4 чэрвеня 2017 года
«Для развагі: каханне ў творчасці Кіш. Такое самае двухмернае, як і ўсё, што яна малявала. Безперспектывы. І справа нават не ў тэхніцы. Нібыта яна глядзіць на яго праз акно, як у чужую кватэру, куды ніколі не зможа трапіць. І малюе каханне, як пейзажыст – дуб: “з натуры”, а не “з нутра”.
Але што яна магла пра яго ведаць? Усё жыццё самотная.
Ці было яно ў яе, хаця б нешчаслівае?
Хм. Тут іранічна, што я ўзяўся пісаць пра гэта. Што я магу ведаць пра каханне? Што яно разбівае сэрцы? Але я б не хацеў разбіваць сэрца Лізе. Яна гэтага не заслугоўвае. І не вытрымае».
Наста выключыла запіс.
– Што будзеш рабіць?
Ліза сядзела ў фатэлі, абхапіўшы калені рукамі. Перад ёй стаяў пусты кубак, на дне – рэшткі молатай кавы, быццам зямля.
Лізін твар змяніўся. Наста казала сабе, што змяніўся зусім крыху, так, як звычайна змяняецца пасля некалькіх тыдняў разлукі твар чалавека, якога ты звык бачыць кожны дзень. І ёй хацелася хутчэй гэтыя змены змыць, як дарожны пыл, каб твар стаў такім, якім яна яго ведала. Ліза вярнулася новая, іншая, і гэта непакоіла.
Калі дома была кава, яе пілі і ранкам, і, як зараз, замест вячэры. Наста прыгатавала новую порцыю – туркі якраз хапала ім абедзвюм – і адрэзала чорнага хлеба, дастала яблычнае сочыва, што Ліза прывезла з вёскі. Яно было старое, зацукраванае і не выклікала даверу, але акрамя яго нічога не было.
– Я чакала цябе, каб даць паслухаць запіс, каб параіцца, – Ліза глядзела, як Наста намагаецца намазаць сочыва на лусту, моцна прыціскаючы яго лыжкай. – І мне зрабі, калі ласка. Пакуль ты там гойсала па лясах, я сядзела і думала, думала.
– Ты даслала запіс Алесю? Што ён?
– Мяркую, ён не хоча чакаць, пакуль Марыля памрэ. Папрасіў, каб я нічога не рабіла, пакуль ён не прыедзе. Зараз недзе за мяжой.
– То-бок, ты хочаш пакінуць дыван сабе?
– Я не магу. Да таго ж у яе дзве дачкі, гэта іх спадчына. І там хутчэй гаворка пра тое, каб я перадала дыван у музей.
Ліза ўзяла каву і, хаця і не было холадна, пачала грэць рукі аб кубак:
– Навошта мне дыван, у мяне і ўласнага пакоя няма. Ды, увогуле, я не пра тое. Скончыцца гэтая гісторыя, і я не ведаю, што рабіць далей. Паехалі заўтра туды разам? І давай напішам пра знаходку, пра Марылю, пра русалак.
– Ліза, я не магу, у мяне праца.
– Пісаць тое, што ніхто не чытае? Колькі разоў ты сама казала, што стамілася. Што табе патрэбны сюжэт. Вось сюжэт!
– Мо праз тыдзень ці два адпрашуся. Калі гэта не яшчэ адна твая кухонная размова, якая толькі размовай і застанецца, – і дадала, пабачыўшы, як перасмыкнуўся Лізін твар. – Адпрашуся, паедзем утраіх, Юра нас адвязе.
Ліза адпіла кавы, адкусіла хлеб.
Наста ўзгадала пра свой і адкусіла таксама, каб з’явіўся час прыдумаць, што сказаць.
– Ты пісала мне пра русалак, і я чытала сёе-тое з беларускай міфалогіі. Для цябе.
Сочыва было засалодкае, крохкае: у роце распадалася на цвёрдыя крышталікі, якія хрумсцелі на зубах, як пясок. Наста пасмактала шурпаты кавалак яблыка, які быццам бы ўвесь ператварыўся ў цукар, і дадала:
– Ёсць апісанні русалак як прыгожых сумных дзяўчат, якія загінулі праз няшчаснае каханне. Такія, празрыстыя, у вяночках, гушкаюцца на бярозах, як на арэлях. А ёсць, наадварот, паданні пра пачвар, якія могуць забіць, заказытаць, задушыць «жалезнымі цыцкамі». Цікавая дваістасць, як табе? І, дарэчы, у нашых русалак, у адрозненне ад замежных, не было хвастоў. Звычайныя ногі. А ў некаторых цела «пакрытае цвёрдай луской, падобнай на пазногці».
– Калі ласка, не нагадвай мне пра пазногці, – Ліза паднялася і паставіла кубак у ракавіну.
– Прабач. Мо цябе туды так цягне таму, што цябе таксама русалкі клічуць, – Наста паспрабавала пажартаваць, але зразумела, што не атрымалася. – Я, між іншым, згадкі пра такі «покліч» не знайшла.
Ліза нічога не адказала і пайшла ў свой пакой.
Наста яшчэ доўга мыла пліту, прыбірала посуд, працірала пыл у скрынях, каб заняцца чымсьці і не працягваць размову. Скончыла тады, калі пачула, як пстрыкнуў выключальнік у Лізіным пакоі. І, не запальваючы святло, асцярожна праслізнула да сябе.
Навобмацак разаслала ложак, хутка распранулася і схавалася пад коўдру. Было так светла, што можна было разгледзець твары дзяўчыны і хлопца на маляванцы, што вісела над яе ложкам.