Крама была вузкай, бы карцэр для правінавачаных рэчаў. Вузкі стэлаж з абуткам - казачнае дрэва, аброслае гумовымі пантофлямі і чаравікамі. Побач вешалка, аблепленая шурпатымі майкамі фабрыкі “Світанак”. Танны парцалянавы посуд, бессаромна яркія пластыкавыя міскі, бензапіла, сенакасілка, лядоўня ў труне з рэдкіх негабляваных дошак, у празрыстым цэлафанавым саване. Белыя бліскучыя бакі лядоўні праглядалі між дошак, і хацелася правесці на гладкай дарожцы пальцам, рызыкуючы падчапіць стрэмку.
Я нічога не стала пытацца ў прадавачкі ў камізэльцы са штучнага чорнага футра, магчыма, той самай Святланы з шыльды. Цётка была паглынутая размовай з мужыком у паношаным брунатным плашчы і куртатым капелюшы, у якім можна ўявіць парыжскага вулічнага мастака. А я ўжо сама прыкмеціла за лядоўняй і шэрагам пральных машын, што здзіўлена лупілі адзінае вялізнае вока на несамавіты інтэр’ер, калідорчык, у якім паблісквалі пачэпленыя на сцены краны і серабрыстыя змеі душавых шлангаў. Прадавачка слізнула па мне абыякавым поглядам.
- Ды халера бяры гэтыя капейкі... З кашалька выслізваюць, як блохі. Дастаеш дваццаць капеек і доўга думаеш, ці гэта дзве тысячы на старыя, ці дзвесце рублёў...
Старавежцы лена лаялі наступствы дэнамінацыі. А я прасоўвалася між кранаў туды, дзе бялелі фаянсавыя артэфакты тэхнагеннай эпохі.
Дзверы ў канцы калідорчыка былі расчыненыя на абгароджаны задні двор крамы. За няйменнем месца туды выставілі частку грувасткага і няпсотнага тавару: чыгунныя ванны, стосы металачарапіцы ды яшчэ нейкія будаўнічыя штукі...
Я знерухомела на траве пасярод чыгунных ванн і звыродлівых гіпсавых гномаў. Іх крывава-чырвоныя ўсмешкі змушалі ўспомніць пра звязкі часнаку і асінавы кол. З шэрага неба зноў сеяўся амаль незаўважны дождж. І чаго я сюды прыпёрлася... За якім прывідам... Дурніца...
Хтосьці апусціў на мае плечы цяжкія рукі і прашаптаў на вуха - аж валасы на патыліцы заварушыліся ад гарачага дыхання:
- Ну, прывітанне, малая...
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ. З’ЯЎЛЕННЕ ЧЫРВОНАГА ДРАКОНА
Сайт “Пад знакам Урабораса”.
Назва фанфіка: Ордэн захавальнікаў.
Фандом: арыджынал.
Жанр: агнст.
Памер: максі.
Статус: у працэсе.
Рэйтынг: NC-17.
Катэгорыя: гет.
Аўтар: Grjaznyj ubljudok.
Бета: Kobaabba.
Папярэджанні: асабліва жорсткія сцэны.
Анатацыя: Ты думаў, што ты на дне, але нехта пастукаўся знізу.
Каментары:
Раздзел трэці
У антычнасці верылі, што кроў багоў цячэ з зямлі. Мусіць, за яе прымалі нафту. А яшчэ можна было ўторкнуць братаў нож у дрэва каля роднага дома, і калі пацячэ з-пад кары кроў - жывы братка, калі вада - згінуў на чужыне...
У пакоі, куды зазіраў Ромка, было шмат крыві - здавалася, нехта шчодра рассыпаў спелыя журавіны на светла-гарчычнай кафлевай плітцы падлогі ды патаптаўся па іх. Не тое, каб Ромка Цвічок баяўся, хто ж, пабачыўшы вайну, баіцца крыві... Але тут было ўсё неяк вусцішна і няёмка: стогне цяжарная кабета на кушэтцы, да яе агромністага жывата пад сінім байкавым халатам у цёмных плямах мімаволі прыцягваецца погляд. У барвовым рукі дактароў і іх халаты... А побач страшнае - крэсла-распорка, як для катавання, на ім змятая белая прасціна, і таксама ў крыві. Чаго папёрся неадкладна шукаць Жэньку, не пачакаў? Тут справы такія, кабечыя, забароненыя мужчынскаму воку...
Праўда, Жэнька, кінуўшы сярдзіты позірк на няпрошанага візіцёра, які застыў слупом у дзвярах, ужо адышла ад пацыенткі і моўчкі мыла рукі. Вада з грукатам білася ў бляшанае дно ўмывальніка, быццам залева шумела ў рынах.
- Доктар, а дзіцятка жыць будзе? Яно ж невінаватае, хто ягоны бацька...
Цяжарная павярнула збялелы твар - рысы тонкія, рахманыя - да другога ўрача, які паспеў вымыць рукі і засяроджана выціраў іх рушніком.
- У вас будзе двойня, Ганна Апанасаўна... Двайное шчасце. Дзеці - заўсёды шчасце, ад каго б ні нарадзіліся. Тут ніхто не нашкодзіць ні вам, ні ім.
Такі спакойны, ветлівы голас - хоць замест валяр’янкі прымай ад нерваў. Корвус! Трэба ж, які і быў. Размераныя рухі, выпрастаная постаць, трохі запалыя светлыя, аж празрыстыя вочы... Толькі відаць, што нос ламаны, і не раз.
Ромка выскачыў у калідор, прыціснуўся спінай да халоднай сцяны, працягваючы праз прыадчыненыя дзверы чуць надрыўныя стогны жанчыны.
- Дзіцятка не вінаватае... Яго бацька не немец нават, ён з Румыніі аднекуль... Маладзенечкі... І нікога не забіваў. Музыкант ён... Дудачкі такія рабіў зграбненькія з кары, а граў, як Лель...