Тэчка № 1/17 Расшыфроўка дыктафоннага запісуЗроблена А. ЗагорскімЛіза:Я ўключыла дыктафон, можна? Вось, глядзіце. Гэта каб гук запісваць. Запішу ваш расповед. Каб нічога не згубіць і не пераблытаць. Можа, спатрэбіцца даследчыкам.
Марыля:Навошта?
Ліза:Вы ж будзеце гаварыць пра Кіш. Мо вы апошняя, хто яе ведаў. Калі ласка.
(М(?) паднімаецца. Ліецца вада. Запальваецца пліта.
Ставіцца чайнік.)
Ліза:Вы казалі, як знепрытомнелі ў лесе.
Марыля:Чай будзеш?
(Грыміць чайнік. Разліваецца гарбата. Нехта доўга дзынькае ў кубку лыжкай.)
Марыля:Цёмна ўжо. Я старая, кладуся позна. А ты спаць не хочаш?
Ліза:Не. Калі ласка, раскажыце далей.
Марыля:Што я там казала?
Ліза:Вы знепрытомнелі.
Марыля:Бы ў яму правалілася. Ачомалася – гляджу, ужо ў Тонінай хаце. І Тоня губамі да лба туліцца. Так маці заўжды тулілася, калі я малая была і гарэла. Тоня пабачыла, што я вочы расплюшчыла, і заплакала. І я зноў у яму.
Спрэс чорна было. І ўсё цела гарэла, што абпаленае. Рукі, ногі. Нехта дакранецца – а мяне бы зноў каменем, каменем. Ці лыжку ў рот пхне, а я – назад. Нічога ўва мне не трымалася. Слабенькая была, як тое птушаня.
Алена ў нас шчэ была. Помню, сядзела каля мяне. Не плакала, вочы сухія, але невідушчыя. А пасля знікла. То, значыцца, прыехалі па яе.
У гэтым годзе, чуеш, колькі разоў было: прачынаюся сярод ночы, і быццам бы яна поруч сядзіць. Цяжар на ложку адчуваю. Як думаеш, гэта яна па мяне прыходзіць?
(Маўчанне.)
Ліза:І доўга вы так?
Марыля:Ой, доўга. Пасля мне балець перастала, але падняцца не магла. Толькі ляжала, у акно глядзела. Тоня вакол мяне завіхалася, бедная. Піць давала, зёлкі, узвары. Шаптала. Я ж не ела нічога. Як яна плакала, родненькая. Выйдзе на ганак, каб я не чула, і плача. Ці моліцца. Толькі мне ўсё адно было. Нічога не хацелася, толькі мо спаць. І спала.
Ліза:А Мікіта?
Марыля:Прыходзіў. Усё мне расказваў, як тое было. Як дзевак пабачыў. Закрычаў, а яны па лесе пырснулі, што тыя прусакі. А ён мяне на рукі ўхапіў і да Тоні пабег.
А на Тоню сварыўся. Тлуміць, казаў, яна мне галаву. Што мяне і так пабілі, мазгі ў масла збіліся, а яна яшчэ са сваімі казкамі. Што дзеўкі гэта мяне так павучыць хацелі. Падпільнавалі, на сасну залезлі, сетку кінулі. Тоня не спрачалася, ішла сабе па справах.
А ён тады сядаў побач і зноў расказваў: як бег, як крычаў, як мяне на руках нёс. Я засну, а ён вечарам вернецца і зноў: як бег, як крычаў, як на руках нёс.
Ліза:А Тоня вам казала, што то былі русалкі?
Марыля:Доктара мне прывёў. Той паглядзеў мяне, адвёў іх убок і сказаў, што дрэнь справа. І калі я сама жыць не захачу, то гамон. Яшчэ некалькі дзён пахэкаю, а пасля памру. Яны размаўлялі, каб я не чула, а я ўсё чула. І так мне спакойна стала. Думаю, хутчэй бы толькі.
Тоня тады да мяне вярнулася, усміхаецца, а я па вачах усё бачу. Казала мне, што будзе ўсё добра. Толькі каб ела, і будзе добра. Пра Мікіту казала, які харошы, вунь доктара з горада прывёз. А яшчэ міліцыянера. Па хатах хадзілі, усіх ператрэслі. Толькі не натрэслі нічога.
Яйка варанае давала, малако, тварог. Я пажую тую лыжку і не магу. Птушаня. Ты мо есці хочаш?
Ліза:Не, вы працягвайце.
Марыля:Аднойчы Мікіта прыйшоў, вызваў Тоню на ганак. Шапнуў, чую, нешта, а яна як загалосіць! А ён як закрычыць: «Забараняю! – крычыць. – Забараняю ёй гаварыць!» Пусціў у хату, толькі як супакоілася. «Забараняю, бо ёй нашкодзіць».
Тоня, пакуль ён быў, да мяне і не заходзіла. А як пайшоў, то я адразу да яе: «Тонечка, – кажу, – што ён забараняе?» А яна глядзела-глядзела на мяне ды й не вытрымала. Я ж мо ці не першы раз з ёй загаварыла.
«Аленачка, – кажа, – наша памерла». Гавора, і слёзы бягуць.
(Заплакала. З хвіліну маўчаць.)
Марыля:«Як памерла?» – пытаюся. «Патанула».
(Плач.)
Марыля:А пасля кажа: «Я ўвесь дзень думала, як тое сталася. Твой казаў, што людзі гавораць, што самагубства. До, нацярпелася, працы няма, дываны ніхто не купляе, а ёй на шыі ў сястрэ сядзець. Ды толькі я іншае мяркую».
І зашаптала, чуеш: «Гэта таму, што яна замест цябе адгукнулася. Памятаеш, у тую ноч? Па цябе прыходзілі, а яна на іх покліч выйшла. І мо грэх то вялікі так казаць, даруй мне Божухна, але думаю я, што яна чары на сябе ўзяла. Цябе тыя цягнулі-цягнулі, вунь учапіліся, што я вымаліць дагэтуль не здолела, – гаворыць, – ты ўсе гэтыя дні ў шлях збіралася, а яна замест цябе туды выправілася».
І як яна тое сказала, то і я заплакала.
Ліза:Лягчэй зрабілася?
Марыля:Якое там лягчэй! То злосць з мяне палілася. Плакала я таму, што жыцця людзям няма. Бо колькі ёй трэба было, га? Кавалак хлеба, лава якая ды фарбы. Але і таго для яе на гэтым свеце не знайшлося.
Што яна тут бачыла? Адны кпіны. «Каўрыха!»
«Вар’ятка!» «Валацуга!» Толькі ў яе раю і было, што на дыванах малявала. Дый той раздавала ўсім, сабе ні кавалачка не пакінула.
І на тых злавала. Што клікалі, што спакушалі. Мо каб яна не чула…
Ну, думаю, хер вам, калі так. Абедзвюх не возьмеце. Буду жыць, буду шчаслівая, каб вы перадушыліся.
І папрасіла есці. Тоня малачка прынесла, хлеба ў яго накрышыла. То я есці і пачала. Плакала і ела.
Ліза:А што міліцыянер?
Марыля:А што ён здолее? Мікіта там нешта капашыўся, але я дык ведала, што тое як ветру ў полі шукаць. Прасіў, каб я заяву напісала. Ды я адмовілася. Дурное.
Ліза:А з Аленай Кіш як? Было следства?
Марыля:Не было нічога. Для іх – старая баба памерла, сама ў ваду кінулася. Смерць запісалі, дый усяго следства.
Ліза:А дыван яна вам дамалявала?
Марыля:Дамалявала. На наступны дзень, як я есці пачала, Тоня мне яго прынесла. «Алена, – кажа, – дарабіла і пайшла. Гаварыла, як ты выдужаеш, перадаць табе на пасаг. Твой мех бульбы яна так і не ўзяла». І над ложкам маім павесіла.
Ліза:А дзе ён зараз?
(Рыпіць зэдлік, пасля – падлога. Дзевяць крокаў. Яшчэ нейкае рыпенне (?).)
Марыля:А во!
Ліза:І заўжды тут быў?
Марыля:З таго самага дня яго побач з сабою трымаю. Я, калі тады ляжала, павярнуся на сцяны і гляджу на яго, пакуль цемра вочы не выесць. А на вуліцу і не глядзела.
Тоня казала, што тое ў райскім садзе. То я, бачыш, акно ў рай тады займела.
Ліза:Ільвы?
Марыля:Леў і тыгра. Тоня казала яшчэ, што гэты дыван будзе маім абярэгам. Не ведаю, абярэг ці не, але толькі Альжбэта з нашай вёскі з’ехала. І да мяне больш нічога не чаплялася.
Ліза:І вы з Мікітам засталіся?
Марыля:Шэсцьдзясят два гадочкі разам. І яшчэ во тры паасобку. Але хутка сустрэнемся.
Ён жа мне пра каханне да таго не казаў. А так штодня прыходзіў. То булку прынясе, то ягад сушаных. Сядаў поруч, чытаў мне кнігі. Разумны быў, усё жыццё вучыўся. А як адужала, дык мне кнігі даваў, каб я сама чытала.
Як я зусім акрыяла, то паднялася і на ганак выйшла. Стаю, мяне хістае, гляджу на вёску: і мая, і не мая быццам. І бачу – ён, пасля працы вяртаецца. Тут калені і падагнуліся. Кінуўся Мікіта да мяне ды на рукі падхапіў. І моцна так прыціснуў, як тады, калі ад іх нёс.
«Хопіць, – кажа, – па чужых хатах. Час сваю будаваць. Як цябе зараз, Марыйка, трымаю, дык ніколі больш не адпушчу. Каханне ты маё». Во як у нас было.
Вунь – мы перад вяселлем. А вунь дачушкі нашы. А там, у пенсійным, у мяне ёсць фотакартка з яго магілай. Прыгожы помнік, зграбны. І для мяне месца побач. Я ўжо далёка сама не хаджу, то ўнучка фота зрабіла, я прасіла. А да Алены, як маладая была, штогод наведвалася, прыбірала. А пасля і да Тоні. А да Мікіты не магу часта. Дочкі прыязджаюць, дык прыбіраюць.
Ліза:Зараз ладзяць выставы Кіш. Мо вы б дазволілі, каб і ваш дыван перадалі музею?
Марыля:Ведаеш што, забірай яго ты. Як памру, забірай. А там хоць у музей, а хоць і сабе пакінь. Што глядзіш? Няхай і ў цябе рай пад бокам будзе. Во толькі хлопца б табе знайсці добрага. Як мой Мікіта. Ці ты знайшла?
Канец запісу.