- Пра абставіны - самае лепшае апраўданне для любога гнюса. Ведаеце, Яўгенія, я ж мог адразу зладзіць вам уцёкі, было некалькі зручных момантаў... Але не стаў - бо давялося б сябе выкрыць, збягаць з вамі. Вы маглі пазбегнуць жаху тае начы, калі ледзь не замерзлі насмерць... Я фактычна ахвяраваў вамі, як найменш каштоўным жаўнерам.
Жэнька хацела запярэчыць, але Люцыян перарваў яе абурэнне:
- І гэта не першы выпадак у маім жыцці, калі з-за мяне гінуць. Вы зацікавіліся, хто такая Мірачка, якой я трызніў... Міраслава, мая жонка. Таленавітая даследчыца. Мы працавалі ў адной лабараторыі. І разам былі арыштаваныя.
- Ну, пытацца “за што?” у такіх выпадках я перастала даўно... - горка зазначыла загадчыца.
У пальцах Корвуса апынуўся незаўважна адарваны ад піжамы гузік.
- Я ніколі не зразумею, чаму відавочнае глупства і шэрасць заўсёды падаюцца больш пераканаўчымі, чым талент. Чаму старэнькага, геніяльнага Івана Пятровіча Паўлава, светлая яму памяць, у дыспутах прадстаўляе ягоны нелюбімы, нахабны і бяздарны вучань. Чаму са зграі такіх недалёкіх выяўляюцца “ісцінныя паўлаўцы”, якія ганьбяць і ператвараюць у ворагаў народу “няісцінных”, “антыпаўлаўцаў”. А тыя “анты” проста працягваюць далей пошукі настаўніка, нешта абвяргаючы, удакладняючы... - Корвус ажно задыхаўся ад гневу. - Любую слушную ідэю на тле некрытычнага захаплення можна развіць да абсурду. “Паўлаўская псіхалогія”, “паўлаўская біялогія”... Усё багацце псіхічнай дзейнасці цяпер мусяць тлумачыць паводле ўмоўных рэфлексаў. Замест таленавіцейшага акадэміка Рубінштэйна ставяць малапісьменную персону, якая горда заяўляе, што яе галоўны ўклад у навуку - “цягнула Рубінштэйна з балота ідэалізму”. Аграбіёлаг Лысенка, шчыры дурань, прызначаецца апосталам усяе біялогіі. Як вы ставіцеся да “лячэння сном” па методзе Паўлава?
- Чаму б і не? Здаровы сон - найлепшыя лекі... — паціснула плячыма Жэнька.
Корвус сунуў няшчасны гузік у кішэню і задумліва крануў два птушкападобныя шнары, што прыкрашалі яго шчаку: адзін даўно пабялеў, другі наліты свежай барвай.
- Здаровы сон... А як расцэньваць, калі дзяцей, немаўлятаў, каб з дапамогай сна пабольш аздараўляліся, загадалі ў прытулках трымаць на барбітуратах? І яны ператвараліся ў алігафрэнаў? Наша лабараторыя сабрала матэрыялы, кіраўнік выступіў з дакладам пра шкоднасць вульгарызацыі “методыкі сну”... Арыштавалі нас усіх. Паколькі мы карысталіся некаторымі знаходкамі нямецкіх даследчыкаў, абвясцілі нямецкімі шпіёнамі. Зацята шукалі ў лабараторыі засланага агента, вярбоўшчыка. Так што Самусь сваімі прыёмамі мяне не здзівіў.
Корвус зноў пацёр упрыгожаную шнарамі шчаку і прыгорбіўся, як ягоны цёзка-крумкач.
- Мне пашанцавала. Сярод маіх пацыентаў быў адзін кантужаны камісар. З удзячнасці за ацаленне вырашыў выратаваць. І ўсю віну звалілі на Міраславу. Дачку менскага немца-чыгуначніка, якая нібыта падманам ажаніла мяне з сабой, каб займацца сабатажам у савецкай навуцы. Мне пасля расказалі, што Мірачка ўсё пацвердзіла, свядома ўзяла віну. Дзеля майго ратунку. Каб я тады ведаў, што адбываецца... Але я толькі ўпарта адмаўляў свае грахі. Не ведаў, не чуў... Выходзіла, як бы пацвярджаў словы жонкі. І яе расстралялі. А мяне вызвалілі. Умоўна. Пад нагляд. З забаронай займацца даследваннямі.
Корвус выплёўваў словы, як пякуча-горкія ягады.
- А мы гадалі, чаму наш біёлаг вядзе не біялагічны, а археалагічны гурток?
Жэнька няўважна круціла ў пальцах выпадкова сарваную сцяблінку, якая яшчэ нядаўна была знітаваная каранямі з зямлёй і жыццём.
- Так, я не мог, не меў права займацца хоць чымсьці падобным да сваіх ранейшых навуковых доследаў, - глуха прамовіў Люцыян, апусціўшы галаву. - Паціху вар’яцеў ад гора і пачуцця віны. Гурток - гэта ў памяць пра бацьку... Ён, калі быў гімназістам, хадзіў разам з сябрамі да менскага антыквара Генрыка Татура, на Гандлёвую ўзбярэжную. Столькі ўспамінаў пра тое, што як бы і я там пабываў. Дом як музей. Рыцарскія латы, старадрукі, абразы, пажаўцелыя мапы... Татур, лысы, барадаты, падобны да прарока Елісея, апантана збіраў усё, што тычыцца гісторыі Беларусі. Астатняе прадаваў і, калі кліент быў фанабэрыстым арыстакратам, спецыяльна цану накручваў. Князь Антоні Радзівіл так і не змог набыць у яго даспехі свайго продка, зазлаваў...
- Ваш Татур, мусіць, сам багаты быў? - трохі пагардліва папыталася Жэнька.
- У даўгах сядзеў, як лыжка ў крупах, - пасміхнуўся Магістр. - Бацька часта ўспамінаў размовы, якія там, сярод старажытнай зброі і кніг, вяліся. Пра Вялікае Княства Літоўскае, пра сапраўдную гісторыю ліцвінаў - так у летапісах называлі беларусаў, і што трэба збіраць скарбы народнай культуры...
- Тое гаварылі нам і вы, Магістр, - Яўгенія змахнула са шчакі нахабнага камара. - Ніколі не забуду сваю першую археалагічную знаходку - двузубы відэлец шаснаццатага стагоддзя...