Давялося апраўдвацца. А што Ірына Корвус? Ірына ні пры чым... З цётачкай пазнаёмілася выпадкова, калі паехала глядзець дом, што застаўся ў спадчыну ад мужа. Спадарыня Падпека - мясцовая вар’ятка. Спадчынны дом належаў сваяку мужа, старому доктару-дзіваку, цётачка яго абагаўляла і хоча зладзіць музей у памяць куміра.
- Вячаслаў Мацеевіч, я абяцала толькі, што аддам для экспазіцыі непатрэбныя паперы і рэчы з дому Корвусаў. Ні пра якія артыкулы і пікеты гаворкі не йшло...
Не ведаю, ці паверыў мне Доктар Зло, магчыма, наступная размова вялася для прафілактыкі, але атрымала я поўную місу поліўкі. Да работы стаўлюся фармальна, ілюстрацыі ў час не здаю, цешуся ідэяй, што вялікая мастачка, а такімі мастакамі можна гаці гаціць. Ды яшчэ з усяго вартага пасміхаюся. Хвігу ў кішэні трымаю. Змагарка сраная. Цані, што дзяржава вывучыла, працу дала. Памятаем, як артыкул пра гэтых... малінавых даўганосікаў праілюстравала фота з форума маладых ідэолагаў. Мала што на першым плане была талерка з ягадамі. Каму трэба, пазналі, што там на заднім плане за мерапрыемства.
Пад канец Доктар Зло, відаць, змарыўся мяне выхоўваць, а я супакоілася, зразумеўшы, што не пачую сакраментальнае “Збірай манаткі”.
- Думай, што робіш са сваім жыццём, - буркатнуў напрыканцы мой начальнік нейкім зусім іншым тонам, амаль спачувальным. - Не ведаю, у якія гульні ты патрапіла, але любая гульня выключае давер. А ты як кацяня. Патузай перад табой фанцік на нітачцы - і паскакала. Не ўсё такое, якім падаецца.
“Совы не тое, чым падаюцца”, - прагучала ў галаве фраза з містычна-зануднага серыяла “Твін Пікс”. Дзіва, але нехта піша і на яго фанфікі.
Тэлефон змоўк, а я нейкі час глядзела яшчэ на ягонае белае пластыкавае цела. У апошніх словах Доктара Зло прагучала штось трывожнае для мяне...
Але засяродзіцца на гэтым не атрымлівалася. Як і ўвогуле на чымсьці. Таму што... таму што я лічыла гадзіны і хвіліны да вечара пятніцы, калі нарэшце зноў выпраўлюся ў Старавежск. Дзе мяне знойдзе Віталь.
Гэта неверагодна - але нават ягоная куртка пахла дакладна так, як я запомніла, хаця гэта была, зразумела, зусім іншая куртка. І галава мая круцілася гэтак жа, і вусны гарэлі ў прадчуванні пацалункаў... Усё, што раздзяліла нас, што не дае цяпер быць разам, уяўлялася нейкай агромністай бязлітаснай глыбай... І хацелася гэтае, ненавіснае, неадкладна разбіць, узарваць, разнесці на малекулы - з чаго б ні складалася. Палітыка, грошы, людзі - пляваць. Я хачу быць з Віталём Корвусам. І дзіўна, але “выбуховым прыстасаваннем”, інструментам для знішчэння перашкоды апынуўся чалавек самы непадыходзячы.
Я зноў скасавурылася на маніторы, за якімі сядзеў мент Паша і хрумстаў чыпсамі. І зноў у адным з квадрацікаў пабачыла тую самую карцінку, што і тры гадзіны таму.
На адной з лавак платформы сядзеў, прыгорбіўшыся, малады чалавек. Валасы на скронях стрыжаныя, на патыліцы заплеценыя ў танюткую касу. Рукі хаваюцца ў кішэнях чорнай скураной курткі. Вакол горла стыльны шалік у палоску. Побач сіратліва прыхіленая сумка для ноўтбука. У смартфон пальцам не тыцкае, вушы без навушнікаў. Цягнікі сыходзяць і прыходзяць. На лаўку цяжка апускаюцца мажныя кабеты і лёгка прысаджваюцца, выцягнуўшы худыя ногі, птушкападобныя тынэйджэркі. Кожная такая птушка косіць зацікаўленым вокам на смуткуючага маладзёна.
Ну вось што за... пікет на станцыі. Дурасць нейкая.
Між тым мент Паша нарэшце зацікавіўся падазроным пасажырам. Шаргатлівая ўпакоўка ад чыпсаў адправілася ў сметніцу. Паша пачаў перагаворвацца наконт таго, што варта праверыць мужчыну ў чорнай куртцы, які ўжо тры гадзіны тырчыць на станцыі...
Што ж, трэба ўмешвацца.
- Прабачце, Павел, я гэтага хлопца ведаю. Ён мяне чакае. Зараз я спушчуся і разбяруся, не турбуйцеся.
Калючы пільны позірк ментаўскіх вачэй... Але сусед па кабінеце неахвотна адмяняе трывогу і ківае. Ідзі, маўляў... Ясна, будзе назіраць па маніторах.
На станцыі якраз быў зацішак, можа, чалавек пяць мэнчыліся па кутах платформы, бы лядашчыя рыбкі ў акварыуме гандляра, які толькі што распрадаў лепшы тавар. Жоўтыя сцены і калоны свяціліся спелай антонаўкай. Дзеўка з рэкламнага плаката адціскалася ад падлогі з гантэлямі ў руках і агітавала заходзіць у фітнэс-клуб. Дзеўка з другога плаката трымала пук сцяжкоў і запрашала на моўныя курсы са зніжкамі. На табло над чорнай пашчай тунеля міргалі секунды нашага памірання.
- Што ты тут робіш?
Мацей нават не падняў галавы.
- Думаю...
- Спадзяюся, над разгадкай чорнага сшытка доктара Корвуса?
Пацепнуў цяжка плячыма, нібы на іх нешта звалілася, зірнуў на мяне.
Вочы стамлёныя, і пагаліцца не пашкодзіць...
- Ведаеш, я к-калісьці мучыў сябе, перабіраючы ў д-думках, што не так зрабіў, чаму ты не са мной... Ці, наадварот, што мог бы зрабіць, каб ты мяне п-пакахала. Качаўся, цюаньфа займаўся... У акадэмію мастацтваў п-паступіў, каб побач быць. І ўсё, як казала мая бабуля, “на псы”.