Нешта ў кабінеце агідна забразгала, мусіць, страшныя жалезныя інструменты. Жэнька ціха перагаворвалася з Люцыянам, лацінскія тэрміны ператварылі гаворку ў неразборлівае булькатанне ручаіны. А потым Корвус зноў загаварыў сваім пераконваючым голасам:
- Яшчэ пару тыдняў трэба пачакаць, Ганна, і можна рабіць кесарава. Заснеце, а прачнецеся - каля вас ужо дзеці. І рушнік гэты чароўны абавязкова каля вас будзе, і кветачкі...
Пад ціхія падзякі Люцыян, ужо ў іншым, чыстым, халаце з накрухмаленымі складачкамі, выйшаў на калідор, трымаючы пад пахай пажаўцелую звернутую тканіну. Падобна, ледзь утрымаўся, каб не патрэсці Ромку, як восеньскую ігрушу:
- Вы ж у шпіталі, Раман, як можна вось так, без халата, урывацца ў аперацыйную... А калі б мы не скончылі маніпуляцыі? У нас вельмі складаны выпадак.
Але Цвічок адразу выгукнуў абуранае:
- Дык яна, ваша пацыентка, ад фашыста дзіця чакае? І вы вакол яе таньчыце?
Корвус узяў былога вучня цвёрда за перадплечча, адцягнуў далей па калідоры, загаварыў ціха і строга:
- Кожнае дзіця мае права на жыццё! Нават калі з’явілася ад гвалтаўніка - з яго можа вырасці цудоўны чалавек. А тут зусім іншы выпадак, і не нам судзіць. Ганна - са Старавежска, суседка Яўгеніі. Яе мужа, чыгуначніка Ахрэма Саколку, немцы павесілі за сувязь з партызанамі.
- Ну, пра Саколку чуў... І яе бачыў у горадзе... - буркатнуў Ромка. - Тым жахлівей, муж - герой, а яна...
- А яна з немаўлём апынулася ў канцлагеры, - змрочна перабіў Люцыян. - Як яны выжылі - цуд... Каб не хуткае наступление нашых... А ў мінулым годзе брыгаду ваеннапалонных прыслалі ў Старавежск адбудоўваць завод. Вось і... пазнаёмілася наша ўдава з тым музыкам-Марыкам, пашкадавала. Калі гараджане даведаліся пра яе цяжарнасць, зацкавалі. А аднойчы падпільнавалі нейкія падонкі і збілі, цэлячы ў жывот. Небарака пакінула дачку ў сваякоў. Сюды дайшла сама, сцякаючы крывёй. І мае права на прытулак, як усе мы.
Цвічок хмыкнуў, ні ў чым не перакананы.
- Дарэчы, пра прытулак. Я ж не проста так прыпёрся, у кабінет ламіўся... Мяне Малгося прыслала. Такія справы робяцца...
- Раман, не варта расказваць тут... Давайце выйдзем на вуліцу, дачакаемся Яўгеніі.
Мяркуючы па ўсім, Магістру цяпер паўсюль мсціліся віжы.
На вуліцы было ціха, як у зачараваным царстве. Быццам тут спыняліся ўсе гадзіннікі, люстэркі нічога не люстравалі, а словы ў кнігах пераварочваліся, як вусені, і распаўзаліся па старонках. Лес гайдаў на вершалінах неба, а можа, спрабаваў яго прабіць сваімі вострымі дзідамі... Пахла хлёркай і печанай бульбай. Вакол павольна паміралі людзі - бо чалавек памірае заўсёды, ад моманту нараджэння.
Цвічок праводзіў вачыма таўсманую кабету ў белай хустцы, якая па асфальтавай дарожцы нетаропка несла вядро з чырвоным надпісам “Кампот”. Палову твару кабеты хаваў агідны юлёвы нараст. Быццам прыліпла луста сырога мяса.
Магістр і Ромка прыселі на лаўку з негабляваных шэрых дошак пад кустом адцвілага бэзу. Люцыян беражліва, быццам снарад, паклаў побач з сабой тканевы скрутак.
- А што гэта ў вас за палатно? - няўважна папытаўся Ромка, намацваючы ў кішэні папяросы. Пакуль урачыха не прыйшла, трэба паспець пакурыць. Жэнька шкодная, адбярэ цыгарэту, палохаючы сухотамі.
- Гэта рытуальны рушнік, - сур’ёзна прамовіў Магістр. - Лічыцца, што дапамагае парадзіхам. Ганна Саколка з сабой прынесла.
- І вы дазваляеце такое цемрашальства? - пагардліва пыхнуў дымам “беламорыны” Ромка.
- А чаму не? - Люцыян падставіў худы твар сонцу і стамлёна прымружыў вочы. - Падчас фізічных пакутаў чалавеку можа дапамагчы вера хоць бы і ў чароўны гузік... Калі прабабчын рушнік заменіць лыжку брому - хай будзе.
- Вера... - пакрывіўся Цвічок. - Як поп гаворыце...
Люцыян скасавурыўся на былога вучня.
- А памятаеце, Раман, як я ў партызанскім лагеры вам рану зашываў? Цяжка было выцерпець боль?
Цвічок ганарыста выпрастаў спіну:
- Камсамольцы болю не баяцца! Падумаеш, асколак са сцягна дасталі... Вы ж тады і абязбольваючае мне ўкалолі, так што я амаль нічога і не адчуваў, так, быццам пчала ўкусіла.
- І што, вы памятаеце ўсе падрабязнасці аперацыі? Як я, напрыклад, вам тое абязбольваючае даваў? - працягваў допыт Корвус.
- Памятаю, канечне, я ж без прытомнасці валіцца не збіраўся! - дым ад Ромкавай пралетарскай “беламорыны” звіваўся ў арыстакратычныя вензелі. - Вы доўга пыталіся, ці адчуваю, як нямее ступак, пасля галёнка, пасля сцягно, ды яшчэ патрабавалі, каб, адказваючы, глядзеў вам у вочы. Спадзяваліся на мане падлавіць, ці што?
- Ну і лякарства добра зняло боль?
Ромка раздражнёна паціснуў плячыма.
- Я ж сказаў...
- Справа ў тым, Раман, - гэтак жа роўна працягваў Люцыян, - што тады ніякага абязбольваючага ў мяне не было. Медыкаментаў амаль не засталося, параненых шмат... Так што я проста змусіў вас, як змушаў іншых пацыентаў, паверыць, што боль знік.
Цвічок ажно забыўся на цыгарэту.
- Ну як жа... У мяне ж праўда тады нага знямела, як аднялася, хоць рэж... Гіпноз, ці што? Як у Вольфа Месінга? Мне загадчык склада нашага расказваў, бачыў хлапчуком яшчэ да рэвалюцыі, як малады Месінг выступаў у Гомлі і пратыкаў сабе спіцай шыю.