Он с лица не поднимал,
И себе на шею чётки
Вместо шарфа привязал...
Корвус слаба ўсміхнуўся.
- Ну неяк так...
І нарэшце ўзняўся, канчаткова пазбаўляючы мурашоў магчымасці даследаванняў прапахлага лекамі і горам аб’екта.
- Ну што, пойдзем глядзець, ці не разнеслі нашы пацыенты шпіталь? А лячэнне пасля працягнем.
- Будзеце дазваляць мне лупіць сябе? - прыўзняла тонкія бровы Жэнька.
- Вось жа ў вас якія вычварныя фантазіі! - ва ўсмешцы Люцыяна нарэшце не было горычы. - Можна паспрабаваць гіпноз. Не хочаце? Ну і карысць медыкаментознага лячэння таксама ніхто не адмяняў... Дарэчы, вы зусім не выпадкова шпурнулі мяне на траўку менавіта тут...
Люцыян нахіліўся, рассунуў чарнічнік...
- Бачыце, тая самая таямнічая кветачка, з рушніка нашай Саколкі! Чырвоны дракон!
Яўгенія прыгледзелася:
- І праўда...
Корвус асцярожна рыхліў зямлю вакол чырвонага дракона завостранай палкай.
- Халера, я ж той рушнік на лаўцы пакінуў... Ну, тут ніхто не скрадзе, тут нават злодзеі свае. А першы рушнік з жыццяпісам святой Маргарыты, мяркую, прывезла жонка Жыгімонта Корвуса-Дзякловіча, пані Люцында. Наколькі Саламон Барысавіч змог разабрацца ў мемуарах, яна францужанка. І расліну не выпадкова гэтую замовілі ў Юндзіла. Якое абязбольваючае і супакойваючае можна на аснове чырвонага дракона паспрабаваць зрабіць!
- А гэта што? - Жэнька тыцнула наском чаравіка ў востры вугал каменя, што паказваўся з-пад моху.
- Надмагілле, - запэўніў Магістр, нахіліўся ўбок і некалькімі рухамі імправізаванай матыкі трохі расчысціў шэрую паверхню. - Тут поўна магіл.
За жоўтым корпусам, і злева ад КПП, ля агароджы. У маёнтку здаўна шпіталь быў, хворыя мерлі. Вунь там, сярод хмызняку, рэшткі капліцы. Так што зямля была асвячоная. Могілкі.
Корвус выпрастаўся, урачыста трымаючы перад сабой у далонях выкапанага з кавалкам дзёрну чырвонага дракона. Някідкія цёмна-ружовыя кветачкі дракона пазіралі са змрочным падазрэннем, а чорная зямля з карэнняў, угноеная людскімі парэшткамі, абсыпала і без таго брудны халат здабытчыка.
- Паладын з Граалем па-беларуску... Есці вам больш трэба, Люцыян Станіслававіч, вы худы, як штыкеціна, — нечакана зазначыла Жэнька і, апусціўшы вочы, дадала:
- Дзякуй вам. Мне... сапраўды было з сабой не справіцца.
- Я не заслугоўваю вашай удзячнасці, - вельмі сур’ёзна адказаў Корвус. - Я проста вельмі хачу, каб у гэтым свеце стала меней болю і болей спакою.
Па вызваленым з-пад моху кавалку шэрай каменнай пліты поўз мураш. Яму было з-за чаго выказаць абурэнне дзвюм гіганцкім цеплакроўным істотам. І гадзіны не пабылі - а ўжо ўквэцалі зямлю сіняй крывёю чарніц, парвалі метры тры старанна сплеценай мясцовай Арахнай павуты, прытапталі ладны лапік травы разам з казюркамі. Парушылі зямную плоць, калі выкопвалі няшчасную кветачку. Адна карысць - пакармілі трох камароў.
Недарэчныя істоты і небяспечныя.
І руды мураш пабег сабе далей па шэрай надмагільнай пліце, на якой немагчыма было прачытаць ніводнай літары.
Раздзел сёмы. АВАНТУРЫ ЗБЕГЛЫХ НЯБОЖЧЫКАЎ
У паўднёвых славянаў ёсць звычай паўторнага пахавання.
Праз колькі гадоў магілу раскопваюць, дастаюць косткі, мыюць асвячонай вадой і віном, заносяць у гаршчку ў царкву, а затым хаваюць нанова, з належным адпяваннем...
Мо каб упэўніцца, што нябожчык не ператварыўся ў вупыра і асінавы кол не спатрэбіцца. Мо каб выказаць павагу памерламу сваяку...
Дарэчы, гэтак жа ўласнаручна ўчыніла з косткамі праваслаўнага выдаўца і фундатара Астрожскай акадэміі Канстанціна Астрожскага ягоная ўнучка Ганна Алаізія. Унучка была фанатычнай каталічкай і хацела загладзіць дзедаў грэх схізмацтва.
Вох, не ляжыцца нашым нябожчыкам... Парэшткі Купалы туды-сюды вазілі, Еўфрасінні Полацкай, Сафіі Слуцкай, нат Івана Луцкевіча ўмоўна перазахавалі ў Вільні, хоць ягоная магіла ў Закапанэ не знойдзеная, да парэшткаў Максіма Багдановіча на Ялцінскіх могілках падбіраюцца... Нядаўна будавалі ў менскім Верхнім Горадзе дзіцячую філармонію на падмурках старажытнага кляштара, дык косткі і чарапы будаўнікі цішком у мяхі ссыпалі. Супрацоўнікі архіва, што побач, праз вокны бачылі, кудысь паведамлялі, а толку... Каму ў нас трэба памяць даўніх часоў? Яшчэ ідэалагічную карцінку сапсуе.
Вось і блукаюць нябожчыкі, несупакоеныя... У мяне дык дакладна свой такі ёсць. Несупакоены. І я дасюль да канца не ўпэўненая, што ён з плоці, крыві і васьмідзесяці кіль звычайнай чалавечай няўдачы. Не вупыр, не пярэварацень, не глюк майго хворага мозгу.