Читаем Русалкі клічуць полностью

Наста забылася зашмаргнуць фіранкі, але паднімацца не хацелася, таму ляжала і глядзела на поўню. Такі месяц заўжды яе палохаў: сонца нячысцікаў, пярэваратняў, якое абуджае зданей да жыцця. А яшчэ яно абуджала нешта ў яе душы. У дзяцінстве яна лунаціла: пракіналася сярод ночы і выпраўлялася на шпацыр. Ад нечага збягала, але ад чаго? Кагосьці шукала, але каго? Некуды імкнулася, але куды? Яе звазілі да бабкі – і перастала. З таго часу яна хадзіла толькі днём і толькі туды, куды павінна была хадзіць. Але поўня турбавала па-ранейшаму.

Яна ж не адмовілася, толькі папрасіла пачакаць тыдзень ці два. Чаму ўсё павінна было быць па-Лізінаму? Чаму, калі ў Лізы жыццё неўладкаванае, яно павінна быць неўладкаваным і ў тых, хто побач?

І чаму зараз так паскудна на сэрцы? «Таму, што зноў адмовілася ад магчымасці хаця б штосьці змяніць, таму, што не здатная дзейнічаць, а толькі і магу, што працаваць», – сказала сабе Наста і ўткнулася носам у падушку, каб хутчэй заснуць.

І раптам пачуўся дзіўны гук – за сцяной ці то здзіралі шпалеры, ці то рвалі тканіну.

Наста павярнулася і пабачыла, як з дывана вельмі павольна цягнецца чорная рука: доўгія пальцы мацалі паветра і ледзь не зачапілі яе твар – Наста паспела адскочыць. Рука не сустрэла перашкод і схавалася назад. І з дывана, гэтаксама павольна, высунулася цёмная постаць памерам з чалавека, а за ёй – яшчэ адна.

Гэта са сцяны спусціліся хлопец з дзяўчынай, зразумела Наста. Яны селі на ложак, плячо да пляча, так, як было намалявана там, на дыване. Зарыпелі спружыны, і Наста адчула побач цяжар двух целаў. У тое ж імгненне яе сціснуў холад, і яна не магла больш ні адсунуцца, ні паварушыцца.

– Сёння поўня, – прашаптала дзяўчына і правяла рукою па сваіх срэбных валасах. У месячным святле яна чамусьці здавалася падобнай да Лізы, а хлопец – да Алеся. – Памятаеш, як тады. Як мы хадзілі ля возера, а над ім віселі зоры, нізка, як на нітках.

Хлопец нічога не адказаў, толькі моўчкі пачаў расшпільваць гузікі на яе сукенцы.

– Не, каханы, не спяшайся. Ты і тады спяшаўся. Я ўцякала, а ты даганяў, памятаеш?

Хлопец хітаў галавою, а яго рукі гладзілі яе белы твар, шыю і спускаліся ўсё ніжэй, ніжэй. Дзяўчына злавіла іх, прыціснула да каленяў. Пасля перавяла позірк на Насту, што, знямеўшы, ляжала побач:

– А яна прыгожая. Толькі яшчэ жывая. Пацалуй яе, як мяне тады, памятаеш?

Хлопец спыніўся.

І, крыху памарудзіўшы, паслухмяна павярнуўся да Насты.

На некалькі імгненняў замёр, прымяраючыся, а пасля нахіліўся да яе: Наста пабачыла цёмны, адкрыты для пацалунку рот. Вочы глядзелі ёй у вочы: жоўтыя, бы тое яблычнае сочыва. І гэтыя вочы былі ўсё бліжэй і бліжэй, і янаўжо адчувала яго подых на сваёй шчацэ. І тады з усёй моцы рванулася ўбок – і балюча ляснулася лбом аб сцяну.

Здані зніклі. Пакой з начнога стаў ранішнім: у акно глядзела сонца – як быццам бы яно і было там заўжды, нібыта ночы не існавала.

Галава балела. А ўсярэдзіне свярбела дрэннае прадчуванне, якое там пакінуў начны жах: захацелася пабачыць жывую Лізу, ад нечага засцерагчы, аб нечым папярэдзіць.

«Сон, толькі сон», – паўтарала сабе Наста. Але знянацку дзверы ў яе пакой расчыніліся, і на парозе з’явілася жанчына: старое паліто, сівыя растрапаныя воласы, падціснутыя вусны. І тут Наста не вытрымала і закрычала.

Жанчына падскочыла ад нечаканасці:

– Ціха, ціха, суседзі пачуюць. Чаго вы? Прабачце, калі напалохала, але я казала, што прыйду без папярэджання. Гэта мая хата, і я маю права адчыняць яе ўласным ключом, калі пажадаю. Мне неабходна праверыць, ці ў вас прыбрана, ці не водзіце мужчын. Я гэтага не пацярплю, – і Наста зусім прачнулася.

Гаспадыня, што з’явілася з раптоўнай праверкай, прайшлася па пакоі, паглядзела на жырандолю і незадаволена пахітала галавой. Зірнула на сцяну – і вочы павялічыліся:

– Навошта вы папсавалі шпалеры? Я не давала дазволу! Павесілі нейкую чорную анучу. Ну, самі вінаваты, даражэнькія, паклеіце новыя.

Правяла пальцам па спінцы ложка – ці ёсць пыл. І пайшла на кухню. І адтуль, адкрываючы шуфляды (Наста ўзрадавалася, што ўчора памыла посуд), закрычала:

– Дарэчы, дзе ваша суседка? З ёй таксама хачу пагаварыць, а яе няма.

Наста падхапілася і кінулася ў Лізін пакой. Нікога.

Канапа засланая, заплечніка няма.

– Не начавала дома, я мяркую? У пакоі непрыбрана, джынсы валяюцца, шкарпэткі па падлозе раскіданыя. Пэўна, мужчынскія?

Яна больш не слухала, што бурчэла гаспадыня. Знайшла мабільны, набрала Лізу. «The subscriber is not available now. Please, call back later».

Перейти на страницу:

Похожие книги

Отражения
Отражения

Пятый Крестовый Поход против демонов Бездны окончен. Командор мертва. Но Ланн не из тех, кто привык сдаваться — пусть он человек всего наполовину, упрямства ему всегда хватало на десятерых. И даже если придется истоптать земли тысячи миров, он найдет ее снова, кем бы она ни стала. Но последний проход сквозь Отражения закрылся за спиной, очередной мир превратился в ловушку — такой родной и такой чужой одновременно.Примечания автора:На долю Голариона выпало множество бед, но Мировая Язва стала одной из самых страшных. Портал в Бездну размером с целую страну изрыгал демонов сотню лет и сотню лет эльфы, дварфы, полуорки и люди противостояли им, называя свое отчаянное сопротивление Крестовыми Походами. Пятый Крестовый Поход оказался последним и закончился совсем не так, как защитникам Голариона того хотелось бы… Но это лишь одно Отражение. В бессчетном множестве других все закончилось иначе.

Марина Фурман

Роман, повесть