– А толькі і сказаў, што яму ўсё адно, дзе гэты вырадак, а я яму і кажу, што не прагоніце ж вы свайго родзіча во так проста ў свет у адных лахманах, што на ім, ёсць жа ў яго і яшчэ якая апранаха… Кажу я яму… Што ж… Кажу… Я задарма яго трымаць не буду… А за адзін дзень я яго нікуды не падзену, а калі ёсць што ў яго, дык я вазьму і прынясу яму… Я ж яшчэ…
Гэтая балбатня крыху супакоіла Юсі. Ён зразумеў, што Мійна хадзіла да Туарылы. Усе ягоныя турботы зніклі. Хлопец супакоіўся, бо вопратку яна прынесла, а пра выхадку з гайкамі нічога не сказала. Кустаа ж моўчкі еў.
– А грошай Туарыла не даў? – зноў спытаў Ійсакі.
Юсі хоць і ляжаў з заплюшчанымі вачыма, усё ж адчуў, як Мійна зірнула ў ягоны бок, а потым толькі адказала яшчэ больш ціхім голасам:
– А я потым сказала гаспадару, што добра было б даць яму яшчэ і крыху грошай… А ён адказаў, што няхай Юсі сам прыйдзе за сваім заробкам… А я яму і кажу, што не прыйдзе гэты хлопец сам… А тады гаспадыня выйшла і прынесла дваццаць марак, толькі вы яму аб гэтым ні слова…
Мійна кіўнула галавой у бок ложка, дзе «спаў» Юсі, і працягвала ўжо даволі гучна:
– Гэта ж трэба: узяць і адкруціць дзясятак гаек з колаў у вазках… І прыйшло ж яму такое ў галаву! Заўсёды быў ціхі-ціхі, а тут такое!.. Хто б падумаў! А ты, сынку, быў там учора? Глядзі, калі толькі надумаеш такое, дык я табе…
– Ды не адкручваў я ніякіх гаек, – прабурчаў Кустаа.
Тут Юсі пачаў пацягвацца, чмокаць і варочацца, робячы выгляд, нібы толькі што прачнуўся. Мійна паглядзела на яго і напусціла на сябе такі выгляд, нібы нічога такога і не расказвала.
– Ага, і майстра па гайках ачухаўся!
Выпадкова падслуханы расповед Мійны толькі яшчэ больш умацаваў пачуццё непрыязі да гэтых людзей. Нягледзечы ні на што, сем гадоў, пражытых у Туарыле, шмат чаму навучылі яго. Гэта былі бедныя, але няшчырыя і падступныя людзі. Кустаа таксама стаў яму чужым, ды і відаць было, што ён зусім не рады прыходу сябра. Каб толькі можна было пайсці куды-небудзь! Але ж у Мійны тыя дваццаць марак ад Туарылы.
Юсі далі кавы, потым у адзіноце ён павячэраў. Больш за суткі ён нічога не еў, але кавалак не лез яму ў горла. Спаць яго паклалі на лаве пад акном. Лава была мулкая і вузкая, і лепей было не раздзявацца на ноч. Ён праспаў цэлы дзень, але адчуваў сябе такім стомленым, што адразу ж заснуў на гэтым няўтульным ложку. Уначы Юсі зваліўся з лаўкі і доўга не мог заснуць. Ён глядзеў праз акно на цёмнае асенняе неба, прыслухоўваўся да дыхання іншых, і дыханне гэтае падавалася яму чужым і варожым. І толькі за гэтыя бяссонныя гадзіны ён усвядоміў, што ж з ім напраўду адбылося.
Хаціна Тойвала стаяла ў глухіх нетрах таго самага лесу, які так удала прадаў гаспадар Туарыла. Лесапавал меўся пачацца перад Калядамі. У хаціне Тойвала з нецярпеннем чакалі пачатку, бо праца на павале абяцала даць заробак і ўнесці хоць якія змены ў аднастайнае жыццё. Толькі Мійна ўпотай смуткавала, што яна занадта старая… Во хоць бы крыху была маладзейшаю… Але яна яшчэ пакажа сябе!
Юсі пакуль што дазволілі застацца ў хаце. У двары будавалі новы дом, дах і печ былі ўжо гатовыя, не было толькі вокнаў і падлогі; тут Юсева дапамога магла стацца вельмі нават прыдатнай, бо Ійсакі намерваўся да восені закончыць будоўлю. Велягурыстая Мійна дала зразумець, што такая дробязь не апраўдвае выдаткі на ягонае ўтрыманне, але яна згодная карміць няшчаснага хлочыка пад будучы заробак: гэта значыць, што за ўсё ён павінен будзе заплаціць з першых жа атрыманых грошай. Юсі слухаў яе і тужыў, гнятлівая туга не пакідала яго нават уначы.
У дзень пакаяння і малітвы, пасля нядзельнага набажэнства, у жыцці Тойвалы адбылася рэзкая змена. За нейкую пару гадзін у хату заявіліся ці не пяць дзясяткаў чалавек з піламі, сякерамі і поўнымі кошыкамі харчоў. На двары стаяў шматгалосы гармідар: там размяшчалі паўтара дзясятка коней і цяжка нагружаных саней. Чулася чужая нетутэйшая гаворка, з дарогі скідвалі рознае смецце і ламачча. Старэйшы сплаўшчык, дужы прыземісты мужчына, увайшоў у хату і з парога загарланіў так, што нават маўклівы гаспадар здрыгануўся і нешта забурчаў.
– Ну, матуля, кава грэецца, чым гасцей частаваць будзеш?!!
– Не прыпомню, каб я на сёння нейкіх гасцей запрашала! – адгукнулася Мійна так жвава, нібы і праўда скінула гадкоў дваццаць.
– Незапрошаныя госці і ёсць самыя лепшыя.
Увечары Тойвалу было не пазнаць. Хоць Мійна сустрэла «гасцей» вельмі непрыветна, тыя не звярнулі на яе ніякай увагі. Яна проста згубілася ў вялікім натоўпе прыхадняў, а яе бясконцую балбатню, якую раней немагчыма было спыніць, ніхто і не слухаў. Мясцовых звычак ніхто не браў пад увагу. Дзіўна было слухаць, як прышлыя сплаўшчыкі гучна крычалі «татуля!», звяртаючыся да рахманага маўклівага старога гаспадара, з якім раней ніхто не размаўляў. Калі ўвечары Мійна пачала з падазронасцю правяраць свае сховы ў закутках, ёй сказалі, што зладзеяў у арцелі няма, а калі б такія і выявіліся, дык неадкладна атрымалі б па руках.
Першая ноч была вельмі цяжкая; у хаціну і лазню напхалася безліч народу.
Александр Васильевич Сухово-Кобылин , Александр Николаевич Островский , Жан-Батист Мольер , Коллектив авторов , Педро Кальдерон , Пьер-Огюстен Карон де Бомарше
Драматургия / Проза / Зарубежная классическая проза / Античная литература / Европейская старинная литература / Прочая старинная литература / Древние книги