- Скажам так, у мяне навуковая методыка ўнушэння... - ухіліста адказаў
Корвус. - І прыдумана яна не сёння. Каб ты, Цвічок, любіў Шэкспіра, я б працытаваў: “Ёсць шмат на свеце, дружа мой Гарацыё...” Але штось мне падказвае, што з Вільямам і ягоным дацкім прынцам ты знаёмы не блізка, таму паўтару ўлюбёнае выслоўе майго бацькі: “Цуд — гэта тая рэальнасць, якая адкрываецца нам хутчэй альбо ў большым аб’ёме, чым мы здольныя зразумець і прымірыць са сваімі ведамі”.
Корвус асцярожна разгарнуў рушнік - вузкі, у дзве далані, і даўжэзны, як зімовая песня:
- Бачыш, тут, акрамя вышыўкі, сухія кветкі прымацаваныя?
Ромка, раздражнёны нечаканай лекцыяй з антысавецкімі дацкімі прынцамі, недаверліва крануў пальцам шорсткае сцябло незразумелай расліны.
- Якаясь цудоўная папараць-кветка альбо разрыў-трава?
Корвус хмыкнуў, успамінаючы, відаць, уласныя квяцістыя расповеды Ордэну захавальнікаў пра спамянутыя зёлкі.
- Не чароўная, а дужа рэдкая. Тутэйшы гаспадар, Жыгімонт Корвус- Дзякловіч, учыніў у маёнтку дэндрарый і сад лекавых раслін. Цікавы персанаж, дарэчы... Такі... прагрэсіст і дысідэнт свайго часу. Гэта - адна з зёлак, здабытых ім у вядомага батаніка Станіслава Юндзіла. Яна расце толькі на Далёкім Усходзе. У шпіталі ёсць медбрат, ён былы ксёндз. Не крывіся, таварыш ваяўнічы атэіст, ён добры чалавек, фашысты яго за адмову супрацоўнічаць у лагер смерці кінулі... Дык вось, ён распавёў, што на рушніку вышыты жыццяпіс святой Маргарыты, апякункі парадзіх. А кветачка называецца чырвоны дракон: святая Маргарыта перамагла цмока, які яе праглынуў, таму вось такая кветка ёй адпавядае. Расліна - моцны рэлаксант. Корвус-Дзякловіч і ягоная жонка-лекарка гэта добра ведалі і ўжывалі ў лячэнні. А я ў адной старой кнізе - тут захаваліся рэшткі бібліятэкі Дзякловічаў - знайшоў звесткі, што гэты чырвоны дракон дадаваўся нат у лекі ад праказы. А наконт навукі і цемрашальства...
Корвус крануў кончыкамі доўгіх пальцаў радзінны рушнік.
- Калі нараджала ўлюбёная жонка караля Генрыха Восьмага Джэйн Сэймур, кароль парушыў усе звычаі і даслаў да парадзіхі двух сваіх лепшых дактароў. Мужчыны дагэтуль не дапускаліся ў пакой, дзе адбываліся роды, усё рабілі павітухі. І Джэйн Сэймур памерла. Таму што дасведчаныя дактары пачалі камандаваць цёмнымі кабетамі. Напэўна, і не апрабаваныя імі самімі травы не далі ўжыць. І не дазволілі дастаць рэшткі плацэнты з маткі... Назапашаная стагоддзямі практыка, нават калі на нейкім этапе абвяргаецца навукай, з развіццём тае навукі можа быць пацверджаная і тэорыяй.
Ну вось, паехаў Магістр лекцыі далдоніць... Расліны-рэлаксанты Цвічка цікавілі не больш, чым назва птушкі, што сумна ценькала дзесь непадалёк.
На шчасце, паказалася Жэнька. Яна трохі пакульгвала, значыць, канкрэтна замарылася. Корвусу, які лёгка падхапіўся з лаўкі пры яе набліжэнні, суха кіўнула - маўляў, усё ладам з пацыенткай.
- У горадзе сходы пачалі праводзіць, прысвечаныя ўрачам-шкоднікам... - спяшаючыся, Ромка выкладваў навіны. - Шкоднікі паўсюль, і іх трэба выяўляць. Там адзін дзядок ёсць... з Малгосяй працуе. Ну, нібыта яго і выявілі. Малгося кажа, памылкова, папрасіла тэрмінова сюды адвезці. Кажа, калі арыштуюць, памрэ. Ён хворы, сардэчнік. Восіп Мацеевіч Візін... Візінтанк, здаецца.
- Прафесар Візенталь? Восіп Мацеевіч? - перапытала Жэнька, і Ромка заківаў галавою. Жэнька і Люцыян агаломшана перазірнуліся.
- Мы па ягоных падручніках вучыліся, - скрушна ўзгадала загадчыца шпіталя.
- Не адно пакаленне ўрачоў падрыхтаваў. А колькі пацыентаў выратаваў... — з горыччу мармытаў Корвус, скручваючы чарадзейны рушнік. - Жывая легенда.
- Ну, здаецца, была нядаўна жывая... - з няёмкасцю перхануў Цвічок. - Прафесару вашаму ў дарозе кепска стала. Твар пасінеў, што ў нябожчыка. Як прыехалі, яго ў той корпус забралі, што адразу ля варотаў. Чакайце, яшчэ не ўсё...
Корвус і загадчыца, гатовыя бегчы да яшчэ магчыма жывой легенды, трывожна ўтаропіліся ў госця.
- Тут у лясах банда аб’явілася, фашысцкія недабіткі. Спецыяльны атрад паслалі іх лавіць. Ну, і сюды могуць атрадаўцы хутка завітаць. Трэба ж праверыць, ці няма ў каго сувязі з бандытамі, ці не чулі чаго. А ў вас тут немаведама што за тыпы... - Ромка раздражнёна цыркнуў скрозь зубы. - На вашым КПП да мяне бандзюк нейкі прычапіўся, усе рукі ў татуіроўках... Прафесара “бацыльным” называў, мяне - то “гаўрыкам”, то “ваньком”. А я ведаю, што гэта значыць. У нашай роце быў адзін крымінальнік. Ён казаў, што “ванькамі” блатныя называюць звычайных людзей, якія не ведаюць, што маюць справу са злодзеямі. Так што на месцы ястрабкоў я б гэтага тыпуса з КПП добра патрос, ён жа з вінтоўкай ходзіць.
Гэта была кепская навіна... Спецатрадаўцы-“ястрабкі” - не медкамісія. Могуць не пабаяцца заразы...
- На КПП - гэта двое былых штрафбатаўцаў, Гаўрылкін і Дрыжка, сябры санітара Сымона Пятровіча. Яны надзейныя хлопцы... - патлумачыла няўважна Жэнька і змрочна дадала: - Трэба дакументы на ўсіх нашых да ладу прывесці.
Сапраўды, дакументы - важней за людзей. У гэтай краіне паперка губіць, паперка ратуе.