Гербам “Слепаўрон” карыстаўся Шыман Касакоўскі, апошні вялікі гетман літоўскі. Цікавы персанаж... Напачатку апантана біўся за незалежнасць Рэчы Паспалітай супраць расейцаў і саюзных з імі войскаў караля Станіслава Панятоўскага. Сварыўся з магнатамі, што хацелі самі ачоліць супраціў. Потым, пасля паразы Барскай канфедэрацыі, памэнчыўшыся па Еўропах, папрасіўся ў расійскую армію. І вярнуўся на чале расійскага войска ўціхамірваць былых паплечнікаў. Паўстанцы Касцюшкі павесілі яго ў Вільні першым са здрайцаў. Проста ў жоўтым шлафроку, узяўшы з ложка.
Не надта спрыяльны герб - крылаты злодзей з чужым золатам, з герба перабежчыка...
Дом Корвусаў, магчымых уладальнікаў герба “Слепаўрон”, сустрэў звыклым пахам цвілі, старой паперы і зёлак. Не паспела зачыніць за сабой дзверы...
- Вы не маеце права нішчыць нашу гісторыю! Манкурты!
Дробная цётачка ў лінялай кофце, - востры кірпаты нос, маленькія надзьмутыя вусны нібыта ўвесь час прамаўляюць скептычнае “Ну...”, - наскоквала на мяне неяк па-вераб’інаму. Акуляры ў масіўнай цёмнай аправе давяршалі вобраз “у бібліятэцы мусіць быць ціха”.
- Прабачце, але я не разумею...
Ненавіджу пачынаць фразу з гэтага слабога “прабачце”, але ўвесь час само вылятае ў складаных сітуацыях.
- Усе вы, як што, нібыта не разумееце! - цётачка, аднак, трохі сцішылася, можа, пачуўшы беларускую мову ад чужаніцы-захопніцы. Парфума яе пахла падвялымі астрамі. Гэтак праз тыдзень пасля пачатку навучальнага года пахне на сметніку ля школы, куды адправіліся падораныя настаўнікам букеты.
- Рукапісы Люцыяна Станіслававіча маюць гістарычную і навуковую каштоўнасць! Кожная паперка! Таму ўсё, што палічыце непатрэбным, аддайце ў наш краязнаўчы школьны музей!
Непатрэбным я мусіла палічыць увесь архіў, па перакананнях госці. Та-ак, плёткі ў мястэчку распаўсюджваліся з хуткасцю сеціўнага відэа з коцікам.
Цётачка перастала махаць рукамі і выцерла дрыготкімі пальцамі спацелы лоб. Цяпер яна сапраўды нагадвала дробную шэрую птушачку, якая нападае на больш грувасткага ворага, з усяе моцы распушыўшы пер’е, каб здавацца большай.
- Марыя Сцяпанаўна не дапускала нас да архіваў Люцыяна Станіслававіча, казала - забаронена, не мае права... Але ж вы спадчынніца, вы можаце!
- Яна пакуль яшчэ нічога не можа, дакументы не аформленыя! - сярдзіта азваўся Мацей з-за майго пляча - я мімаволі адхінулася назад, каб спінай даткнуцца да свайго абаронцы, які тут жа супакаяльна пагладзіў мяне па плячы. - Не варта нападаць на чалавека, першы раз пабачыўшы!
Мой верны паладын. Толькі вось дракон, ад якога мяне належала бараніць, выглядаў несамавіта. Хаця... такія бедныя кволыя цётачкі, валодаючы тэхнікай напісання скаргаў, не аднаго рэдактара да мікраінфаркту давялі.
- Вы не ўсведамляеце каштоўнасці гэтага архіву! Ніхто не ўсведамляе! А гэта ж Леанарда да Вінчы беларускі быў! - захаплялася цётачка. - Колькі старавежцаў з таго свету павяртаў! Людзі да яго ішлі, як да святой крыніцы. А навукоўцы-бюракраты не верылі, заціралі. Люцыян Станіслававіч аднавіў старажытныя рэцэпты. Сам расказваў, калі я яго ў школу да сваіх вучняў запрашала: можна з дапамогай адных зёлак змусіць мазгі працаваць на сто адсоткаў, спыніць працэсы старэння...
- Эліксір маладосці, значыць, доктар вынайшаў? - скептычна прагаварыў Мацей, і калі цётачка энергічна заківала, мы зусім недалікатна захіхікалі, намагаючыся не сарвацца на брутальны рогат. Справа ў тым, што пару месяцаў таму мы выпадкова натрапілі ў сеціве на ролік, які вучыў прыгатаванню эліксіра маладосці.
Гамеапатычнага.
Са здохлай жабы.
Прычым абавязкова памерлай ад старасці.
Аўтар роліка - у кадры паказваліся толькі ягоныя рукі, валасатыя і дужыя - браў квакуху-нябожчыцу, што мірна спачыла ў акварыуме ягонага сябра, і на вачах шаноўнай публікі перакручваў на фарш у старой мясарубцы. Неапетытнае месіва залівалася гарэлкай. Праз некалькі дзён бралася адна кропля і разбаўлялася ста кроплямі спірту. Потым пяць кропель спіртавога расчыння дадавалася да шклянкі вады... Пі такую шклянку раз на месяц і жыві вечна! Бо гамеапатыя заснаваная на тым, каб лекаваць падобнае падобным, а значыць, у арганізме, які памёр, так бы мовіць, ад натуральных прычын, абавязкова ўтрымліваецца таямнічы канцэнтрат старасці і смерці...
Як успомню жабу ў мясарубцы - фэ-э... Спадзяюся, эліксір доктара Корвуса прадугледжваў іншы рэцэпт.
Цётачка, пакрыўджаная нашым недаверам, запэўніла, што доктар меў справу толькі з зёлкамі. Вядома, рэдкімі, цудоўнымі, простым смяротным недаступнымі.
Язэп Драздовіч нумар два.