- Дашу і Любу зноў паклалі ў бальніцу, і сястра Марына адправілася прыглядаць за імі. Таму абед быў на мне - не таму, што месца кабеты на варыўні, а таму, што мужчына, які не ленаваўся гатаваць, заняты. У лядоўні знайшліся яйкі, у шафцы - алей “Мечта козацкая”. Старая патэльня са здымнай ручкай была старанна вышмараваная. А хлеб і каўбаса засталіся з ссабойкі. Я смажыла яечню і ўяўляла, што раблю гэта для Віталя... Цікава, дзе ён зараз? Уяўленне намалявала Корвуса, які ляжыць у кустах, ухутаны ў гэткі спецназаўскі плашч-халат, і глядзіць на гэтае вакно з бінокля, і думае пра мяне... Ледзь яешню не спаліла.
Калі я прынесла патэльню ў залу, заціскаючы ў кулаку два відэльцы - а аблом талеркі халоднай вадой мыць, з патэльні з’ямо, - Мацей, прыўзняўшыся, навісаў над кампутарам, як дрэсіроўшчык над насваволіўшым тыграм. На маніторы шалёна беглі радкі... І на гэты раз яны былі кірыліцай. Няўжо атрымалася?
Я паставіла, ледзь не кінула, патэльню на вольны край стала, не заўважыўшы, што брудныя кроплі тлушчу ўпалі на бялюткі абрус.
У той жа момант бег радкоў спыніўся.
“Quod nocet, non est poena mortis et sic vita - suus, a dolore vero - id est vitaque morsque - mendacii”.
“Ісціна - гэта боль, але адсутнасць болю азначае смерць, а значыць, жыццё - гэта боль, а смерць - гэта мана”.
Ніфіга сабе заблытаныя дэфініцыі... І, здаецца, гэта надпіс з надмагілля Корвусаў. Значыць, недарэмна схадзілі...
Я падняла на Мацея шчаслівыя вочы. Той змрочна кіўнуў.
- Вось ён, т-твой т-трактат... Зараз выведу, к-калі паперы хопіць...
Я ледзь не раздушыла мабільнік, калі пасылала эсэмэску... Усяго дзве літары: “ОК!”
Не паспела аддрукавацца апошняя старонка, у дом увайшлі. Трое самавітых мужчын у плашчах, пры гальштуках. Мацей быў зрабіў хуткі рух да флэшкі, што тырчэла ў худым баку ноўтбука, але адзін з прыхадняў яго апярэдзіў, прытрымаўшы за руку.
- Не спяшайцеся, Мацвей Аляксандравіч. А то яшчэ што-небудзь выпадкова можаце сцерці.
Саламярэцкі рэзка вызваліўся, так што фенечка садралася... Краем вока я заўважыла пад ёю доўгі белы шнар, быццам яшчэ адна фенечка, што ўрасла пад скуру. Асэнсоўваць, што адбываецца, не выпадала. Нехта абняў мяне за плечы і вёў да дзвярэй, нашэптваючы на вуха штось надзвычай захапляльнае... Я паспела яшчэ пачуць кінутае мне ў спіну горкае:
- Д-дарэчы, Ірынка, Віталя К-корвуса ніколі не існавала. Сп-пытай пра гэта ў спадара Яўгенія Кап-пытко.
Апошняе, што я ўсвядоміла, аказаўшыся за весніцамі, - са мной Віталь, які не збіраецца нікуды знікаць, а да грудзей я прыціскаю каштоўны трактат. Які ў мяне чамусь ніхто не парупіўся адабраць.
Над балотам да Волатавай пушчы поўз туман, нібыта вялізны прывід неахвотна вяртаўся да сваёй магілы.
Раздзел восьмы. СЦЕНЫ ІЕРЫХОНА
Сайт “Пад знакам Урабораса”.
Назва фанфіка: Ордэн захавальнікаў.
Фандом: арыджынал.
Жанр: агнст.
Памер: максі.
Статус: у працэсе.
Рэйтынг: NC-17.
Катэгорыя: гет.
Аўтар: Grjaznyj ubljudok.
Бета: Kobaabba.
Папярэджанні: асабліва жорсткія сцэны.
Анатацыя: Ты думаў, што ты на дне, але нехта пастукаўся знізу.
Раздзел пяты
Каментары.
З плаката паглядаў белазубы калгаснік у заліхвацкай кяпурцы. За ягонай спінай бачыўся прыгожы дом, поле з раўнюткімі барознамі і бярозкамі, якія, здавалася, таксама бадзёра ўсміхаюцца ўсімі чорнымі плямінамі на кары. “Таварышы калгаснікі і калгасніцы перасяляюцца ў КФССР”.