- Так, зараз жа супакоіцца і разысціся! - Жэнька абвяла вачыма тых, што набіліся ў палату, і - дзіва - нават дужыя раз’юшаныя мужыкі пад позіркам зялёна-брунатных вачэй сумеліся. - Тут шпіталь, а не зона. Для доктара ўсе хворыя маюць роўныя правы. Хто не згодны - не трымаю. Усвядомце адно: мы як на караблі пасярод буры. Калі каманда пачынае высвятляць адносіны - карабель тоне. І я гэтага не дапушчу. Зразумелі?
Танклявы капітан з валасамі колеру спелага каштана, забранымі ў важкую касу-карону, яшчэ раз ганарыста зыркнула на прыціхлую каманду. Сымон Мацеевіч раптам усміхнуўся ды праспяваў радок нейкай замежнай песенькі:
-
Як ёсць белагвардзеец!
- Вы, Восіп Мацеевіч, застанецеся ў гэтай палаце. Вам, Стахевіч, прыйдзецца перасяліцца ў падсобку ля кухні.
- Падабаецца здзеквацца з бездапаможных хворых? А “падціснуць” сваю начальніцкую жылплошчу не спрабавалі?
Невядома, чаго ў нахабным тоне скалечанага хлапца было больш - нянавісці да іншых ці пагарды да сябе, але мэты ён дасягнуў. Супакой, якога дабілася Жэнька, парваўся, як ветразь у шторм. Бо нават Ромку, які першы раз бачыў гэтага абарыгена матчынага пограба, карцела адвесіць яму добрую плюху.
- Не паддавайцеся! Гэты чалавек вас правакуе! Ён сам хоча, каб яго збілі ці забілі! - Корвусу на хвілю ўдалося аднавіць цішыню. - Вы ж дужыя, дарослыя, вайну прайшлі... Чаму вядзецеся на выбрыкі маладзёна з хворай нервовай сістэмай? Дазвольце, я пагавару з ім сам-насам, і ўсё спакойна вырашыцца.
- Я не прасіў вас за мяне заступацца! - выкрыкнуў парушальнік шпітальнага парадку. - Прыстаяце, як салома ў лазні, а вашы давяральныя бяседы, Люцыян Станіслававіч, дарэчы толькі для баранаў, накшталт слінявага Яначкі. Усё роўна я ведаю, што вы мне не верыце. Ніхто не верыць. А гэтага ўрача-шкодніка прывезлі, і ніхто не пытаецца, мо ён і праўда пацыентаў са свету зжывае? Вы тут усе забойцы! Акрутнікі!
Двое з КПП, сівы і з паголенай галавой, сцягнулі нахабніка з ложка... Корвус дарэмна штосьці даводзіў, усё павышаючы голас - ага, слабы твой гіпноз, Магістр, далёка да Месінга, куды там з раз’юшанымі штрафбатаўцамі справіцца. Прафесар Візенталь парываўся ўстаць і сысці, санітарка ўладна яго спыняла... Хтосьці перакуліў у куце вядро, і яно загрымела, пакацілася па падлозе, утвараючы ручай з рэшткаў не дапітага пацыентамі кампоту. Пантофлі і боты прысутных зараз жа размазалі салодкую вадкасць.
- Зараз усім ушпілю супакойваючае! - вочы Жэнькі свяціліся зялёным гневам. - Што вы ўчыняеце? Хіба варта пытанне - хто на якім ложку пераначуе - такой буры? А вы, Стахевіч, майце павагу да прафесара! Які вас жа вылечыць можа.
- Можна падумаць, я дам яму сябе лячыць. Па радыё пра змову габрэяў-урачоў з раніцы да вечара гавораць.
І дадаў такое гнюснае... Што і Яўгенія страціла раўнавагу ды ледзь не ірванулася да правакатара. Корвус супакаяльна прытрымаў былую вучаніцу са спіны за плечы...
Ад ягонага дакранання Жэнька раптам абрынулася на падлогу. Скурчылася, прыкрыла зверху рукамі галаву...
Гэта выглядала так недарэчна, так неверагодна - гордая прыгажуня Яўгенія Равіновіч, строгая ўладарка Апошняга Прытулку - на бруднай, ліпкай ад кампоту падлозе, у становішчы спалоханага дзіцяці, якое чакае ўдару, - што ўсе разгублена замоўклі. Корвус увогуле застыў саляным слупом, яго твар збляднеў горш, чым у Стахевіча.
Цяжкое маўчанне зацягвалася... Нарэшце Жэнька варухнулася, павольна-павольна адняла ад галавы рукі. Устала таксама вельмі павольна, не паднімаючы вачэй. Шчокі яе палалі. Першы, на каго яна падняла позірк, быў Магістр.
- Не чапайце мяне, вы! - маладую жанчыну калаціла, як ад моцнага холаду. - Недастаткова палапалі мяне ў сорак трэцім?
Збялелы Корвус моўчкі адступіў на крок. Доктарка, ні на кога больш не гледзячы, выйшла з палаты, цвёрда ступаючы па залітых кампотам дошках.
Санітарка дакорліва выгукнула:
- Зусім давялі Міхайлаўну, ырады!
Менавіта так і прамовіла, “ырады”, а не “ірады”...
Але было зразумела, што за гэтым здарэннем штосьці большае, чым рэакцыя на бунт нервовага пацыента. Сведкі апускалі вочы з няёмкасцю, быццам падгледзелі штось вельмі асабістае...
Корвус, прамарудзіўшы пару імгненняў, выбег на вуліцу, не зважыўшы на падазроныя позіркі сведкаў непрыемнай сцэны. І Ромка памкнуўся быў за сяброўкай, ды Люцыян на бягу так зыркнуў на няпрошанага памагатага, што той вырашыў не ўмешвацца. Урэшце ён ніколі не ўмеў суцяшаць баб, за што Малгося не аднойчы дакарала. Вечна штось не тое ляпне...
Жэнька ішла па-ранейшаму цвёрдым крокам, без кульгання, сунуўшы рукі ў кішэні халата і ганарыста задраўшы галаву. Звярнула з асфальтавай дарожкі ў лес. Прадралася, не запавольваючы хады, праз ядловец і крапіву, і цяпер бегла, між соснаў мільгаў белы халат...
- Яўгенія, пачакайце! Калі ласка!
Задыханы Магістр дагнаў былую вучаніцу на невялікай палянцы, зарослай чарнічнікам. Праз кусты праглядаўся шэры бетон агароджы і калючы дрот. У дэтэктыўных раманах у падобных закутках звычайна знаходзяць труп.
- Ідзіце прэч! Бачыць вас не хачу!