- Наадварот... Гэта Дашка заўважыла. Кніг прыбавілася, сшыткаў у кабінеце.
У шыбы між тым зноў лупянуў дождж, як у шаманскі бубен. Апошні аўтобус на Мінск сышоў... І гэта была выдатная падстава застацца нанач. Вядома, я збіралася адшукаць хоць штось пра Корвуса... Майго, вядома. Ну і пра старога даведацца. Мацею было ўжо ўсё адно, што воля, што няволя.
Сёстры павесялелі, калі я запэўніла: выганяць іх ніхто не стане, жыць збіраюся ў сваёй кватэры ў Мінску. Сіямскія блізняты паведамілі, што на гэтую ноч пяройдуць назад да сястры, каб гаспадарам не замінаць. Цётка Маруся нават дэкляравала пакарміць вячэрай... А, яшчэ мне падалося, што ўсе трое неяк дзіўна ў мяне ўглядаліся. Вышуквалі ў спадчынніцы падабенства з гаспадаром дома, ці што?
А для начлегу цалкам падыдзе кабінет таямнічага доктара: там і зручная канапа, абцягнутая чорнай патрэсканай скурай, і раскладное крэсла.
У прапахлай зёлкамі і старымі газетамі хаце, куды мяне занесла, як пацерку з разарваных караляў у выёміну падлогі, я прытулілася плячом да чалавека побач і адчайна захацела, каб гэта быў хтось іншы. І каб ён меў прозвішча Корвус.
Раздзел чацвёрты. ПУШЧАНСКІ ПРЫТУЛАК
Сайт “Пад знакам Урабораса”.
Назва фанфіка: Ордэн захавальнікаў.
Фандом: арыджынал.
Жанр: агнст.
Памер: максі.
Статус: у працэсе.
Рэйтынг: NC-17.
Катэгорыя: гет.
Аўтар: Grjaznyj ubljudok.
Бета: шукаю.
Папярэджанні: асабліва жорсткія сцэны.
Анатацыя: Ты думаў, што ты на дне, але нехта пастукаўся знізу.
Каментары:
Раздзел 2
Грае лера...
Тужлівы пранізлівы голас, нібы трохі надтрэснуты ад старасці.
Павольна, быццам наматваючы нітку твайго лёсу, круціцца ручка, нацёртая да бляску далонямі лірнікаў...
У каралеўскім войску тры палкі стаяць,
У першым палку ды конікі іржуць,
У другім палку ды малайцы пяюць,
У трэцім палку ды шабелькі звіняць.
Гэта ж яшчэ да вайны... У дзяцінстве... Менская Сляпянка. Бацька павёў слухаць апошняга лірніка, забытага богам і ўладамі сляпога старэчу. У хаце з зялёнымі разьблёнымі аканіцамі пахне сушанымі яблыкамі, сонца прасяваецца скрозь выцінанкі на шыбах, рассцілаецца па нефарбаванай драўлянай падлозе сляпучымі вітражамі... Ля абвіслых сівых вусоў музыкі шыецца надакучлівая муха, быццам хоча першай перахапіць словы песні.
...Ой вазьміце ж Байду да й звяжыце,
На гак рэбрам перачапіце.
Вісіць Байда ні дзень, ні дзень, ні два,
Ні адну ночку ні гадзіначку
Гук ліры, ці як называлі яе даўней, леры ўсё гучней. Сонечныя вітражы гаснуць, згушчаецца цемра, так, што здаецца, яе можна пакратаць, зачэрпнуць даланёй. Лера ў тае цемры гудзе сурмамі нябёснага суда... Але не заглушае разважліва-сумных слоў:
- Слухай, сынку, голас народа свайго. Запамінай. Не засталося больш на Беларусі лернікаў, Люцыянка. І батлейшчыкаў няма. І пры цары забаранялі, і пры новай уладзе. Усё, што змушае народ асэнсоўваць сваё права на ўласнае імя, гісторыю і асабістую прастору, у імперыях лічыцца шкодным.
У памяці ўсплывае працяг размовы, які адбыўся праз колькі гадоў...
- Памятаеш, як мы хадзілі да лірніка, як ты быў малы? Вось і да ўкраінскіх бандурыстаў дабраліся, сыне. У Харкаве склікалі іх на з’езд. Самых лепшых, галасістых, памятлівых... Ну, паспявалі тыя хорам Шаўчэнку... Паабмяркоўвалі асаблівасці старажытных балад... А потым з’явіліся ў зале тэатра, дзе адбываўся з’езд, людзі ў форме, загналі бандурыстаў у вагоны, адвезлі трохі ад горада дый пастралялі. Граюць цяпер разам з нашымі лірнікамі ў нябёсным аркестры.
І батлейку бацька вадзіў яго глядзець, крадма ад мачыхі, якая аніяк, вядома, не ўхваляла “нацдэмаўскія перажыткі” бацькі. Не для таго яна, пралетарка, супрацоўніца камісарыята, уратавала яго калісь ад растрэлу, прыняла разам з сынам, каб цяпер зноў за буржуазнымі нацыяналістамі і польскімі шпіёнамі крочыў.
Батлейку ўдалося паглядзець ажно ў Прылуках. Сам батлеечнік памёр, і ў запыленым, аблупленым вертэпе, знятым з гарышча, вадзіла лялькі і гаварыла на розныя галасы ягоная дачка, звычайная вясковая кабета ў паркалёвай хустачцы. Згадзілася за два рублі і абяцанне таямніцы пацешыць таварыша доктара з сынам “цемрашальскай забавай”.
...О Ірадзе, цару, магутны гасудару, пашкадуй мяне ды маіх дзетачак малых...
Калі ў батлейцы памірае вялікі грэшнік, да яго прыходзіць Смерць з чорным кошыкам за спінай. Касою ш-шах - і галава грэшніка злятае з плеч... Але не зусім, павісае на нітачцы. Для таго, каб да наступнага спектакля лялька была зноў гатовая грашыць і памерці. Бедная лялечная Смерць - яе кошык мусіць заўсёды заставацца пустым...