Читаем Прарок для Айчыны полностью

VII

Кракаў. Гаштольд і Жыгімонт прагульваюцца па прасцэніуму.


Гаштольд. Ваша вялікасць, мы не можам не лічыцца з доктарам Скарынай. Яго непараўнальны розум, дасведчанасць, глыбокія веды ў многіх навуках, яго працаздольнасць і працавітасць на карысць сваёй дзяржавы і свайго народа, нарэшце, яго…

Жыгімонт (перахоплівае). …яго упартасць…

Гаштольд. I яго ўпартасць. Яна робіць яму гонар, але можа каштаваць і жыцця… I тут у вас, у Польшчы, і там у нас, у Вялікім княстве…

Жыгімонт. Што вы яшчэ ад мяне хочаце?..

Гаштольд. Доктар Скарына другі ў Еўропе, пасля чэхаў, пераклаў Біблію на мову свайго народа і надрукаваў яе. Гэта падзея незвычайная, гістарычная падзея! Ад яе нельга адлучыць Скарыну, між іншым, як і ад Статута Вялікага княства, у які ён уклаў і сваю душу і свой розум. Друкарня Скарыны ў Вільні, працу ў якой ён прыпыніў, бо быў заняты Статутам, магла б пакласці пачатак…

Жыгімонт (вельмі агрэсіўна). Я не дазволю друкаваць ерэтычныя кнігі на тэрыторыі (падкрэслена) майго каралеўства!

Гаштольд. Скарына мяркуе надрукаваць толькі каралеўскі Статут…

Жыгімонт (крыху мякчэй). Я не магу адмяніць папскія эдыкты на забарону друкавання ўсіх кніг, акрамя богаслужэбных лацінскіх. I вы добра ведаеце, як гэтаму ўзрадаваўся біскуп Ян.

Гаштольд. Я яшчэ ведаю і тое, як ваша вялікасць настойліва вывучала і прыстойна ведае беларускую мову. Біскуп Ян мог бы ў гэтай справе пайсці за бацькам…

Жыгімонт (амаль па-свойску). Ён, як і я, баіцца каралевы і не хоча сварыцца з рымскай курыяй. А дакладней, ён падае сябе большым католікам, чым сам Папа Рымскі, толькі дзеля таго, каб насаліць каралеве. Любасць у іх узаемная і глыбокая.

Гаштольд. I ўсё ж я не думаю, што вы лічыце за лепшае пасварыцца з праваслаўнымі князямі Вялікага княства Літоўскага. А сярод іх нямала міласнікаў асветы і друкаванай кнігі на роднай мове. Возьмем хоць гетмана Канстанціна Астрожскага, хоць князёў Алелькавічаў. Адзін Юрый Слуцкі чаго варты ды і іншыя…

Жыгімонт (злуецца). У вас, канцлер, дурная звычка палохаць.

Гаштольд (аж хрысціцца). Даруйце! Я толькі хацеў папярэдзіць вашу вялікасць, што доктара Скарыну з яго яснай галавою, добрым сэрцам і ўмелымі рукамі можа прыбраць Масковія, як прыбрала ўжо многіх нашых майстроў і мастакоў, што аздобілі іх храмы на зайздрасць усяму свету.

Доктар Скарына паказаў сваю здольнасць не толькі ў перакладзе богаслужэбных кніг на беларускую мову, але і надрукаваў Апостала на царкоўнаславянскай. Гэта якраз тое, чаго яшчэ не было на Маскве. Князі Алелькавічы ў хаўрусе з іншымі вам жа на шкоду могуць дапамагчы і доктару Скарыне і Маскве ўмацаваць і без таго магутнае праваслаўе.

Жыгімонт (занепакоена). Яны не пасмеюць гэтага зрабіць…

Гаштольд. Пасмеюць. Запэўніваю вас, што пасмеюць, як пасмелі некалі пасля смерці караля Аляксандра ўзвесці вашу вялікасць на велікакняскі прастол нават не параіўшыся з польскімі магнатамі. I вы ведаеце, што ім нічога не заставалася, як абраць вашу вялікасць каралём Польшчы.

Жыгімонт (з прыкрасцю). Ну пры чым тут гэта?

Гаштольд. Толькі пры тым, што нашы князі, і праваслаўныя і католікі, вельмі лёгка дагаварваюцца, калі бачаць, што могуць зрабіць вам прыкрасць, а то і шкоду. А доктар Скарына са сваёй справаю — якраз той выпадак. I я вельмі баюся, каб вялікі князь маскоўскі Васілій III не пасмяяўся з караля польскага Жыгімонта I. А ведаючы схільнасці і характар доктара Скарыны, я маю смеласць запэўніць вас у магчымасці такога смеху.

Жыгімонт. I тым не менш я не магу лютэраніну, а яшчэ горш, схізматыку Скарыне дазволіць друкаваць свае ерэтычныя кнігі ні ў каралеўстве, ні ў Вялікім княстве… Пакуль што я яшчэ кароль! I баста, як кажа каралева.

Гаштольд. Відаць, ваша вялікасць хоча, каб лютэранства бесперашкодна паўзло да нас не толькі з Захаду, але і з Усходу.

Жыгімонт. Гэта не падыходзіць нам тым больш! Гэта было б яшчэ больш небяспечна!

Гаштольд. Мушу супакоіць вашу вялікасць і з усёй адказнасцю запэўніць, што доктар Скарына не толькі не прыхільнік лютэранства, а, наадварот, яго перакананы супраціўнік. Лютэранінам жа Скарыну зрабіла папская курыя, каб пашкодзіць яго асветніцкай дзейнасці. Падтрымкай папскіх эдыктаў супраць друкарскай справы вы дамагліся таго, што доктар Скарына фактычна спыніў у Вільні сваю выдавецкую справу. I зараз яму губляць няма чаго. З’едзе хоць у Маскву, хоць зноў у Прагу. А там ведаюць цану друкаванай кнізе. А як многа доктар мог бы зрабіць на карысць умацавання саюза княства з каралеўствам! Іх незалежнасці, як ад Захаду, так і ад Усходу…

Жыгімонт (зморана). Вы, канцлер, майстра пераконваць. I за гэта я вас люблю. Але і вам ці варта было так хутка кідацца на выкананне тых папскіх эдыктаў…

Перейти на страницу:

Похожие книги