– Хочаш, сярдуй, хочаш, не, а гэта я дзеля цябе яго вымаліла, – Тоня паднялася на локці: – То ж у гэты час мужык добры – рэдкасць: колькі зараз без гаспадара мучаецца. Праклятая вайна, і скончылася, і няма пасля яе жыцця. Колькім жанчынам на самоце свой век дажываць. Тут бы хоць крывы, хоць касы, але каб быў. А пра каханне ўжо і маўчу. І ты маўчы. Пакуль маўчы, не тое сурочаць.
Сон зрабіў галаву цяжкой, і моцы хапіла, каб толькі прашаптаць:
– Дзякуй, Тонечка.
Разбудзіла яе Алена:
– Марыля, прачынайся. Чуеш?
Марыля чула толькі, як сапе на печцы Тоня.
– Мо клічуць кагосьці. Ці не мяне?
Удалечыні, сапраўды, зваў голас: «Аліна»! Ці «Алена»? Алена накінула на плечы паліто і падалася да дзвярэй. Марыля схапіла яе за руку і ціха, каб не разбудзіць Тоню, папрасіла:
– Не хадзіце, Аленачка. Там нешта дрэннае.
– Не кажы дурное, шукаюць чалавека. Чаму яшчэ пасярод ночы гукаць?
І Алена, засунуўшы босыя ногі ў боты, рушыла на ганак.
– Тут я!
Марыля выбегла следам і ўбачыла побач са сваёй хатай светлую постаць. Месяц якраз выглянуў з-за хмар і асвяціў яе твар, такі белы, якога не бывае ў жывой істоты. Бы мукой пасыпаны. Доўгія, чорныя, як гнілая восеньская трава, валасы. Ці як водарасці.
– Яны да мяне ўчора прыходзілі. Вокны біць. Таму я сёння да вас папрасілася, – Марыля трымцела ад холаду.
– Яны? Не толькі гэтая?
Там, удалечыні, постаць глядзела на іх яшчэ некалькі імгненняў, а пасля засмяялася, памахала рукой і растала ў цемры, разам з месяцам.
І твар Алены стаў сур’ёзны:
– Вокны, кажаш? А чаго мяне клікалі?
– Яны, увогуле, розныя імёны крычалі.
– Замкні дзверы. Я ведаю, як гэта, калі цябе цкуюць. Калі людзі збіваюцца ў зграю, каб загнаць слабейшага. Вой, як ім тады весела! Калі цкуюць адно аднаго жывёлы, яны не вяселяцца, а гэтыя дык рагочуць.
– То вы лічыце, што гэта людзі?
– Ты пра што?
– На двары паўсюль была рыбная луска. Шмат, як снегу.
Ляснула засаўка на дзвярах, і стала спакайней. Так яны і сядзелі, слухаючы мерны, бы шоргат хваль, подых Тоні. Вось яна крыху застагнала ў сне, але адразу супакоілася.
Месяц то з’яўляўся з-за хмар, і тады Марыля бачыла стомленыя Аленіны вочы, вакол якіх, як ніткі, бязладна былі раскіданыя зморшчыны; то знікаў, і тады знікалі і зморшчыны – заставаліся толькі чорныя, поўныя тугі вочы. Але вось яны памякчэлі, сталі абыякавымі і оп – заплюшчыліся. Алена ператварылася ў старую, бездапаможную жанчыну, якой толькі сон даваў забыццё.
Марыля сачыла, як яна дыхае, так, як сачыла калісьці за маці. І чамусьці дрэннае прадчуванне сціснула сэрца: захацелася абняць, пабудзіць, вярнуць да жыцця. Яна асцярожна пагладзіла плячо: «Аленачка, прачніцеся і кладзіцеся на лаву». І з палёгкай пабачыла, як тая расплюшчыла вочы, павяртаючыся ў гэты свет. Твар яе ізноў стаў засяроджаны і напружаны, нібыта цемра ёй нешта гаварыла і яе нельга было не выслухаць. Алена павярнула галаву да акна і аднымі вуснамі прамовіла:
– Чуеш, рагочуць?
І адразу данеслася працяглае:
– Дан-у-у-у-та!
І аб шыбу грукнуўся каменьчык. І імёны застукалі зноў:
– Машка!
– Надзейка!
– Яніна!
– Стаська!
– Лізаве-е-е-та!
– Хрысціна!
– Волечка!
Марыля кінулася да Тоні, бо тая заварочалася, прачнуўшыся:
– Дзетачкі, што ж такое дзеецца?
Марылю трэсла, але яна спрабавала супакоіць старую:
– Гэта нічога, нічога, жартуе нехта.
Тоня з хвіліну ляжала, прыгаломшаная, а пасля нешта ўзгадала, войкнула і скацілася да куфра:
– А, гадаўкі, пачакайце, зараз вы ў мяне атрымаеце! Алена сядзела ля сцяны, абняўшы калені. Раз-пораз каменьчыкі дзынькалі аб сцёклы, і тады Алена ўздрыгвала, як быццам бы яны траплялі ў яе.
– Рытка!
– Анэля!
– Ірынка!
– Але-е-е-еська!
Тоня корпалася ў куфры, нешта мармычучы, а Марыля не ведала, бегчы ёй да адной ці да другой, і вінаваціла сябе за тое, што праз яе выпала столькі непрыемнасцяў. Але ў галаве праносілася: як добра, што яна зараз не адна.
І тут галасы сціхлі. І тая, напэўна ж, галоўная, крыкнула:
– Ведаем, што ты там! Мы цябе пазналі, адшукалі цябе! Не хавайся ад нас, дурненькая! Мы забяром цябе, рана ці позна! Хадзем, хадзем з намі, сястрычка! Хадзем хутчэй да шчасця!
І іншыя галасы далучыліся да яе, утварыўшы жудасны хор:
– Хадзем!
– Хадзем!
– Хадзем!
Побач з крыжыкам прабегла Тоня – Марыля не паспела яе затрымаць, як яна кінулася за дзвярэй:
– Зараз, зараз вы ў мяне пакрычыце!
Яна тарганула дзверы – з таго боку іх моцна нешта трымала. Памкнулася да акна – і тут шкло разляцелася вострымі вадзянымі пырскамі: на падлогу ўпаў вялізны камень, патрапіўшы якраз на дыван.
Звонку выбухнуў рогат, і зноў, як учора, закрычаў певень, і ўсё сціхла. Марыля наблізілася да акна, спадзеючыся заўважыць, куды яны пабеглі, як раптам белая рука прасунулася ў дзірку і кінула ёй пад ногі штосьці слізкае:
– На, сястрычка, падсілкуйся крывёю! Хутка ў шлях да нас!