Загадчыцу бальніцы і яе намесніка адправілі самымі першымі. На жалезным кузаве перавозкі красаваўся надпіс “Хлеб”. Акрамя жывых, у машыне былі мёртвыя. Два ўхутаныя ў брызент целы лясных братоў, з якімі ястрабкі прыехалі ў Апошні Прытулак, здавалася, вечнасць таму. Ад цёмных скруткаў яшчэ слаба, але сыходзіў пах распаду плоці, саладкавата- атрутны. Праз шчыліны кузава прабівалася святло, нібыта неба вінавата падглядала за няўдала прыдуманымі лёсамі. Машыну трэсла на карэннях і калюжынах лясной дарогі. Двое, што сядзелі, прыхінуўшыся да борта, за якім была кабіна, матляліся, як лялькі. Мужчына асцярожна накрыў даланёй руку спадарожніцы на дарозе ў чарговае пекла. Нейкі час маўчалі.
- Люцыян Станіслававіч, цяпер вы дакранаецеся да мяне... у тым самым сэнсе? - прашаптала жанчына. Пасля нязграбнай паўзы мужчына выціснуў прызнанне:
- Так.
І таропка дадаў, перарваўшы дотык:
- Можа, вам брыдка...
Але яна ціха засмяялася, павярнулася, закінула руку яму на шыю і адшукала вуснамі ягоныя сухія, няўмелыя вусны...
Праз некалькі імгненняў ён адхінуўся.
- Навошта вы... Вы ж кахаеце Рыгора...
Яўгенія ўздыхнула і мімаволі памацала сваю шчаку, на якой красаваўся пластыр.
- Я не думала, што выйдзе так... А ўчора сустрэліся... І адчула - перагарэла ўсё. Сышло, мабыць, з крывёй. З ненароджаным дзіцем. А вы?
- Што - я? - Корвус насцярожыўся, бы яшчарка, на якую ўпаў цень ад дзіцячай далонькі.
- Наконт сталёвага забрала вашага шлема... Вы яго трохі прыўзнялі?
Люцыян быццам закамянеў.
- Я ніколі не забудуся на...
- Гэтага і не патрэбна! - даланя жанчыны слізнула па ягонай шыі, пагладзіла шорсткія валасы патыліцы, і мужчына міжволі закінуў галаву ад задавальнення. - Мы павінны памятаць дарагіх людзей. Нават калі гэта прыносіць боль.
- Але болю бывае занадта шмат... - глуха прагаварыў Корвус. - Каб мне далі палячыць вашага мужа, паэксперыментаваць... Ведаеце, Саламон Міхайлавіч пачаў перакладаць для мяне сшытак Жыгімонта Корвус - Дзякловіча, уяўляеце сабе - напісаны на прыдуманай мове! Дарэчы, гэта сапраўды мой продак, як вы намякалі. Там пра рэдкія расліны, у тым ліку - магрэтку, “чырвонага дракона”. Ягоныя рэчывы працуюць на ўзроўні рэгенерацыі клетак...
- Цікава назіраць за фанатыкамі, - іранічна прагаварыла жанчына. - Вы нават забыліся, куды і навошта нас вязуць. Наўрад нам па прыездзе прадаставяць лабараторыю... Хіба што мы будзем у якасці лабараторных мышак.
- Прабачце... - Корвус сціснуў тонкую руку былой вучаніцы. - Я... пастараюся... хаця б на кроплю палегчыць ваш лёс. Вы нічога не ведалі. Я вас падманваў. Прымушаў.
- Не спрацуе, - горка засмяялася жанчына. - Мне расказвала адна пацыентка... Яна да вайны патрапіла ў НКУС за тое, што муж чытаў студэнтам Гумілёва. Зняволеную змусілі прасядзець на краёчку крэсла трое сутак. Потым яна, інтэлігентная жанчына, ідэалістка, гатовая загінуць за справядлівасць, падпісала ўсё ва ўпэўненасці, што тым ратуе бязвінных людзей, бярэ правіну на сябе. Арыштавалі яшчэ тры дзясяткі чалавек.
- Не вер, не бойся, не прасі... - прамармытаў Корвус. - Так казаў мой сусед па камеры, у трыццаць сёмым.
- Давайце лепш, Магістр... Каб было што светлага памятаць...
Яўгенія зноў пацягнулася да яго, але Корвус затрымаў яе, схапіўшы за тонкія запясці.
- Нават цяпер, ад жудасці, не варта гуляцца ў такія гульні, Жэня. Побач нябожчыкі, я нашмат старэйшы за вас, я ваш былы настаўнік...
- І нядаўна вы ўсю ноч, як верны паладын, прастаялі ў кустах, гледзячы на маё акно, калі я прывяла да сябе Рыгора.
У голасе была лёгкая насмешка і... падалося, ці не? - пяшчота.
- Я проста... - у прыцемку не было відно, але Яўгенія з задавальненнем паназірала б, як шаноўны неўрапатолаг чырванее.
- Вы проста хацелі ўпэўніцца, што са мной усё ў парадку, - падказваючы нейтральны адказ, прагаварыла яна, як да малога дзіцяці. Але мужчына не мог прыняць гульню.
- Ты разумеет, што ў хуткім часе мы будзем бачыцца хіба што на допытах, дзе нас змусяць тапіць адно аднога? Будуць збіваць нас на вачах адно аднаго? А потым - потым... у лепшым выпадку лагер. Для прыгожай жанчыны гэта...
Грузавік моцна падскочыў на чарговай карчажыне, мерцвякі заварушыліся, а жывыя, каб не паваліцца, ухапіліся адно за аднаго.
- Паабяцай, што, калі выжывеш, знойдзеш мяне! - прашаптала яна ціха.
- Абяцаю... - прашаптаў у адказ ён і сам крануў яе вусны сваімі... А праз незлічоныя імгненні вымавіў, задыхаючыся, з сумным гумарам:
- Спраўджваем анекдоты наконт прафесійнага цынізму дактароў, якія снедаюць у моргу і прызначаюць спатканні ў празектарскай?
Пальцы Яўгеніі заблыталіся ў валасах Магістра.
- Мы ў адным крузе пекла з нашымі нерухомымі спадарожнікамі. Цынізм тут не выжывае. І калі нам застаецца толькі гэтая лапінка прасторы і гэтыя хвіліны для апошняга чалавечага шчасця - хто нас асудзіць?
Машына з надпісам “Хлеб” на кузаве вырульвала на асфальтавы бальшак. Дрэвы паабапал, таўшчэзныя ліпы, пасаджаныя калісь у гонар прыезду расейскай імператрыцы Кацярыны, былі нядаўна спілаваныя.