- Гэта мая жонка, таварыш Нашчадны, - неахвотна прамовіў Самусь да зацікаўленага калегі, не адводзячы хворага позірку ад Жэнькі, якая пачала ўжо дрыжэць усім целам. Пакуль не адчула, што за спінай матэрыялізаваўся нехта недарэчна ўпарты, і яна адхінулася назад, працягнула руку, каб на імгненне дакрануцца да цёплай цвёрдай рукі, гатовай падтрымаць. Гэтае дакрананне дазволіла адолець прыкрую слабасць, выпрастацца...
- І вы тут... - хрыпла вымавіў Рыгор, утаропіўшыся ў Корвуса, як у прывіда, але Яўгенія перабіла:
- Гэта мой намеснік.
І дадала ўладна, трохі павярнуўшы галаву да Магістра:
- Прашу вас, ідзіце і падрыхтуйце асабовыя справы для праверкі.
Люцыян моўчкі схіліў галаву і сышоў, зразумеўшы намёк. Самусь прыгнечана маўчаў.
- Ну што, таварыш маёр, пойдзем аглядаць іхні прытон? - перабольшана аптымістычна прамовіў таварыш Нашчадны.
- Можа, варта пачакаць, пакуль развіднее? - буркатнуў Самусь.
- І, магчыма, даць камусь збегчы? - хмыкнуў лейтэнант. - Вы, таварыш маёр, лепш за ўсіх ведаеце: ворага трэба ламаць адразу, пакуль не ачомаўся і не прыдумаў, як абараняцца.
Чамусьці адчувалася, што не малады маёр, а сівы лейтэнант быў тут галоўным.
Далейшае нагадвала фільм жахаў у стылі “Кабінет доктара Калігары”.
...Аднапавярховы будынак з паўкруглымі аркамі, у якія ўстаўленыя звычайныя прастакутныя шыбы, абкладзеныя цэглай. Гасцям выдалі марлевыя павязкі, халаты, пальчаткі, бахілы... Але гэтыя вартыя жалю латы не ратавалі ад жаху: праз адчыненыя дзверы невыносна смярдзела саладкаватым пахам гніення. З электрычнасцю ў корпусе былі перабоі. Твар чалавека, выхаплены з цемры промнем ліхтара, мала нагадваў чалавечы. Вочы выцеклі, нос выгніў.
- І ноччу спакою няма... Як басмачоў біць - дык таварыш Ракуць давай... Біў басмачоў, біў клятых... І яны мяне праклялі... Вузкавокія...
Голас гучаў так гугнява, што з цяжкасцю разбіраліся словы.
- Праказа... Гэта невылечна, - шапнула загадчыца шпіталя. - Мы ўсе, што даглядаем пракажоных, да канца не ведаем, ці не заразіліся.
У глыбіні палаты на ложках яшчэ некалькі постацяў, ухутаных у коўдры.
- І тыя таксама? - здушана пытаецца лейтэнант, для чагосьці сціскаючы рукой у пальчатцы рэвальвер.
- Гэта лепразорый, таварыш Нашчадны. Тут не начуюць здаровыя.
Далей ганку спецатрадаўцы не зайшлі. Усё-ткі магчымасць заразіцца смяротнай хваробай абуджае нават у самых смелых ці чэрствых той пракаветны страх, з якім немагчыма зладзіць, які часам змушае да ганебнага.
Іншы будынак. Цьмянае святло электрычнай лямпачкі б’е па вачах - у каго яны ёсць... Бязногія, бязрукія людзі варочаюцца, як вусені, лаюцца, што пабудзілі... Ідыёт са слінявай шырокай усмешкай, з прыплюснутым чэрапам кульгае, як вялізны павук, у якога абарвалі некалькі ног, мармыча:
- Хар-рошыя! Вы хар-рошыя! Яначка вас любіць!
І не разумее, чаму госці не хочуць з ім абдымацца.
Наступны пункт... Чалавек, спрэс пакрыты нарастам колеру гною, нават адно вока цалкам схавалася... Санітарка з юлёвай паловай твару, падобнай да сырога мяса...
Новае кола пекла. Высокі худы медбрат таксама ў марлевай павязцы:
- Тут корпус сухотнікаў, ва ўсіх вострая форма...
І страшны надрывісты кашаль у палаце... Такі, што мімаволі прыслухоўваешся да сябе, ці не пасялілася ў тваіх уласных грудзях лічынка, якая разрасцецца і змусіць выплюнуць згнілыя лёгкія шматок за шматком?
- Прапаную завершыць праверку раніцай... - мармыча ўзмакрэлы лейтэнант. - Паставім варту па перыметры, ніхто не ўцячэ. Як думаеце, таварыш маёр?
Самусь, які пляцецца апошнім і не заходзіць у страшныя палаты далей ганку, нешта згоднае мармыча. Ястрабкі з палёгкай уздыхаюць і бегма кідаюцца на вуліцу, прыгнечана маўклівыя. Адзін, адышоўшыся да светлай плямы пад ліхтаром, дастае біклажку, прагна адсёрбвае, а далей пачынае нязграбна паліваць змесцівам свае рукі.
- Ліні і мне трохі... - здушаным голасам кажа другі, зусім юнак, у акулярах, і падстаўляе далоні пад празрысты струменьчык, ад якога пахне спіртам.
- Ад праказы гэта не дапаможа, і ад ваўчанкі таксама, - абыякавым голасам заўважае загадчыца, застаецца гадаць, ці хаваецца пад гэтай абыякавасцю помслівая насмешка. І Нашчадны, відаць, саромеючыся праяўленай імі слабасці духа, злосна камандуе ісці на начлег. Няхай медперсанал размяркуе вольныя койкі. Апалчэнцы, змрочна азіраючыся, заяўляюць, як адзін, што будуць спаць у грузавіку. Усё роўна камусь трэба быць у нарадзе, так што якраз змесцяцца. Лейтэнанту прапанавалі месца ў ардынатарскай. Але ён таксама прабуркатаў пра грузавік, што камандзір мусіць быць са сваймі байцамі.
- Ну а вы, таварыш Самусь, напэўна, з жонкай пераначуеце? - неяк знарочыста абыякава папытаўся Нашчадны. Пасля некаторай паўзы Яўгенія кіўнула:
- Так, пайшлі, Рыгор. У мяне ёсць яшчэ адна кушэтка.