- Давайце падумаем пра гэта заўтра... А пакуль што паглядзім на зоры, - нечакана дадаў Корвус. Яўгенія неўразумела азірнулася. Былы настаўнік задраў галаву, прывіднае нябёснае святло залівала ягоны твар, падкрэсліваючы рэзкія цені.
- Памятаеце, Яўгенія, як пасля таго, як мы знайшлі бразготку пракажонага ў раскопе і я спыніў даследаванні, Ордэн захавальнікаў сядзеў ля вогнішча. І мы да раніцы глядзелі на неба і гаварылі пра сузор’і...
Загадчыца шпіталя скептычна хмыкнула, але таксама падняла вочы... Якія ж сёння зоры! І чаму яны так нялітасціва склаліся да тых, хто пад імі гадзіну таму нарадзіўся!
Мусіць, апошнюю горкую фразу доктарка вымавіла ўслых, таму што задуменны Магістр, што стаяў за яе спінай, не адрываючы светлых вачэй ад неба, суцяшальна паклаў рукі на плечы жанчыны.
- Жабраку болей шчасця ад адной мядзянай манеты, чым багацею ад тысячы залатых. Будзе шчасце і ў нашых дзяўчынак.
Двое з Апошняга Прытулку моўчкі стаялі і глядзелі на зоры, не падазраючы, што некаторыя з тых зор даўно памерлі, мала што іх святло ляціць да зямлі.
- Люцыян Станіслававіч, вы зараз дакранаецеся да мяне... у тым самым сэнсе? - раптам весела прашаптала Яўгенія. Корвус адскочыў, быццам ягоныя рукі абдало кіпнем, і спалохана замармытаў, не падымаючы вачэй:
- Прабачце, я... я не хацеў... я проста...
Сухія галінкі трашчалі пад ягонымі чаравікамі.
- Вы, дапусцім, проста хацелі праверыць, ці не падаю я па-ранейшаму ў шоку ад вашага дакранання? Як бачыце, не. Ваша лячэнне дапамагло.
Люцыян адступіў на крок, пазбягаючы глядзець на танклявую постаць у зорным святле.
- Паверце, я проста механічна... Мімаволі...
- Можа, час і вам, Магістр, пазбаўляцца сваіх фобій?
Жэнька раптам зрабіла крок да суразмоўцы, і той з цяжкасцю змусіў сябе застацца на месцы, толькі тузануўся назад.
- Вы мяне дражніце, так?
Голас мужчыны гучаў бы пагрозна, каб не быў разгублены.
- А вас вельмі весела дражніць!
Жанчына раптам кранула шчаку былога настаўніка, лёгка правяла тонкімі пальцамі па ўпартым падбароддзі.
- Вось бачыце... Я сябе пераадолела.
- Рады за вас, - суха прамовіў, як выплюнуў словы, Магістр, развярнуўся і хуткім крокам рушыў у цемру.
- Ды стойце ж вы, рыцар з апушчаным забралам! - са смехам прамовіла Жэнька і подбегам рушыла следам. - Я не буду вас чапаць!
Начную цішу парушыў стрэл. І яшчэ адзін... Потым - аўтаматная чарга... Злыя выкрыкі. Надрыўны сабачы брэх - вартавыя сабакі ў Прытулку меліся, але не аўчаркі. Не любілі насельнікі гэтага месца аўчарак.
- Ля брамы страляюць... - напружана прамовіў застылы Магістр. - Яўгенія, бяжыце ў адміністратыўны корпус! Я пагляджу...
І кінуўся туды, дзе чуліся стрэлы і крыкі.
- Ага, зараз, пайду і пад ложак схаваюся! - скрозь зубы працадзіла загадчыца, даганяючы калегу. - Куды цябе нячыстая сіла пагнала, ты ж тут нелегальна! Люцыян, чакайце!
...У адчыненую браму шпіталя павольна, перавальваючыся на рэльсах для жалезных створак варот, заязджаў грузавік. Ягоныя сляпучыя фары нагадвалі вочы бязлітаснага цмока. Штрафбатаўцы-ахоўнікі, зноў у марлевых павязках і белых застрашлівых камбінезонах-халатах, перагаворваліся з прыезджымі - узброенымі вінтоўкамі, у пілотках, гімнасцёрках з трохкутнымі нашыўкамі на каўнярах і ў звычайных нагавіцах і чаравіках, хто ў якіх. Падобна, апалчэнцы з аднаго са знішчальных батальёнаў, што створаныя пад ачолам Берыі. Большасць зусім маладыя, не паспелі ў вайну паваяваць, і цяпер ірваліся ў бой. Адзін, старэйшы, быў у фуражцы, з рэвальверам на баку. Ён няспешна хаваў у тэчку дакументы, якія, відаць, былі дастаткова пераканаўчымі, каб атрад пусцілі ў Прытулак. Апалчэнцы насцярожана азіраліся па баках, асабліва часта спыняючыся позіркам на асветленай шыльдзе “Спецбальніца. Асцярожна, інфекцыя! Уваход строга забаронены”.
- Я загадчыца шпіталя. Што тут адбываецца? Хто страляў?
Яўгенія рашуча выйшла наперад, узмахам рукі змусіўшы Корвуса застацца ў ценю.
- Ястрабкі, Яўгенія Міхайлаўна... - змрочна прагаварыў праз марлевую павязку ахоўнік. - З праверкай... Непадалёк напаткалі банду, дваіх застрэлілі... Ляжаць вунь жмурыкі ў грузавіку.
- Лейтэнант НКУС Нашчадны! - назваўся афіцэр. Ліхтар выхопліваў рысы: квадратнае падбароддзе, невыразныя вочы з прыпухлымі павекамі, кірпаты нос, як кажуць, качачкай, сівыя, коратка стрыжаныя валасы. - Правядзіце нашых байцоў па шпіталі, таварыш Яўгенія. Гэта неадкладна... Перадайце мне ўсе дакументы на супрацоўнікаў і пацыентаў. Потым для жывых - начлег, для мёртвых бандытаў - морг... У вас жа ёсць у шпіталі морг, праўда?
Таварыш Нашчадны гаварыў нібыта лена, а позірк ягоны ўвесь час слізгаў па баках, нібыта словы былі толькі прыкрыццём для іншага, больш важнага занятку... Між тым грузавік заехаў на тэрыторыю, з яго выйшла яшчэ двое. Значыць, усіх гасцей - дзясятак.
- Жэнька! Ты?...
Загадчыца мімаволі зрабіла крок назад ад шыракаплечага вайскоўца.
- Рыгор... прывітанне.
Яе голас дрыжэў.
Самусь памкнуўся наблізіцца, дакрануцца да сваёй кабеты, але спыніўся, вінавата прыкусіўшы губу. Ягоны твар падаваўся не па ўзросце азызлым, вакол вачэй амаль чорна.