Размову перарвалі крыкі. У Прытулку разгаралася нежартоўная баталія: лямантавалі, як на Старавежскім кірмашы, калі сярод цыганскіх коней хтось заўважыць свайго, скрадзенага. Пазнаваўся нізкі голас Пятра Сымонавіча, вісклівы - санітаркі...
- Што ж такое...
Загадчыца Прытулка і суразмоўцы кінуліся туды, куды падцягваліся, хто цішком на мыліцах, хто бегма на адносна здаровых нагах, і іншыя насельнікі. На лаўцы застаўся ляжаць скручаны чароўны рушнік.
Віры віравалі ў шэрым аднапавярховым будынку, узведзеным ужо за савецкім часам, тым самым, куды адправілі хворага прафесара. І прафесар, сухенькі старэча, як выразаны з пергаменту, быў тут жа, сядзеў ля вакна на пашарпаным венскім крэсле. Блакітныя, трохі выцвілыя вочы разгублена паглядалі праз старамоднае пенснэ на гармідар. Рэшткі сівых кучаравых валасоў - быццам дым над загасаючым вогнішчам, а вусны аж пасінелі, медыкам не трэба быць, каб зразумець, што сардэчнік.
- Паслухайце, таварышы, я лепей пайду ў другі корпус...
- Не, дзед, ты застанешся тут. А пойдзе прэч гэты гадзёнак, фашысцкі паслугач!
Дужы мужык у гімнасцёрцы, з паголенай галавой - на загрыўку хоць снапы малаці, з вытатуіраваным сонцам на запясці навісаў над дробным маладзёнам, што сядзеў на ложку. На плечы хлапца паўзверх бальнічнага халата была накінутая ватоўка, нягледзячы на лета. Пераляканы твар белы, як тварог, пальцы, пачварна скрыўленыя, з распухлымі суставамі, учапіліся ў матрац.
- Я нікога не хацеў крыўдзіць. Я проста паставіў перад фактам, што гэты пакой заняты. Мной. І мне ў свой час гарантавалі, што я буду жыць без суседзяў.
Голас непрыемна надтрэснуты, але і з адчайнай упартасцю. Нават з выклікам. Так гавораць тыя, каму няма чаго губляць, і таму небяспечныя, нягледзячы на сваю мізэрнасць.
У пакойчыку, дзе толькі і змяшчаўся ложак, крэсла ды медыцынскі металічны столік на калёсах, дзясятак чалавек - гэта ўжо натоўп... Ромка мог толькі ў дзверы зазіраць праз чужыя плечы.
- Мусіць, яшчэ не забыўся, Стахевіч, як такіх, як гэты дзед, у гета зганяў? - гэта ярыўся Пятро Сымонавіч. — І цяпер гатовы, дай табе волю?
- Я нікога не зганяў! Я, наадварот, аб аблавах папярэджваў!
- Што тут адбываецца? - Яўгенія праштурхалася наперад з дапамогай Корвуса.
- Гэта, Яўгенія Міхайлаўна, зноў з-за Стахевіча шум! - раздражнёна засакатала санітарка з юлёвай плямай на твары. - Новага хворага прывезлі з сардэчным прыступам, трэба было тэрмінова яго пакласці. А месцаў няма, не сунеш жа да сухотнікаў ці іншых інфекцыйных, вырашылі сюды. Палата зручная, ціха... А Стахевіча... - санітарка скасавурылася на прыхіленыя да ложка мыліцы, - можна перасяліць да Яначкі. Там якраз каля вакна ўлезе яшчэ адзін ложак. А гэты... паліцай крычыць, не саступлю законнае месца. Мужыкі пачулі, ну і...
- Я не паліцай! Вы ўсе толькі і чакалі падставы, каб на мяне накінуцца! - вусны хлапца трэсліся, але запалыя сінія вочы зыркалі з зацятасцю загнанага ў кут звярка. - Я нічога кепскага не зрабіў! У атрад самапомачы пайшоў, каб маці не чапалі, і таму, што партызанскі камсорг загадаў звесткі для партызан збіраць...
- Баек пра партызанскі загад, і як той камсорг ад цябе падступна адрокся, мы ўжо начуліся! - раўнуў мужык з прыплюснутым носам, зусім сівы, хаця яшчэ не стары, у пілотцы і выцвілай жаўнерскай форме. - Лечаць цябе тут, гада, заміж таго, каб да сценкі паставіць... Ды яшчэ, як пану, трэба асобную палату!
- Яўгенія Міхайлаўна, вы ж ведаеце... - адчайна прамармытаў Стахевіч, умольна пазіраючы на доктарку. - Я не магу жыць з кімсьці... У мяне адразу нервовы прыступ... Пасля таго, як шэсць год адзін у пограбе...
- Думаеш, зараз шкадаваць возьмемся? - злосна прагаварыў Пятро Сымонавіч. - Усё пра цябе ведаем, баягуз. Калі прыйшлі нашы, маці цябе схавала. Каб не арыштавалі разам з іншымі паліцаямі. Сядзеў, як пацук, у падполлі. Там табе косці і перакруціла. Мог не сядзець, мог здацца. Адкупіць віну. Няма ў тваёй пакуце нічога, вартага спачування. Бібліятэкар наш Саламон таксама, у падвале седзячы, здароўе страціў. Але ж яго там ад фашыстаў хавалі, ад такіх, як ты.
- Яшчэ раз кажу, я нікога не забіваў і не здаваў... — Стахевіч нацягнуў на плячо ватоўку - відаць, мёрз нават у самую гарачыню.
- Проста не паспеў здаць, падла! - злосна прамовіў сівагаловы. - Колькі табе было, сямнаццаць?
- Пятнаццаць! І, каб маці не памерла, я б і далей хаваўся! Толькі дзеля яе, каб быць побач! - калі Стахевіч і быў баязліўцам, дык, падобна, найбольш баяўся застацца без чужой злосці. - Што вы ведаеце пра наша жыццё? Бацьку перад вайной арыштавалі - ні за што. Мяне ў піянеры не прымалі, хоць я лепей за ўсіх вучыўся. Маці магла ў тэатры спяваць, але голас ад перажыванняў страціла і ў вёску вярнулася. І вы мяне яшчэ будзеце ўпікаць, панове крымінальнікі ды белагвардзейцы?
Паветра ў пакоі запаўняла нянавісць, як дым ад атрутных зёлак.