галаву і ўбачыў яго. Вялізны, у два чалавечыя росты, буры, як дубовая кара, зубр. Яго вочы палалі чырвоным агнём. Ён пайшоў на ляжачага ўлана. Хлопец пачаў узгадаваць малітву, але на розум прыходзілі толькі праклёны, якія і харунжы Сыракомля не ведае. Зубр, які мог адной нагой расплюшчыць маладога ўлана, паставіў капыта ля яго галавы і змахнуў сваёй вялізнай галавой ваўкоў, як чалавек змахвае куфель са стала.
Зубр заракатаў, як тысячы вадаспадаў. Яго вочы ўспыхнулі з яшчэ большай моцай, і ён пакрочыў да ляжачага белага ваўка. Той расплюшчыў адзінае здаровае вока і спуджана загыркаў.
Ваўкі разбегліся гэтак жа імгненна, як і з’явіліся. Ніхто, акрамя Янкі, не бачыў зубра, што разагнаў жывёл і знёс белага ваўка на рагах. Людзі чулі толькі моцны рокат, што здаваўся ім стрэламі тысяч гармат.
Янка перабінтоўваў левую руку.
– Як думаеш, Кёнінг прыб’е нас ды пана харунжага? – прытрымліваў белую анучу Базыль.