Мацей з неахвотай адарваўся ад планшэта, які дзіка глядзеўся на старасвецкім круглым століку, накрытым вязаным карункавым абрусам, побач са знямелым настольным гадзіннікам у выглядзе стылізаванага скафандра. Пастамент гадзінніка ўпрыгожвала пазалочаная пластыкавая ракета з таксама пазалочаным хвастом выхлапных газаў.
- Ніфігос! Войніч адпачывае...
Калісь палітэмігрант Войніч, муж той самай Этэль Ліліян, што стварыла рэвалюцыянера-неўрастэніка Авадня, у якога і я ў тынэйджэраўскам узросце была закаханая, набыў у Ватыкане трактат. Напісаны на пергаменце на неіснуючай мове, упрыгожаны падрабязнымі каляровымі малюначкамі раслін, сузор’яў, істотаў, збудаванняў і пейзажаў, як вы здагадваецеся, таксама неіснуючых. Магчыма, пятнаццатае стагоддзе, магчыма, пазнейшая падробка, але “з тых часоў бянтэжыць розумы людзей і робатаў”. Прынамсі, Салома згадваў, што ў юнацтве біўся над расшыфроўкай. Нават хакнуў для гэтага нейкія суперзасакрэчаныя базы дадзеных, дзе - не прызнаўся. Спадзяюся, не ў Ватыкане.
Сшытак прафесара Корвуса таксама прабіваў на сіндром пошукаў глыбіннага сэнсу. Чорны атрамант - не аўтаматычная самапіска, а пяро. Нейкія абракадабраўскія формулы, падобныя да рунаў. Замалёўкі каляровым атрамантам незразумелых раслінаў, сімвалічныя малюнкі, даволі прафесійныя - дзве далані, мужчынская і жаночая, дакранаюцца адна да адной, у зрэнцы жаночага вока люструюцца зоры... І ўсё з такой стылізацыяй пад сярэднявечны трактат, што мімаволі ўспаміналася мая ўлюбёная кампутарная гульня “Аблівіён”. Там магі і алхімікі па такіх трактатах узровень падвышалі.
Ды яшчэ са старонкі на старонку пералятаў смешны крумкач, на патыліцы якога тапырыліся задзірыста пёры.
Саламярэцкі сцвердзіў, што гэта не ангельская мова. Нават літары толькі на першы погляд нагадваюць лацініцу. Загнаў частку тэксту ў гуглаўскі перакладчык... І кампутарны тлумач спёкся.
- Можа, доктар вельмі кепска ведаў мову, на якой пісаў, таму перакладнік і не апазнае словы? - з надзеяй спыталася я.
- Можа... — мармытнуў Салома, а вочы блішчаць, захапіўся айцішнік загадкай. - А можа, гэта штось кшталту эсперанта...
Ну ўсё... Фанфік закруціўся, бо з’явіўся таямнічы артэфакт. Навуковыя даследаванні дзіўнага доктара...
- Хутчэй за ўсё, канечне, містыфікацыя...
Мацей сфоткаў на планшэт яшчэ адну старонку, на якой намаляваная зялёным атрамантам расліна ваяўніча раскідвала ўбакі разлапістыя лісты, як гандлярка, што не падпускае басоту да свайго спакуснага тавару... Хаця на што там глядзець? Кветачкі стварэння божага былі дробненькія, прымітыўнага дызайну, і наўрад ці вызначаліся яркім колерам.
- Надзівачыў дзед... Ці з глузду з’ехаў. У тых, хто мае справу з псіхамі, абавязкова такое здараецца.
- Не думаю...
Якія жартачкі, якое вар’яцтва? З фотаздымка на серванце, трохі павярнуўшы галаву, быццам каб упэўніцца, што за плячыма няма пагоні, паглядаў чамусьці вельмі мне знаёмы бялявы мужчына гадоў сарака. Пінжак, белая кашуля, гальштук, акуратная стрыжка з доўгай грыўкай, адкінутай з высокага ілба. Нос, відаць, перабіты, трохі крыва зросся, тонкія ўпартыя вусны... А галоўнае - вочы. Вельмі светлыя, аж празрыстыя, трохі запалыя, ад чаго позірк здаецца яшчэ больш пранізлівым. Так мог бы глядзець Вялікі Інквізітар. Спакойна, важка, цяжка... І вой як не хочацца варушыць гэты белы попел спакою, бо як жахне адтуль полымя... Бо нават ад гэтага погляду з фотаздымка ў мяне чамусь абрынаецца сэрца.
Не, Люцыян Станіслававіч Корвус аніяк не выглядаў жартаўніком. Ні на фотаздымку, ні ў арыджынале. Так, мне было вусцішна і ад таго, што паспела прачытаць яшчэ адзін раздзел опуса Ублюдка. І не магла лічыць гэта простым супадзеннем. Я, вядома, не ведаю, наколькі арыджынал праўдзівы, але пакуль усё супадала. Імя героя, яго прафесія, нават месца дзеяння...
І яшчэ... Колькі б я ні ўглядалася ў партрэт доктара, ніякага падабенства з маім Корвусам нат на макавінку не заўважала. Хутчэй Мацейка быў да яго нечым падобны... І не, я не паказвала Салому гісторыю пра Апошні Прытулак. Можа, таму, што фанфікшн для яго - тое самае, што фан-клуб Стаса Міхайлава, дзе кабеты вышываюць на падушках азызлае аблічча куміра, і на вуснах з мулінэ трапеча “Озноб души моих голодных грез”.
Тут не фанфік і не квэст. За расшыфроўку сшыткаў правінцыйнага доктара мне дадатковае жыццё не дадуць, узровень магіі не павысяць. Было б што каштоўнае - даўно б хтось злапаў. Вунь цэлая паліца кнігамі ды брашурамі застаўленая аўтарства Люцыяна Корвуса, значыць, нейкую вагу ў прафесіі меў, не веру, што архіў ягоны не ператрасалі. А што мне да той неўралогіі-псіхапаталогіі?