- Мусіць, Люцыяну Станіслававічу было цяжка глядзець на яе выявы, вось і схаваў. А выглядала Яўгенія Міхайлаўна...
Арыядна кінула зацікаўлены позірк на мяне.
- Ды вось як вы! Кажуць, у маладосці і валасы ў яе былі, як у вас, рудаватыя. Яна зусім рана ссівела. А так - вы вельмі падобныя... Мы думалі, што вы стрыечная ўнучка Яўгеніі Міхайлаўны, пакуль Марына не расказала, што гэта ваш загінулы муж быў унучатым пляменнікам Люцыяна Станіслававіча.
Мацей скончыў фоткаць і выпрастаўся.
- А як сам доктар памёр?
Арыядна паправіла пасму сівых валасоў, што выбілася з-пад берэціка.
- Дакладна невядома.
Мацей здзіўлена хмыкнуў:
- Як гэта - невядома? А што медэксперты ў заключэнні напісалі?
Арыядна разгублена глядзела на нас светлымі блізарукімі вачыма праз тоўстыя акуляры.
- Хіба вы не ведаеце? Гэта, так бы мовіць, сімвалічная магіла...
- Што?
Мне зрабілася вусцішна: няправільныя нябожчыкі працягвалі містычнае шэсце па маіх нервах...
- Люцыян Станіслававіч да апошняга быў рухавы, моцны, хоць і хударлявы. Часта хадзіў вунь туды, збіраць зёлкі...
Арыядна махнула рукой у бок адхону, дзе за рэчкай туманілася поле, парослае хмызамі, а ў далечы сінела крапасная сцяна лесу...
- Тут балаты, далей - Волатава пушча, - патлумачыла Мартынаўна. - Там, у пушчы, і працавалі Корвусы. Далекавата, са Старавежска службовы аўтобус хадзіў да шпіталя. Зачынілі яго яшчэ ў дзевяностых, без працы людзі пазаставаліся. Там жа рэспубліканскі туберкулёзны дыспансер быў, плацілі добра, не тое, што ў раённай бальніцы. А Люцыян Станіслававіч любіў пешкі дабірацца. Кіламетраў пятнаццаць - а ён, нават ужо на пенсіі, з кульбачкай, за пару гадзін даходзіць напрасткі. Ведаў сцежкі ўсе праз балаты, ногі доўгія, не хадзіў - лётаў...
Арыядна расчулена ўздыхнула.
- А ў дзевяноста чатыры ўвага ўжо не тая, сілы не тыя... А ён усё травы збіраў. Аднойчы пайшоў - і не вярнуўся. Бачылі, як кіраваўся ў саменькую дрыгву... Потым, як палезлі самыя адчайныя шукаць, знайшлі на купінах кульбачку, торбу, шапку...
Не хапала яшчэ знайсці сляды ад лап сабакі Баскервіляў альбо капытоў дзікага палявання караля Стаха. Я адвяла позірк ад злавеснага туманістага пейзажу, што зацягваў позірк, як любое злавеснае бяздонне, ці гэта старая студня, ці бясконцы серыял “Звышнатуральнае”.
Можа, доктара загубіла магрэтка, чырвоны дракон? Рэдкая кветка, за якой пацягнуўся ў гіблае месца.
- А што цяпер у тым дыспансеры?
- Ды разваліны, мусіць, - паціснула плячыма Ружовы Берэцік. - Хадзілі чуткі, хтось хацеў выкупіць пад пансіянат адпачынку, тады меркавалі адчыніць у ацалелым корпусе вытворчасць кукурузных палачак... Нібыта нейкія бандыцкія разборкі там адбываліся. Цяпер узялі пад ахову... Гэта ж гістарычная каштоўнасць, маёнтак Дзякловічаў. Хоць ад даўніны нічога не засталося. Гісторыкі прыязджалі, археолагі, пасля ледзь не плакалі ад таго, што ўбачылі. І аднаўляць, кажуць, няма чаго. Я толькі ў маладосці там была: муж да Люцыяна Станіслававіча вазіў, калі ў мяне пнеўманію вылечыць не маглі.
Апошні Прытулак набываў дужа канкрэтныя рысы.
- А вы ніколі не спрабавалі пісаць на гэтую тэму? Скажам, раманы? - вусны мае знямелі ад трывогі. Мартынаўна ахвотна заківала галавой:
- А як жа, пісала! Колькі разоў пісала! І я, і наш вядомы краязнавец Пётр Піліпавіч Калейка, і сам Люцыян Станіслававіч, і ксёндз айцец Станіслаў з суседняга Наўя! Пра тое, што Старавежск памылкова апушчаны да статуса райцэнтра - у яго ж Магдэбургскае права раней чым у Мінска з’явілася. Што ратушу трэба ратаваць. Рэстаўраваць, а не аддаваць дзялкам пад гатэль. І пра маёнтак Дзякловічаў пісалі... Раёнка друкавала, “Краязнаўчая газета” друкавала... Карэспандэнты прыязджалі. Вядомая журналістка Ганна Барэцкая нават цэлае расследванне пра лёс ратушы ўчыніла!
Арыядна Мартынаўна расчырванелася, уся такая натхнёная, ваяўнічая
- Мацей нават трохі адсунуўся ўбок. Не любіць ваяўнічых энтузіястаў.
Не, цётачка Ружовы Бярэцік не падобная да заўсёднікаў інтэрнэту і аўтара сумна-іранічнага і такога шчымлівага аповеду пра Ордэн Захавальнікаў і ягонага Магістра... І ўжо наўрад назвалася б яна Брудным Ублюдкам. Да гэтага панкаўскага ўзроўню яе самаіронія відавочна не сягае.
- А я чытала, што Дзякловічы мелі падвойнае прозвішча, другая частка
- Корвус, - закінула апошнюю зачэпку я.
- Люцыян Станіслававіч казаў, проста цёзкі, - няўважна азвалася Арыядна. Яна ў гэта верыла. А вось я пасля ўсяго - не.
Могілкі я ўвогуле люблю, старыя, дэкадансныя, але адсюль гатовая была проста бегчы. Вусцішна, нібыта над месцам уласнай магілы прайшлася.
Мокры ад дажджу і расы плюшавы мішка ля помніка звар’яцеламу доктару на развітанне падміргнуў мне гузічным вокам.
Нават Корвусаў дом, прапахлы цвіллю і лекамі, падаўся ўтульным пасля мясцовага некропалю. Мы з Мацеем ужо ведалі, што тут зусім адны