- Але каб не траўма той начы ў сорак трэцім, калі ў вас замацавалася роля ахвяры - магчыма, вы б адразу не далі сябе збіваць! Не баяліся б даць адпор, папрасіць дапамогі... - Магістр усё гэтак жа стаяў на каленях. - Праўда, ва ўсіх нас, беларусаў, сядзіць гэтая клятая згода на роль ахвяры. І рана ці позна гэта абрыдае. І тады... Беларусы ўмеюць быць жорсткімі. Калі я апрытомнеў у Прытулку, першае, што пабачыў - вас і бляск ляза брытвы... А вочы ваты былі... Быццам з водбліскам таго ляза.
Жэнька адмахнулася ад тлустай звяглівай мухі, у якой, напэўна ж, не было праблем з некантраляванымі прыступамі панікі.
- Я вас падманула. Пятро Сымонавіч не прасіў мяне дагаліць вас. Яму б у галаву не прыйшло такое. Але калі я пабачыла пакінутую ім брытву, я... Думаю, спрабавала пазбавіцца ад пачуццяў, якія лічыла няправільнымі. Гляджу на вас, непрытомнага, бездапаможнага, і дзесьці ў глыбіні душы хочацца змусіць вас расплаціцца. За памяць пра дотык халодных пальцаў... За сцягнутыя панчохі... Мне ж па-ранейшаму было гідка дакранацца да вас. Рабіць перавязкі. І я саромелася гэтага - недапушчальнае для ўрача. А трымаць лязо ля вашага горла... Гэта было так... прыемна. Варта трохі мацней націснуць... Так яскрава ўяўлялася... Я змушала сябе проста акуратна галіць вас - і тым пераадольвала цемру ў сабе.
- Вам няма чым сябе папракнуць, - Магістр трохі запалымі светлымі вачыма пазіраў знізу ўверх на былую вучаніцу. - Я заўважаў, што вы старался трымаць між намі фізічную адлегласць. Але вы заўсёды карэктна сябе паводзілі. А траўматычныя наступствы для псіхікі можна падкарэктаваць. Зараз я ўстану...
Люцыян нетаропка ўзняўся з каленяў, ягоны медыцынскі халат быў выпацканы расчаўленымі чарніцамі, быццам пасля аперыравання істоты з юлёвай крывёй.
- Пакуль не прайшло эмацыйнае ўзрушэнне, правядзем эксперымент. Я падыду і зноў паспрабую да вас дакрануцца. А вы не дайце мне гэтага зрабіць.
Загадчыца шпіталя трохі разгубілася.
- Ну, Яўгенія, вы зможаце!
Ад адчайнага штуршка Корвус паваліўся спінай на траву.
- Вы... як, Люцыян Станіслававіч? Я моцна вас?..
Жэнька перастала дрыжэць, толькі часта дыхала і расчырванелася.
- Выдатна! - усміхнуўся Магістр, прыўзнімаючыся на локцях, але не робячы спробы ўстаць. - Цяпер, спадзяюся, у вас пачне замацоўвацца іншая сітуацыйная мадэль.
- І калі да мяне хтось груба датыкнецца, той жа Рыгор, я не запанікую, а развярнуся і добра ўрэжу? - нявесела пасміхнулася Жэнька.
- Ну, можна сфармуляваць і так.
Равіновіч скінула сцябліну, што зачапілася за гузік.
- Гэта як малое дзіцё паб’ецца аб зэдлік, і бабуля, каб супакоіць малечу, пачынае стукаць па зэдліку-крыўдзіцелю: атата, злыдзень, Піліпку нашага пабіў... Не думаю, што вашу методыку дазволяць шырока ўжываць. Для такіх эскперыментаў трэба быць замарожаным унутры, як вы.
- Замарожаным, каб зэдліку не было балюча? - удакладніў Корвус, сеў на траве, абняўшы калені, нібыта грэўся ля вогнішча. - Дык вы лічыце мяне... чэрствым?
Дзесьці далёка загарлаў самотны певень, тубылец шпітальнай гаспадаркі. Яму адказаў не такі ж сонечны вястун, а хрыпатая насмешка крумкача.
- Ну не тое што чэрствым... — Яўгенія прыкусіла губу, падумала. - Мы проста ніколі не маглі вас зразумець да канца. Нібыта і захапляліся вамі
- легенды, раскопкі, размовы ля вогнішча, Ордэн Захавальнікаў... Гэтакі засланец у наш правінцыйны гарадок з іншага, вялікага свету. Мы ж з Малгосяй і ў медыцыну пайшлі з-за вас. Але вы як у панцыры. Малюск. Незразумела, што адчуваеце. Не, калі тычыцца навукі, медыцыны - адкуль толькі тэмперамент бярэцца. Полымем пыхкаеце, як доменная печ. А ў зносінах з людзямі... У вас хоць адзін блізкі сябар ёсць? Па кілішку выпіць, на бабскія капрызы паскардзіцца? Дарэчы, а жанчыны вас увогуле цікавяць? І ўстаньце, нарэшце, па вас мурашкі поўзаюць...
Мужчына толькі пасунуўся ўбок на траве, не ўстаючы.
- І праўда, мурашкі... Нават у кішэню запаўзлі, хоць у мяне там заўсёды бутэлечка нашатыру валяецца. Малюск... Што ж, Яўгенія, я заслужыў гэткую мянушку. Даўно не... прыадчыняў створкі ракавіны. Я таксама не магу назваць сябе цалкам псіхічна здаровым.
- Ого! Наш гіпнатызёр Магістр прызнае сябе псіхам? - цяпер Яўгенія была такой жа, якой яе ведалі ў Прытулку - трохі іранічнай, упэўненай.
- У мяне таксама хапае траўм рознага кшталту, - спакойна прызнаўся Магістр. - З тых часоў, як усе мае самыя блізкія загінулі, я свядома трымаю дыстанцыю. Тут і вывучка мачыхі сказваецца: я не такі, як усе, з заганам, дваранскі вырадак. Даведаюцца, хто насамрэч - адвернуцца. І яшчэ... Пасля смерці Міраславы... - Корвус занадта лёгка вымавіў гэтае імя, толькі не змог стрымаць уздых, - я прысягнуў сабе, што больш ніколі ў жыцці не дакрануся да жанчыны... у пэўным сэнсе.
- І колькі прайшло ад тае прысягі часу?
Люцыян памаўчаў, шпурнуў шышку ў зарасці крапівы, быццам выкарыстаную бутэлечку з атрутай.
- Сямнаццаць год.
Жэнька стрымала непатрэбныя каментары. З ледзь заўважнай горкай насмешкай працытавала:
- С той поры, сгорев душою,
Он на женщин не смотрел,
И до гроба ни с одною
Молвить слова не хотел.
С той поры стальной решетки