Першыя гады знаёмыя дамы ўсё распытвалі, чым трымаю Сяргея: не піток, па жанчынах не хадок, і іншае, і іншае… Мужчыны ж меркавалі, што ведаюць, у чым сакрэт: «Ды вы на яе самую паглядзіце! Трэба быць дурнем, каб бегаць ад такой жанчыны!» Але ісціна, мне здаецца, была ў іншым: Сяргей ішоў угору, ішоў імкліва і настойліва, і дзеля гэтага «ўгору» ахвяраваў бы ўсімі жанчынамі свету… Мною ахвяроўваць было не трэба: я была якраз той самы «антураж», які адзіна і мог падысці прыстойнаму (проста да жаху прыстойнаму, я б сказала) ягонаму сямейнаму жыццю.
Няўжо ён усё разлічыў, перш чым падысці да мяне на студыі тэлебачання, там, на Шабалаўцы, у Маскве? Марыя мне гаварыла пасля, што ў яе ён наводзіў даведкі і пачаў так: «Хто тая шыкоўная дзяўчына ў куце, якая не падымае вачэй на прысутных, а трэцюю гадзіну запар сядзіць пад лістом паперы і толькі глядзіць на яго?» Марыя — з тых добрых душ, якія не робяць сакрэтаў з таямніц сваіх бліжніх ні для каго, і таму яна аказала давер навічку-стажору: за пяць хвілін пераказала ўсе асноўныя этапы майго жыцця, і першае, з чаго яна, канешне ж, пачала, быў рамантычны флёр: «У яе тры гады таму назад разбіўся жаніх».
Тры гады вернасці загінуўшаму жаніху — гэта, канешне, аргумент, які ў тыя гады надаваў мне залатое ззянне німбу над галавой. Дый мамачка не давала мне ісці на дно: яна пільна сачыла, каб я не выйшла з дому ў адной камбінацыі або не выпіла замест вады стакан воцатнай эсенцыі. Яна апранала мяне ў такое ж шыкоўнае шмаццё, што і раней, да яе замежнай паездкі, у час якой ад усяго гардэробу засталася толькі спадніца і кофтачка, што былі на мне, і то толькі таму, што без іх мяне не пусцілі б на заняткі.
Мамачка прыехала ўжо тады, калі ад Юркі застаўся толькі попел — жменька попелу, якую выдалі ў простай драўлянай шкатулцы ягонай цётцы. На адваротным баку шкатулкі быў прылеплены нумар і прозвішча, і калі я ўзяла яе ў рукі, ледзь не выпусціла — каробка пахла тым самым канцылярскім клеем, якім пахла Юркава рука са смешным пярсцёнкам там, у кафэ «Нерынга», калі я так хацела пацалаваць і руку, і пярсцёнак, ды пасаромелася таго жадання… На абшарпанай зялёнай лавачцы, дзе мы селі ўдзвюх з цёткай і куды яна асцярожна паставіла шкатулку (адчувалася, што яна не ведае, як трымаць яе і што з ёй рабіць), я сказала, засмяяўшыся: «А можа, варта развеяць попел па ветры, таму што яшчэ невядома, ці ягоны гэта попел, гэтая жменька?!» Цётка, жахнуўшыся, утаропілася на мяне пачырванелымі старэчымі вачыма, а са мной тварылася нешта дзікае: несліся, круціліся ў свядомасці дзень за днём, хвіліна за хвілінай, і кожная з іх крычала і папракала мяне нясказаным добрым словам, асцярожнасцю, бояззю… Вось Хіва — прапалепая сонцам гліна мячэці, і востры пах райхану, і прахалода блакітных узорных кафляў,— а мы з Юркам спрачаемся.
— У нас жа білеты на заўтра. Яшчэ трэба дабірацца да Ташкента!
— Паспеем, гэта я табе кажу! Няўжо ты мне не верыш? Як жа мы паедзем дадому без Самарканда? Я дам тэлеграму… цётцы!
— Мы і так яе абабралі! (Голас у мяне робіцца нейкім істэрычным, дзяўчаты, што праходзяць міма гаманлівай чародкай, змаўкаюць і косяцца ў наш бок.) Паспеем яшчэ ў Самарканд! За жыццё яшчэ сто разоў там будзем! I дзе мы возьмем трыццаць рублёў на білеты?!
У Юркі перайначваецца твар, ён хітры і даверлівы. Ён выхоплівае з сумкі адзінае, што там знаходзіцца, апроч тэрмаса: новенькую махеравую кофту, крык моды, якім толькі што азвалася з-за мяжы мама (дзевяноста рублёў), і ўжо бяжыць з ёю за дзяўчатамі:
— Дзяўчаты, карыстайцеся выпадкам! Трыццаць рублёў — і ўся Хіва будзе ля ног уладальніцы!
Я скамянела гляджу, як нейкі таўстун перабягае дарогу і, адной рукой учапіўшыся ў пушысты ружовы махер, пачынае таропка адлічваць другой грошы, відавочна баючыся, каб Юрка не перадумаў. Я гляджу — а пасля плачу і кідаю ў худы, чорны твар свайго каханага ўсё, што можа падказаць распаленая сонцам і шкадаваннем фантазія:
— Авантурыст! Прахадзімец! Забыўся на сукенку і яшчэ японскі ліфчык — можа, таксама прапануеш, гэта ж таксама дэфіцыт?!
Юрка моўчкі цягне мяне ў бок аўтавакзала — за білетамі, але пры апошніх словах ён ажыўляецца, у стомленых сонцам зрэнках скачуць чарцяняты:
— А што?! На д'ябла табе ліфчык?
…Цётчыны рукі дрыжалі, яна працягнула іх да шкатулкі — да попелу, да жменькі попелу, што застаўся ад Юркавай усмешкі, ад яго касалапай, нейкай развінчанай паходкі, ад кашачых, доўгіх, чуйных пальцаў, ад тоненькага рубчыка, які пакінула на жоўтай ягонай шыі аперацыя горла! Ад хрыплаватага голасу, якім ён іграў у маёй душы, як на паслухмянай скрыпцы! Ад чорных пазногцяў, якія ён грыз, калі нешта абдумваў! Жменька попелу! Позна апраўдвацца за злыя словы, я не змяню той поўхі ў Хіве, я не ў сілах перайначыць ніводнай хвіліны!
— Адкуль вы ведаеце, што нам падсунулі ў гэтай скрыначцы?! I навошта мне — гэта?!