А вось і наяве халоднае лязо дакранаецца да горла... Смерць, мусіць, падставіла пад тваю патыліцу чорны кошык. Вядома, марна ўцякаць ад яе касы, але столькі ўжо разоў яна чыркала побач, а ты ўхіляўся... Дык чаму б і цяпер не паспрабаваць патузацца яшчэ на мізэрнай сцэне сваёй батлейкі? Па вачах рэзанула святло, боль апёк падбароддзе...
- Люцыян Станіслававіч, ну вы проста напрошваецеся на той свет. Больш зручнага моманту ачуняць і прыдумаць не маглі, чым падчас галення, калі брытва ля горла. Так тузануліся, што я і прырэзаць магла...
Жаночы голас... У ім раздражненне... Насмешка... Прытоеная збянтэжанасць...
Павекі дрыжаць, расплюшчваюцца цяжка, як быццам расчыняеш заржавелыя вароты. Перад вачыма плаваюць сонечныя рыбы з вогненнымі хвастамі... Паступова з пратуберанцаў святла вымалёўваецца аблічча, ад якога чамусь адразу сэрца сціскаецца ад пачуцця віны. Тонкія бровы з яшчэ ледзь заўважнай зморшчынкай між імі, вочы зялёна-брунатныя
- колер незвычайны, марскі і лясны, няспелыя арэхі і мокрыя марскія каменьчыкі... Белая скура, пяшчотныя рабацінкі на пераноссі, мядзяныя валасы схаваны пад белую шапачку. Бялюткі халат, на якім мсцяцца вогненныя спалохі. І лязо брытвы ў тонкіх моцных пальцах, паднятае ўверх, як антычная паэтка ў задуменні прыўзнімае стыло.
- З вяртаннем, Магістр!
Памяць, самая плыткая і таямнічая субстанцыя... Ну вось чаму зараз Мнемазіне не збіцца б з хады, не зламаць абцас на брукаванцы ягонага лёсу... Які б ён быў шчаслівы, каб забыўся на сваё мінулае, ператварыўся ва ўсмешлівага аптымістычнага ідыёта.
На жаль, у кінастужцы мінулага захаваўся кожны кадр... Фільм абрываўся ў кабінеце начальніка аддзела барацьбы з сабатажам.
- Дзе я? Колькі я...
Уласны голас спалохаў: не голас - карканне, зусім як у старога крумкача. Да вуснаў даткнулася халоднае шкло кубка.
- Піце... І не спрабуйце адразу ўскочыць, праваляліся вы ў трызненні месяц. Вы ў шпіталі. Інфекцыйная спецбальніца з закрытым рэжымам. У прастамоўі - лепразорый.
Ён заперхаўся, распырскваючы ваду... Ад істэрычнага смеху. Ажно скабы забалелі, відаць, у месцах пераломаў. Ле-пра-зо-рый... І з такім задавальненнем расцягнула гэтае слова... У ягонай колішняй вучаніцы, выдатніцы-разумніцы Яўгеніі Равіновіч раней не назіралася сарказму.
Суровы рушнік, прапахлы карболкай, хутка, нібыта з нейкай грэблівасцю, прайшоўся па твары, выціраючы рэшткі пены і кроў са свежай драпіны.
- Вас галіў санітар, Пятро Сымонавіч, але ў яго часам прыхоплівае сэрца... Я была на абходзе, я галоўны ўрач гэтай установы, Сымонавічу зрабілася кепска, ён і сунуў мне лязо... Людзей у нас катастрафічна не хапае.
Апраўдваецца... За што ёй так няёмка - за тое, што рабіла нявартую справу, галіла пацыента, як простая санітарка, за няўмелае сваё галенне ці за парушэнне нейкай мяжы блізкасці да яго, ката, здрадніка, вінаватага ў яе калецтве?
Даўно Люцыяна не галіла жанчына. Хаця Корвус ніяк не мог успрымаць былую вучаніцу, вачастую дзяўчынку, падобную да феі-мятлушкі, сталай жанчынай...
Яна яшчэ нешта пытаецца, здаецца, ці не баліць галава... Але столь з чорнай трэшчынай у выглядзе скандынаўскай руны, што прадвяшчае безвыходнае становішча, цямнее, хаваецца за дымам... Бацька ў палінялым фрэнчы задумліва пыхкае люлькай, гэта нельга, у яго сухоты. Але ён працягвае курыць і гаворыць, гаворыць, ціха, каб не чула мачыха...
Да твару дакранаецца нешта мокрае, халоднае... Рушнік.
- Люцыян Станіслававіч, вы так спалохаліся нашай бальніцы, што зноў страцілі прытомнаць?
Нават адценне крыўды ў голасе.
- Ведаеце, Яўгенія... - праклятая задышка, - калі аднаму прафесару, спецыялісту па рускай літаратуры... пасля рэвалюцыі прапанавалі з’ехаць з савецкай Расіі, ён адмовіўся... са словамі “Месца ўрача ў чумным бараку”.
Насцярога ў зялёна-брунатных вачах.
- Як вы можаце паўтараць словы ворага?
- Я ў лепразорыі. Чаго мне яшчэ баяцца?
Адвярнулася да вакна, за якім танклявая бярозка гайдаецца, нібыта адбіваецца ад калючага галля сасонкі-падлетка, што вырасла побач.
- Паверце, паўсюль знойдзецца чаго баяцца. Нават у яміне можна ўпасці.
Не, у гэтай стамлёна-строгай жанчыне няшмат ад наіўна-захопленай
дзяўчынкі... Стараннямі і яго, Корвуса. Віна зноў абрынула сэрца, як з гары.
- Спадзяюся, што я ўсё-ткі не хворы на лепру... Удакладніце мой дыягназ, калега.
Сухія факты, сухі тон... Множныя пераломы рэбраў з флатацыяй... Паравертэбральная навакаінавая блакада... Пашкоджанне брушыны... Траўма забрушыннай прасторы... На шчасце, без разрываў. Не, несцероідныя прэпараты я не прызначала... Не спрачайцеся, вы цяпер больш тэарэтык, а я - практык. Пеніцылін - так, уводзілі.
Як быццам усё гэта яго, Корвуса, не тычыцца, не ў яго пабіта, зламана, зраслося, а ў нейкага абстрактнага пацыента.
За вакном усё махала лапамі маладзенькая вясёлая сасна і абурана дрыжэла бярозка. Пастараль з прысмакам карболкі. А на пальцы ў доктара Равіновіч востра блішчэў заручальны пярсцёнак.
- Прабачце, Яўгенія, а як вы самі сюды...
- Пра гэта пасля.